Сёлета археолагі, якія даследуюць Спаса-Праабражэнскую царкву і прылеглую да яе тэрыторыю, адшукалі падземны храм-пахавальню, аналагаў якому на ўсходнеславянскай прасторы няма, паведамляе сайт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (студэнты і выкладчыкі гэтай установы прымаюць у раскопках самы непасрэдны ўдзел).
Аб'ект сапраўды ўнікальны, сцвярджаюць даследчыкі. Гэта невялікі падземны храм — ніжні ярус асобнай пабудовы, якая была ўзведзена непасрэдна каля сцен Спаскага сабора адначасова з галерэяй з той жа цэглы (плінфы), што і сцены самога храма. Падобныя падземныя пахавальныя збудаванні амаль невядомыя на тэрыторыі Старажытнай Русі. Ён быў пабудаваны як пахавальня адной асобы, можа быць, дзвюх, калі іх пакласці ў гэтую нішу разам. Сама ніша невялікая, усяго каля 1 метра 40 сантыметраў даўжынёй і глыбінёй 50 сантыметраў. Хутчэй за ўсё, будавалася яна ўжо не для таго, каб пакласці цела, а для таго, каб прынесці туды з месца першапачатковага пахавання нейкія мошчы.
Пакуль саму нішу археолагі не ўскрылі — раскопкі вядуцца літаральна па сантыметры, каб не прапусціць ніводнага артэфакта. Але ёсць меркаванне, што ў яе прападобная Ефрасіння перанесла мошчы свайго бацькі, полацкага князя Георгія, які быў высланы кіеўскім князем у Канстанцінопаль і сканаў на чужыне. Каму яшчэ асветніца магла аддаць такую пашану?
«У адрозненне ад вялікіх князёў літоўскіх і князёў кіеўскіх, пра месцы пахавання полацкіх уладароў мы не ведалі нічога, — гаворыць Аляксей Коц, старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржуніверсітэта. — Сёлета работа паступова ўжо згортваецца. Але мы чакаем, што пры адкрыцці пахавальнага аркасолія ў падземным храме мы ўсё ж зможам знайсці парэшткі аднаго з полацкіх князёў — князя Святаслава-Георгія — бацькі Ефрасінні Полацкай. Калі такое здарыцца, то гэта будзе «бомба» ў свеце гісторыі і археалогіі!»
Эмілія ШЭЛЕСТ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.