Вы тут

Музыка Полаччыны ад палачан


Полацкі фальклорны гурт «Варган» прэзентуе дэбютны альбом з музыкай роднай зямлі. У яго ўвайшлі песні і інструментальныя кампазіцыі, якія некалі гучалі на тэрыторыі Полаччыны на працягу гадавога каляндарнага кола. Кружэлка прызначана для аматараў этнічнай музыкі і беларускага фальклору.


«Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны», першы студыйны альбом «Варгана», змяшчае 18 трэкаў, сярод якіх песні, танцы і нават «цярэшкі». У якасці бонусу — запіс купальскай песні ад аўтэнтычнай спявачкі Алімпіяды Міхайлаўны Шчарбаковай з вёскі Шастова Полацкага раёна.

У выкананні «варганцаў» можна пачуць абрадавыя песні, прымеркаваныя да знакавых гадавых свят, а таксама лірычныя — жаночыя ды мужчынскія. Раней песня ішла з чалавекам праз усё жыццё. Песняй сустракалі пры нараджэнні, яна дапамагала ў цяжкай працы і ў нялёгкіх жыццёвых абставінах. На кожным свяце гучалі асобныя песні, унікальныя ў кожным рэгіёне і нават вёсцы. Спявалі ў хаце, у полі, у дарозе.

Вясковы свет не быў глухім і шэрым захалусцем, як і людзі не былі сумнымі і заморанымі рабацягамі. Бо не працай адзінай жыў чалавек. Нашыя продкі ўмелі і любілі весяліцца. Як доказ — інструментальная частка альбома, што пераносіць слухача на сапраўдную вясковую вечарыну з танцамі. Гармонік ды скрыпка, цымбалы ды бубен, дуда ды колавая ліра і канешне ж — варган. Так, сапраўды, на дыску можна пачуць гукі гэтага старажытнага інструмента. І гэта не нейкія фантастычныя разважанні на тэму. Мала хто ведае, але ў Полацку гралі на варганах з ранняга сярэднявечча. Гэта пацвярджаюць археалагічныя знаходкі. Ды і назву гурт абраў сабе невыпадкова. Варган для спевакоў сімвалізуе своеасаблівы «партал», які дазваляе вандраваць у прасторы і часе і паглыбляцца ў гукавую стыхію мінулых стагоддзяў.

У стварэнні інструментальнай часткі альбома прымалі ўдзел запрошаныя музыкі — вядомы майстар, музыка і мастак Алесь Лось (дуда, колавая ліра), а таксама Алеся Сівохіна (цымбалы).

«Наша мэта — стварыць жывы музычны вобраз Полаччыны, прапусціўшы аўтэнтычны матэрыял праз сваё сэрца, прадэманстраваць тую палітру гукаў і эмоцый, якія несла ў сабе гэтая музыка», — кажуць удзельнікі гурта. Спрабуючы дакрануцца да ўнікальнай музычнай традыцыі Полаччыны, удзельнікі «Варгана» імкнуцца максімальна наблізіцца да аўтэнтычнай манеры выканання і перадаць яе жывую энергетыку.

Гучанне альбома стварае атмасферу, набліжаную да палявога запісу ў час свята, вечарынкі, ігрышча. Частка кампазіцый запісвалася ў Полацку (запіс, звядзенне — Алесь Лось), частка — у Мінску (запіс, звядзенне, мастэрынг — Арцём Петрашкевіч і Валерый Бяляеў). Дызайн вокладкі стварала Святлана Клепікава.

Прэзентацыя альбома «Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны» ў Віцебску адбудзецца 20 кастрычніка.

Альбом выйшаў у межах праекта «Традыцыя», у якім раней пабачыў свет дыск «Мужчынская традыцыя спеву» і «Вясельныя песні і найгрышы вёскі Лявонпаль і яе наваколляў».

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: «Зялён явар, дуброва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.