Вы тут

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю


У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды. Звычайна ў ім удзельнічаюць дызайнеры, што ўжо паспелі заявіць пра сябе. Але сёлета будзе выключэнне. Адну з калекцый разам з мадэльерамі ствараюць дзяўчаты і жанчыны з інваліднасцю, для якіх гэты модны паказ — першы ў жыцці. Мы папрасілі некалькі ўдзельніц расказаць пра свае работы, гардэроб, безбар'ернае асяроддзе ў горадзе і мары.


«Хацела б насіць кароткія сукенкі»

Юлія ЛІСЕЦКАЯ робіць для калекцыі вышыўку. Вуаль, якая пойдзе на фартух, упрыгожыла кізільнікам з пацерак, на манжэтах будучага касцюма змясціла «чмялёў». Працаваць рукамі яна вучылася ў Мінскім цэнтры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе атрымала дыплом вышывальшчыцы.

— Калі збіралася вучыцца ў цэнтры, бацькі казалі: «Навошта туды? Трэба ў інстытут ісці, вышэйшую адукацыю атрымліваць». Пазней я паступіла ў Інстытут сучасных ведаў імя Шырокага на дызайнера. Але здароўе пагоршылася, і я сышла.

У мяне эпілепсія, для большасці наймальнікаў гэта адразу «не». Маё першае месца работы — прадпрыемства «Скарбніца». Там вышывала па трыкатажы. Потым была кур'ерам шэсць гадоў, дакументы вазіла. Цяпер другі год працую ў «АртІдэі» — мяне ўзялі з біржы па праграме працоўнай адаптацыі. Нядаўна перавялі на пасаду майстра вытворчасці аддзела — курырую іншых работнікаў. Заробак тут невялікі, але мне яшчэ плацяць пенсію па інваліднасці.

Я ўмею вязаць, габелены рабіць, пэчварк асвоіла. Сябры ўсё просяць у падарунак ім што-небудзь змайстраваць, але часу не хапае.

Модай не захапляюся, адзяваюся на свой густ. У мяне фігура нестандартная, сукенкі кароткія не магу насіць — а так хацелася б... Таму ў гардэробе штаны ў асноўным.

У вольны час у музеі хаджу. Была ў музеі Янкі Купалы, Нацыянальным мастацкім. Нядаўна ў Налібоцкую пушчу ездзіла.

Бацькі вельмі рады, што я ўдзельнічаю ў модным праекце, толькі перажываюць, што шмат часу губляю і выхадных няма. Дызайнеры маёй працай задаволены, а я крытычна да сябе стаўлюся: хацела б лепшую якасць.

«Шэсць гадоў вырабляю ўпрыгажэнні»

Фота з сацыяльных сетак.

Многія дзяўчаты, якія дапамагаюць ствараць калекцыю, жывуць у рэгіёнах — Мазыры, Жодзіне. Ганна ГАНІСЕЎСКАЯ — са Стоўбцаў. Вязаныя шыдэлкам манжэты і беражкі — яе рук справа.

— На модных паказах ні разу не была, але даўно мару, таму, калі мне прапанавалі далучыцца да праекта, з радасцю пагадзілася. Гэта магчымасць пазнаёміцца з мадэльерамі, паказаць свае здольнасці. У «Інстаграме» я падпісана на многіх беларускіх дызайнераў. З цікавасцю сачу, напрыклад, за Юліяй Латушкінай. Мне падабаецца стыль «кэжуал» — максімальна зручныя рэчы.

Ужо шэсць гадоў я вырабляю ўпрыгажэнні. Удзельнічаю ў кірмашах, фестывалях — і ў родным горадзе, і ў Мінску. Некаторыя нашы славутасці робяць у мяне заказы. Ганна Шаркунова некалькі разоў прыязджала, Вольга Хіжанкова была — ёй вельмі спадабаліся мае бранзалеты.

Колькі часу ідзе на выраб аднаго ўпрыгажэння, залежыць ад складанасці. Бывае і тыдзень патрэбны. Шмат часу адводзіцца на заказ матэрыялаў, падборку інструментаў.

У мяне спінальная цягліцавая атрафія. Таму на вучобу хадзіць не магу. Дома размаўляю праз інтэрнэт з сябрамі, слухаю аўдыякнігі. Сярод любімых аўтараў — Рэмарк. З сучасных — Барыс Акунін: я яго вялікая фанатка.

З безбар'ерным асяроддзем у Стоўбцах не ўсё ідэальна, але з кожным годам з'яўляюцца паляпшэнні. У Дом культуры можна трапіць, у некаторыя крамы таксама. Я нядаўна атрымала электракаляску, часцей на шпацыры бываю.

«Гэта адна з найлепшых падзей у маім жыцці»

Ажурныя ўстаўкі на спінку адзення, рушы для блузы, пояс вяжа Святлана ПЯТРОЎСКАЯ. Жанчына рукадзельнічае яшчэ са школьнай лаўкі.

— Некалі я была зарэгістравана як рамеснік, але тады яшчэ не так развіты быў інтэрнэт, і ўсё павісла ў паветры. Цяпер вяжу толькі для сябе і блізкіх: шапкі, шалікі, пульсэткі, кардыганы, світары. На прутках і шыдэлкам.

Мне падабаюцца рукадзельныя форумы, гляджу, што ў гэтым сезоне запатрабавана. Сёння, напрыклад, модныя вялікія аб'ёмныя косы, каб па 12 петляў перапляталася.

Я не працую па стане здароўя. На жаль, гадоў пяць таму здарылася праблема з пазваночнікам, і я захрасла дома. Па кватэры хаджу, але на вялікія адлегласці перасоўвацца вельмі складана, бо мне трэба часта адпачываць.

Дзе дагэтуль працавала? А можна не ўспамінаць мінулае? Я так старалася яго забыць...

Акрамя вязання люблю пячы хлеб. Фільмы добрыя гляджу: «1+1», «Дыхай дзеля нас» — у маю тэму. Савецкае кіно люблю. Па канале «Рэтра ТБ» з задавальненнем уключаю фільмы 60—70-х гадоў.

Калі прапанавалі працаваць над моднай калекцыяй, я за гэту магчымасць ухапілася. Перш за ўсё таму, што хацела адчуць сваю запатрабаванасць. Мне прыемна, што мая работа спадабалася і будзе выкарыстана на такім узроўні. І, зразумела, спадзяюся нейкую капейчыну дадаткова да пенсіі атрымаць.

Хутчэй за ўсё, на паказ прыйсці не змагу. На такім мерапрыемстве трэба выглядаць прэзентабельна, а калі баліць пазваночнік — гэта складана, бо думкі зусім пра іншае. Буду прасіць, каб мне скінулі фота.

Я ўсцешана, што маю працу пакажуць на подыуме, што хаваць. За апошнія пяць гадоў гэта, бадай, адна з самых вялікіх падзей у маім жыцці, якая дае ўнутраныя сілы.

Рэч з бу­ду­чай ка­лек­цыі (спінка выраба).

Праект «Новыя магчымасці» рэалізуе Беларуская палата моды сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Аснову калекцыі распрацоўвалі дызайнеры Павел Доўнар (вядомы па брэндзе «Ноnаr»), Аляўціна Расолька, Вольга Бігель і Ева Селіванава. Лейтматывам сталі рэдкія насякомыя і расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Усяго на подыуме прадставяць больш за 20 модных вобразаў.

Арганізатары спадзяюцца, што гэты праект стане штуршком да нечага большага. Дызайнеры і тэкстыльныя прадпрыемствы ўбачаць, што майстры з інваліднасцю могуць ствараць прыгожыя і якасныя вырабы, і будуць даручаць ім асобныя заказы (тым больш многія работы можна выконваць дома).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фо­та Ган­ны ЗА­НКА­ВІЧ

Загаловак у газеце: «Даўно мару пабываць на паказе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».