Вы тут

Дысплазія — не прыгавор, а заклік да дзеяння


На прыёме ў артапеда ў першы месяц жыцця дзіцяці можа высветліцца непрыемная дэталь: у малога — няспеласць тазавых касцей (у народзе кажуць «прыроджаны вывіх»). Часцей за ўсё пры гэтым дзіцячы ўрач кажа словы «дысплазія тазасцегнавога сустава», якія імгненна палохаюць усіх без выключэння маладых бацькоў. Але палохацца — зусім не тое, што трэба рабіць у гэтай сітуацыі. Варта запасціся цярпеннем і строга выконваць рэкамендацыі медыкаў. Пра іх расказаў урач-рэнтгенолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Вячаслаў КРАСОЎСКІ.


— Цяпер гэта вельмі распаўсюджаная паталогія — з ёй нараджаецца да 25 % дзяцей. У большасці выпадкаў пад пастаянным наглядам артапеда суставы самастойна «дарастаюць» і прыходзяць у анатамічную норму. У астатніх ім варта крышачку дапамагчы, — кажа Вячаслаў Красоўскі. — У той жа час дысплазія суставаў, якая засталася без увагі бацькоў і ўрачоў у першы год жыцця, ужо на другі-трэці год можа сфарміраваць у дзіцяці цяжкія запаленчыя працэсы, хваравіты вывіх сцягна і ў будучым — кульгавасць на ўсё жыццё.

Дысплазія тазасцегнавога сустава — гэта прыроджанае парушэнне працэсу ўтварэння сустава, якое можа стаць прычынай вывіху галоўкі сцягна. Спрыяльнымі фактарамі ўзнікнення захворвання з'яўляюцца спадчыннасць, гінекалагічныя хваробы маці і паталогія цяжарнасці. Заўважана і сувязь з экалагічнай сітуацыяй.

— Дысплазія ў 10 разоў часцей сустракаецца ў дзяцей, калі іх бацькі мелі прыкметы прыроджанага вывіху сцягна, а таксама калі ў жанчыны падчас цяжарнасці было тазавае перадляжанне плода, найчасцей падчас першых родаў. Часта захворванне з'яўляецца наступствам медыкаментознай карэкцыі цяжарнасці ці таксікозу, — тлумачыць Вячаслаў Красоўскі. — Часцей захворванне пашкоджвае левы тазасцегнавы сустаў (60 %), радзей правы (20 %) ці абодва (20 %). Паколькі дысплазія можа стаць прычынай парушэння функцыі канечнасці і нават інваліднасці, то лячыць яе важна ў раннім перыядзе жыцця дзіцяці.

Папярэдні дыягназ можа быць выстаўлены яшчэ ў радзільным доме. У гэтым выпадку трэба цягам трох тыдняў звярнуцца да дзіцячага артапеда, які правядзе неабходнае абследаванне і складзе схему лячэння. Акрамя таго, для выключэння гэтай паталогіі ўрачы аглядаюць усіх дзяцей ва ўзросце 1-4 месяцаў. Пры падазрэннях на дысплазію накіроўваюць на дадатковыя абследаванні. Ультрагукавая дыягностыка з'яўляецца сёння добрай альтэрнатывай рэнтгеналагічнаму даследаванню такіх дзетак. Яна бяспечная і дастаткова інфарматыўная.

Асноўны метад прафілактыкі дысплазіі — шырокае спавіванне. А для лячэння выкарыстоўваюцца артапедычныя прылады, якія надзейна фіксуюць ножкі дзіцяці ў сагнутым і разведзеным выглядзе. Гэта розныя шыны, пластыкавыя гарсэты і нават гіпсавыя фіксатары. Самая папулярная фіксуючая прылада — так званае стрэмя Паўліка, названае ў гонар чэшскага ўрача-артапеда, які яго стварыў. Не абысціся з такім дыягназам без масажу і гімнастыкі. Канкрэтным практыкаванням і прыёмам вас навучыць лечачы артапед, паколькі іх набор строга залежыць ад таго, як менавіта недафарміраваны сустаў. Выкарыстанне пераносак, слінгаў, рукзакоў і аўтакрэслаў не забаронена, але выбіраць варта тыя мадэлі, якія дазваляюць малому свабодна трымацца, шырока расставіўшы ногі. Дарэчы, у краінах Азіі і Афрыкі, дзе жанчыны традыцыйна носяць сваіх немаўлят на сабе, прымацоўваючы іх на спіну ці на жывот (дзіця ўвесь час праводзіць седзячы, з шырока расстаўленымі ножкамі), такой з'явы, як дысплазія тазасцегнавога сустава ў дзяцей, увогуле не існуе.

— Трэба ўсведамляць, што лячэнне дысплазіі — справа не хуткая. Як правіла, яно займае некалькі месяцаў, а часам і год-паўтара, — папярэджвае Вячаслаў Красоўскі. — Бо тазасцегнавы сустаў не можа прыняць правільнае становішча і абрасці звязкамі за некалькі дзён. Таму лячэнне і рэкамендацыі ўрача варта выконваць пастаянна, пакуль іх не адменяць.

Зразумела, бацькам не вельмі прыемна штодня «стрыножваць» сваё дзіця артапедычнымі прыладамі, а на ноч спавіваць з падушкай паміж ножак ці «закоўваць» у пластыкавы гарсэт. Але вашы старанні і цярпенне таго вартыя. Гэты час хутка пройдзе, і здаровае дзіця парадуе вас першымі крокамі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».