Вы тут

Колькасць вакансій у краіне па-ранейшаму расце


Цяпер у базе налічваецца 83 тысячы прапаноў (у верасні іх было 76,6 тысячы). З іх 65 працэнтаў — па рабочых прафесіях. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ўпаў да 0,3 працэнта.


Самыя запатрабаваныя — кіроўцы аўто: для іх па краіне адкрыта 3,7 тысячы вакансій. Далей ідуць медсёстры і ўрачы: наймальнікам не хапае 2,9 тысячы і 2,7 тысячы спецыялістаў адпаведна. Вялікі попыт на прадаўцоў — 2,1 тысячы прапаноў. У пяцёрку самых неабходных работнікаў трапілі таксама кухары, для якіх ёсць амаль 1,5 тысячы свабодных працоўных месцаў.

У сталіцы паказчык афіцыйнага беспрацоўя складае 0,1 працэнта. Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ пацвярджае: сітуацыя спрыяльная. У сталіцы штомесяц налічваецца 16—17 тысяч вакансій. Патрэба ў кадрах у параўнанні з мінулым годам вырасла на 35,6 %. Колькасць работнікаў, занятых у рэжыме няпоўнага рабочага часу, і тых, хто знаходзіўся ў водпусках па ініцыятыве наймальніка (гэта 10,3 тысячы чалавек), за год знізілася на 36,9 %, а спецыялістаў, якія працавалі з цэладзённымі прастоямі (22,7 тысячы гараджан), стала меней на 36,5 %.

Калі глядзець на заробкі, якія прапануюцца па вакансіях у сталіцы, то ў сярэднім гэта 608 рублёў: 595 рублёў — для рабочых прафесій, 628 — для служачых. Большая частка свабодных рабочых месцаў (57 %) — з заробкамі ад 400 да 800 рублёў. У 27,5 % выпадкаў наймальнікі не гатовы плаціць больш за 400 рублёў у месяц. Вакансій, дзе абяцаюць ад 800 да 1500 рублёў, — 14,7 %, больш за паўтары тысячы рублёў — 0,9 %.

Што шукаюць самі мінчане?

— 70 працэнтаў беспрацоўных арыентаваны на рабочыя прафесіі, з іх кожны чацвёрты — на некваліфікаваную працу, — адзначае Таццяна Кудзевіч. Так, асаблівым попытам карыстаюцца пасады вартаўніка і вахцёра.

Для таго каб дапамагчы знайсці работу ахвотным, у сталіцы штотыднёва праводзяць тры кірмашы вакансій у аддзелах абслугоўвання грамадзян — па аўторках, серадах і чацвяргах. 15 лістапада плануецца агульнагарадскі кірмаш. Прафарыентацыйнае мерапрыемства для выпускнікоў школ чакаецца 30 кастрычніка ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей (вуліца Чабатарова, 6а).

У службе занятасці заўважаюць, што назіраюць нізкую ініцыятыву беспрацоўных у перанавучанні. Сёлета на курсы накіравалі значна менш грамадзян, чым у мінулым годзе, але гэта абумоўлена змяншэннем зарэгістраваных беспрацоўных. З 421 чалавека, што прайшлі навучанне ад службы занятасці ў студзені — верасні, 139 рыхтаваліся пад заказ наймальніка. З іх 70 чалавек асвойвалі прафесію кіроўцы тралейбуса (па заяўцы «Мінсктранса»), 14 — сталі дзяжурнымі атракцыёнаў і гульнявога абсталявання ў парках адпачынку, 12 — дарожнымі рабочымі. Пад заказ выпускалі таксама машыністаў электрацягніка — слесараў па рамонце рухомага саставу, кантралёра-касіра і электраманцёра.

— Але не заўсёды беспрацоўныя пры навучанні арыентаваны на заключэнне такога дагавора. Спадзяюцца, што самі змогуць знайсці лепшае месца калі атрымаюць кваліфікацыю, — заўважае намеснік начальніка аддзела навучання ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта Крысціна ПЯТРОВА. — Абавязковай адпрацоўкі пасля курсаў па большасці прафесій няма. Толькі тыя, хто вучыцца на кіроўцу тралейбуса, абавязаны адпрацаваць у «Мінсктрансе» два гады.

На перападрыхтоўку прыходзяць не толькі гараджане без прафесіі. Запісваюцца і людзі з вышэйшай адукацыяй — напрыклад, калі яны не працавалі па спецыяльнасці дыплома.

З пачатку года больш за сотню мінскіх беспрацоўных атрымалі грашовую субсідыю на адкрыццё сваёй справы. Пераважна гэта мужчыны — іх сярод наваспечаных прадпрымальнікаў 59 %. Доля моладзі — 31,5 % (за год яна знізілася на 10 %). Гараджан, старэйшых за 50 гадоў, якія запускаюць бізнес з дапамогай службы занятасці, — адзінкі.

— Сярэдні ўзрост атрымальнікаў субсідыі — 35 гадоў. Напэўна, ён самы аптымальны: ёсць і вопыт, і час, каб раскруціць справу, — мяркуюць у камітэце.

На першым месцы сярод відаў дзейнасці, якія выбіраюць прадпрымальнікі, — гандаль. Папулярныя таксама будаўніцтва (апрацоўчыя, электрамантажныя работы), аўтарамонт і тэхнічнае абслугоўванне машын, цырульніцкія і камп'ютарныя паслугі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Залаты час для саіскальнікаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».