Вы тут

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка


Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат. У 1995 годзе ўжо нават адзначалася 500-годдзе Мірскага замка. Так меркавалі, зыходзячы з дакументаў, дзе мястэчка Мір упершыню згадвалася ў 1395 годзе, а замак, як лічылі, быў збудаваны на стагоддзе пазней, у 1495-м. Аднак пасля гісторыкі абверглі гэтую версію, схіліўшыся да думкі пра яго ўтварэнне прыкладна ў 20-х гадах ХVІ стагоддзя. Быў знойдзены дакумент пра падзел у 1527 годзе спадчыны Юрыя Іванавіча Іллініча, заснавальніка замка, паміж яго сынамі. Гэтае сведчанне з'яўляецца першай дакументальнай згадкай існавання Мірскага замка. Аднак дату заснавання, а на ўзвядзенне такой магутнай канструкцыі спатрэбіўся не адзін год, дагэтуль працягваюць шукаць.


Таямніца 10 000 дукатаў

Дыяпазон гадоў, у якія, магчыма, пачалася закладка замка, вызначаецца спецыялістамі па ўскосных прыкметах. У гістарычных дакументах нідзе не сустракаецца інфармацыі пра дакладны год заснавання крэпасці.

— Прааналізаваўшы біяграфію заснавальніка замка, Юрыя Іванавіча Іллініча, даследчыкі высветлілі, што ў канцы ХV стагоддзя ён дакладна не мог пачаць будаўніцтва, бо гэта не дазваляла яго фінансавае становішча, — расказала Вольга НАВІЦКАЯ, намеснік дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Замкавага комплексу «Мір». — Больш верагоднай здаецца версія пра ўзвядзенне замка бліжэй да 20-х гадоў ХVІ стагоддзя. У гэтыя часы Іллініч займае высокія дзяржаўныя пасады. Юрый Іванавіч быў адным з нямногіх фаварытаў польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і яго жонкі Боны Сфорцы. Ён валодаў больш як 19 тысячамі дымоў. У тыя часы так называлі сялянскі двор, гаспадарку адной малой ці радзей вялікай (непадзельнай) сям'і. Дым уяўляў сабой комплекс гаспадарчых пабудоў, жылога дома, розных сельгасугоддзяў, свойскай скаціны і сельскагаспадарчага інвентару. Двары мяшчан, дарэчы, таксама называліся дымамі. У 1518-м Іллініч нават пазычыў каралю 2000 дукатаў. За гэта Юрыю Іванавічу было дазволена пажыццёва «трымаць» Берасцейскае і Лідскае староствы. Акрамя таго, ён імкнуўся атрымаць пасаду ковенскага старосты, бо ў ХVІ стагоддзі горад Коўна быў паўночна-заходнімі варотамі ВКЛ, і імпартныя тавары афармляліся на тутэйшай мытні. Пік яго службовай кар'еры прыйшоўся на 1519—1525 гады.

Пры гэтым Юрый Іванавіч імкнуўся яшчэ больш узвысіць свой род і жадаў стаць графам. Менавіта ён заняўся будаўніцтвам Мірскага замка і, магчыма, уклаў сюды 10 тысяч залатых дукатаў, атрыманых ад караля. Гісторыя з'яўлення гэтых грошай дагэтуль не мае канчатковага гістарычнага пацвярджэння.

У верасні 1519-га Іллініч стаў галавой Ковенскага староства. Да яго гэтую пасаду займаў Абрам Езафовіч, які атрымаў Коўна, бо пазычыў каралю 10 тысяч дукатаў. Перад смерцю Езафовіч заручыў свайго сына з дачкой Іллініча і завяшчаў Юрыю Іванавічу распараджацца Ковенскім староствам, пакуль не стануць паўналетнімі дзеці Абрама і не будзе выплачана грашовая пазыка каралём. Аднак Жыгімонт Стары вярнуў даўгі інакш. Ён дазволіў падляшскаму ваяводу Янушу Касцевічу выкупіць Коўна, а ўнесеныя дзесяць тысяч дукатаў — палажыць на захаванне ў сакрысцію (месца ў алтары ці памяшканне пры хрысціянскім храме для захавання царкоўных рэчаў) касцёла Святога Станіслава ў Вільні. Іллініч даслаў каралю ліст, дзе прасіў перадаць грошы на захаванне яму, і Жыгімонт пагадзіўся. 29 красавіка 1523 года кароль дазваляе выдаць грошы Юрыю Іванавічу, аднак дакладных звестак, што Іллініч атрымаў дукаты, няма.

Тым не менш гэты факт ускосна сведчыць, што прыкладна ў гэтыя ж часы магло пачацца і будаўніцтва замка. Дзесяць тысяч дукатаў, калі іх сапраўды атрымаў Іллініч, маглі стаць дадатковым узносам у яго капіталы, якія староста збіраў у Коўне, Бярэсці, Лідзе і інвеставаў у будаўніцтва абарончага збудавання.

Вежавы гадзіннік і згублены востраў

Апроч іншага, вядома, што дабудаваць замак Іллінічу не ўдалося, тым больш што яго памкненні не падтрымалі сыны. Станіслаў, да якога найперш перайшоў замак, быў атручаны ў 1531-м жонкай свайго слугі. Уладаром стаў Фелікс, чацвёрты сын Іллініча. Аднак у 1542 годзе ён, а за год да гэтага — і яго жонка Соф'я Радзівіл, паміраюць. Замак пераходзіць да іх сына, маленькага Юрыя, унука Іллініча, якога бяруцца апякаць сваякі маці — князі Радзівілы, і ён становіцца графам Свяшчэннай Рымскай імперыі на Міры, ажыццявіўшы тым самым мару свайго дзеда Юрыя Іванавіча. Але ўсё гэта таксама не набліжае нас да разгадкі таямніцы года збудавання Мірскага замка, бо нідзе ў дакументах такая інфармацыя не сустракаецца.

— Нашы навуковыя супрацоўнікі працуюць над тым, каб знайсці год заснавання замка. Праводзяцца работы і даследчыкамі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яны таксама працавалі ў архівах, аднак дакумента, дзе быў бы ўказаны дакладны год заснавання, так і не знайшлі. Тым не менш падрыхтавана і выдадзена манаграфія «Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у ХV—ХVІ стагоддзях: радавод, гербы, уладанні», дзе расказваецца пра гістарычнае мінулае гэтых асоб. І нашы наведвальнікі таксама могуць яе набыць, — гаворыць Вольга Навіцкая.

Акрамя магчымага высвятлення года заснавання замка, турыстаў чакае яшчэ шмат цікавага. Музейныя супрацоўнікі спадзяюцца, што ўдасца аднавіць на Уязной вежы механізм і цыферблат, якія калісьці сапраўды існавалі і адлічвалі час. А яшчэ яны мараць зрабіць на востраве ў возеры каля замка імправізаваную сцэну.

— Праўда, для гэтых новаўвядзенняў трэба атрымаць пэўныя ўзгадненні ад Міністэрства культуры, бо Мірскі замак — аб'ект нулявой катэгорыі, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Рабіць што-небудзь без афіцыйнага дазволу мы не маем права, — падкрэсліла Вольга Навіцкая. — А возера, якое знаходзіцца з паўднёвага боку замка, з'явілася пры апошніх гаспадарах замка Святаполк-Мірскіх. Першапачаткова на ім было два астраўкі. Аднак у 80-х гадах мінулага стагоддзя (калі чарговы раз возера спусцілі, каб пачысціць) меншы востраў ліквідавалі, а большы — крыху павялічылі ў памерах. А яшчэ даўней да гэтага вострава быў перакінуты мост, якога цяпер няма, бо яго не было гістарычна. У плане правядзення нейкіх мерапрыемстваў востраў сапраўды выгадны, бо дае магчымасць новага фармату выступленняў.

«Белы слон» і пірагі ў золаце

Пакуль не рэалізаваны планы дырэкцыі замка, сучасны комплекс здольны прапанаваць турыстам іншыя забаўкі. Акрамя звычайнай агляднай экскурсіі па замку, распешчаным відовішчамі падарожнікам прапануюць паўдзельнічаць у гістарычных квэстах ці прадэгуставаць старадаўнія стравы.

— Цяпер усе наведвальнікі хочуць нейкага інтэрактыву. Кожнае наша падарожжа па комплексе мае прывязку да гісторыі замка, — падзялілася намеснік дырэктара. — Нават экскурсію з элементамі дэгустацыі нашы спецыялісты праводзяць у гістарычных касцюмах і падчас яе расказваюць пра стравы, якія падаваліся да стала Радзівілаў. Адны толькі назвы якія: мядзведжыя лапы ў вішнёвым соусе, бабровыя хвасты з ікрой, пірагі, пакрытыя натуральным золатам. Распавядаюць і пра сярэднявечнае паляванне, якое папярэднічала баляванню і як забава, і як сродак здабыць для яго прадукты.

Квэсты комплексу таксама звязаны з гісторыяй замка. Многія дагэтуль імкнуцца адшукаць легендарныя радзівілаўскія скарбы, захаваныя недзе ў зямлі. Тым больш што падчас рэстаўрацыйных работ у замку знаходзілі пустоты і нават невялікі падземны ход, праўда, завалены зямлёй. Так што падчас квэсту «Таямніца двух куфараў» турысты шукаюць скарбы Радзівілаў. «Белы слон» — квэст, звязаны з перыядам кіравання Святаполк-Мірскіх, выклікае асаблівае захапленне, бо падчас выканання заданняў трэба спускацца ў замкавыя сутарэнні.

— Сёлета на тэрыторыі замка (на месцы, дзе раней знаходзіўся палац Святаполк-Мірскіх) ужо трэці год запар праводзяцца раскопкі. Дзякуючы ім летась удалося высветліць, што палац збудаваны не на новым месцы, як мы думалі раней, а ўзведзены на рэштках падмурка канца ХVІ стагоддзя, калі ў замку ўладарыў Мікалай Радзівіл па мянушцы Сіротка, — дадала Вольга Навіцкая. — А сёлета адшукалі яшчэ больш ранні падмурак. І, магчыма, гэта рэшткі нейкага будынка, які ўзводзіўся яшчэ пры першых уладальніках Іллінічах. Пры гэтым Ірына Ганецкая, супрацоўніца НАН Беларусі, якая кіруе археалагічнымі работамі, сцвярджае, што знойдзены будынак быў драўляны. А адкапаныя знаходкі сведчаць, што тут жылі не сяляне, а заможныя людзі.

І хоць дагэтуль дакладна невядома дата нараджэння Мірскага замка, гісторыя яго існавання і жыцця яго гаспадароў працягвае захапляць і прывабліваць.
А мноства яшчэ неразгаданых дзівосаў надаюць гэтаму збудаванню яшчэ больш таямнічасці.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Невядомы ўзрост Мірскага замка

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.