Вы тут

Адэльберт фон Шамica. Нямецкія народныя паданні


Адэльберт фон Шаміса (Луі-Шарль-Адэлаід дэ Шамісо дэ Банкур) (1781–1838) нарaдзіўся ў правінцыі Шампань (Францыя) у радавым замку Банкур. Паходзіў з латарынгскіх дваран, падчас Французскай рэвалюцыі яго сям’я згубіла ўсю маёмасць у Францыі і пераехала ў Прусію, дзе ён стаў звацца Адэльбертам фон Шаміса.

У 15 год атрымаў званне пажа прускай каралевы. Скончыўшы гімназію ў Берліне, паступіў на вайсковую службу ў Прусіі ў чыне лейтэнанта. У 1806 годзе пасля здачы французам горада Гамельн пакідае вайсковую службу, не жадаючы ваяваць супраць Францыі. У 1808 годзе ўладкаваўся настаўнікам у французскую гімназію ў горадзе Напалеанвіль. Вярнуўшыся ў Берлін, у 1812 годзе паступіў ў медыцынскі ўніверсітэт і працягваў вывучэнне батанікі і заалогіі. Разам з тым не пераставаў публікаваць творы ў розных друкаваных выданнях. У 1815 годзе атpымаў прапанову паплыць у кругасветнае падарожжа на рускім брыгу «Рурык». Цягам трох гадоў наведаў афрыканскія выспы, Паўднёвую Амерыку, частку Сібіры, пасля Паўночную Амерыку, Палінезію, Капландыю. Пісаў шмат навуковых прац па батаніцы і лінгвістыцы. У 1835 годзе быў абраны чальцом Берлінскай акадэміі навук. У гонар прыродазнаўца названа выспа ў Чукоцкім моры.

У 1814 годзе Шаміса стварыў фантастычную аповесць «Незвычайная гісторыя Петэра Шлеміля», дзе выказваў рамантычны пратэст супраць адчужанасці асобы ў несправядлівым грамадстве ды згубнага ўплыву золата на чалавечы лёс. Паэзія Шаміса вызначаецца дэмакратычнай накіраванасцю (вершы «Замак Банкур», «Інвалід у вар’яцкім доме»), простай і эмацыянальна выразнай формай, блізкай да традыцыі нямецкай народнай песні (лірычны цыкл «Песні і абразкі жыцця» (1830); цыкл балад «Нямецкія народныя паданні» (1838)). Тэма вызваленчай барацьбы, вобразы грэчаскіх, іспанскіх, рускіх, польскіх патрыётаў дамінуюць у цыклах «Вандраванні» (1830), «Выгнаннікі» (1831). Перакладаў з французскай, іспанскай, дацкай, рускай моў. Яго лірычны цыкл «Каханне і жыццё жанчыны» (1830) паклаў на музыку Роберт Шуман.

Аўтар кнігі «Падарожжа вакол свету на караблі “Рурык”» (1834—1836).


Нямецкія народныя паданні

1.

Волатаўская цацка

Пра Нідэк у Эльзасе вядомы добра сказ.
Гары, дзе гэты замак паўстаў у даўні час,
Ты ўжо не знойдзеш болей, і рыцары сышлі,
Гаспадары, якія раней у ім жылі.

Надумала аднойчы дачка гаспадара
Наведацца ў даліну – абрыдла ёй гара.
Ля брамы пагуляла, далей уніз пайшла.
І вось ужо сцяжынка да мэты прывяла.

За колькі хуткіх крокаў дзяўчынка лес прайшла.
Ля Гаслаха краіну людзей яна знайшла.
Ёй гарады і вёскі, і нівы, і ралля
Былі як мараплаўцу нязнаная зямля.

І волатка ў здзіўленні глядзіць цяпер уніз
І бачыць селяніна ля самае ступні –
Дзівосная істотка арала свой лужок,
Нібы камень каштоўны, на сонцы ззяў плужок.

«Ах! Што за дзіва цацка! Вазьму яе сабе!» –
І, стаўшы на калені, насоўку дастае,
Што рухаецца, тое завязвае вузлом
І радасна нясецца дзіця ў бацькоўскі дом.

Прыбегшы зноў дадому, да бацькі яна йдзе
І гэткую размову захоплена вядзе:
«Ах, бацьку, мілы бацьку! На цацку ты зірні!
Ніхто не бачыў лепшай на нашай вышыні».

Тым часам бацька-волат віно піў за сталом.
Спытаўся ён зычліва: «Што ты прынесла ў дом?
Цялёпкаецца нешта ў насовачцы тваёй.
Давай хутчэй паглядзім, што ж там такое ў ёй».

I на стале адразу паставіла дачка
Каня з плужком, а потым дастала мужычка.
Як выклала дзяўчынка здабытае на стол,
Запляскаўшы ў далоні, забегала вакол.

Стары зрабіўся сумным, круціць стаў галавой.
«А што ж ты нарабіла? А Божухна ж ты мой!
Адкуль усё ты ўзяла, туды назад вярні!
Прыдумала ж такое… Не цацка селянін!

Што я сказаў, без спрэчак выконвай ты цяпер.
Без селяніна хлеба не мелі б мы, павер.
У волатава дрэва шырокі ствол чаму?
Сялянскі моцны стрыжань даў Госпад Бог яму».

Пра Нідэк у Эльзасе вядомы добра сказ.
Гары, дзе гэты замак паўстаў у даўні час,
Ты ўжо не знойдзеш болей, і рыцары сышлі,
Гаспадары, якія раней у ім жылі.

2.

Зніклы замак

Раней там, дзе над борам узнялася скала,
Разбойнікаў быў замак. Падобна да арла,
Што на здабычу куляй нясецца з вышыні,
Кідаліся ў даліну, каб рабаваць, яны.

У замку панавала братоў драпежных тры.
За замкам – у даспехах, у пурпуры ўнутры.
Давала кроў раскошу, спатолю ад грахоў.
Панура піравалі, страх сеячы вакол.

Да іх каханкі голад ніколі б не прыйшоў.
Яна была прыбранай у золата ды шоўк.
Штодзень хадзіла дзёрзка, забыўшы божы страх,
У чаравіках з хлеба на пешчаных нагах.

«Гэй, рыцары, на коней!» – крык з вежы вартавой,
«Зноў пыл клубіць дарога. Гайда ў крывавы бой!»
Гандлёвых верхаводаў паслаў удалы лёс.
Амаль зусім без зброі, ды з золатам абоз.

Крычыць братам каханка: «Прыносьце мне з баёў
Шмат золата, караляў, каштоўных камянёў!
Прыносьце пеўчых птушак у ружавы наш сад,
Каб вуха маё цешыў спеў мілых птушанят».

І неўзабаве ў замак нясуцца малайцы.
Наперадзе ў вяроўках палонныя купцы.
«Вязём табе мы птушак – у садзе ім спяваць.
Мы золата здабылі, цябе каб аздабляць».

У ружавым тым садзе ўсё выклікала жах.
Склеп вузкі ў падзямеллі, заўжды ў ім трупны пах.
Глыбока ўнізе бездань – расколіна ў скале.
І толькі шлях адзіны вядзе сюды ў імгле.

Ад голаду тут кожны палонны паміраў.
Спеў птушак – крык адчаю – паволі заміраў.
Калі ж трываць пакутаў больш вязень не хацеў,
Каб аб скалу разбіцца, як птушка ўніз ляцеў.

Вось у які ружоўнік траплялі гандляры.
Тут у адчаі крыкнуў братам святар стары:
«Няшчасныя вар’яты, што любяць катаваць!
Калісьці давядзецца пра ўсё вам шкадаваць!»

Ды злосна крыкнуў рыцар: «За ўсё мая віна!
За кроў ды юр, ды гэта мне ўжо не навіна.
Хачу й далей абдумваць, як лепей забіваць.
І ў Страшны Суд, клянуся, не буду шкадаваць!»

Другі са здзекам крыкнуў: «Раскаркаўся, груган!
Што я раблю – мой клопат. Спатолены я сам.
Хачу сам клапаціцца, як лепей забіваць.
І ў Судны Дзень, клянуся, не буду шкадаваць!»

Са смехам трэці крыкнуў: «Ляці ўжо ўніз хутчэй
Спяваць, як салавейка, сабакам хто бурчэў!
Я зношу свае справы, дык лепей забіваць.
І ў дзень Армагедона не буду шкадаваць!»

Блюзнеры пакляліся, і зараз жа на здзек
Па бездані адказам пранёсся страшны енк.
З пякельным смехам «Амэн!» каханка прараўла.
Раптоўна гром пачуўся, затрэслася скала.

Увышыню ўзляцела праклятая скала,
Нібыта пад узмахам вялізнага крыла.
Агнём страляла глеба, стаў цёмнай ноччу дзень,
І пад зямлёй знік замак, без следу, быццам цень.

Даведацца ты хочаш, дзе замак красаваў,
Якoe заcнавальнік імя яму даваў?
Прапаў без вестак замак. Адбыўся божы суд.
Не ведае паданне – ці там ён быў, ці тут.

3.
Цаптэнбергскiя каралі
Пра Цаптэнберг шмат дзіваў распавядаў народ.
Быў тысяча пяцьсот сямідзясяты год,
Праводная нядзеля. Пачаў угору ўздым
Яганэс Бэр, пабожны, ды не стары зусім.

Былі яму сваімі цясніна ды скала.
І кожная сцяжынка знаёмаю была.
Ды паміж голых скалаў, што бачыў Бэр не раз,
Угледзеў ён раптоўна пячору ў гэты час.

Ён, здзіўлены, агледзеў пячоры жарало.
Адтуль яго марозам да костак праняло.
Хацеў быў ён пусціцца з пячоры стрымгалоў,
Ды жах салодкі ў месца нячыстае павёў.

Ён смеласці набраўся і ў жарало палез.
Разгледзеў ён праход там у прывідным святле.
Было ў канцы праходу маленькае акно.
Уверсе брамы цьмяна свяцілася яно.

Зачыненая брама. Пагрукаў, раз прыйшоў.
Працяглым гулам рэха азвалася вакол.
На браму ён абрынуў удары кулака.
І адчыніла браму нябачная рука.

Высокix тры мужчыны ля круглага стала
Сядзелі ў чорнай зале, дзе плыў прамень святла
З лампады. Перад імі пергамент на стале
Ляжаў, і разглядалі яны яго ў імгле.

Убачыў ён з парога іх старажытны строй
І іх сівыя кудлы, і сумны іх настрой.
«Мір у Хрысце вам!» – крыкнуў. Яны яму ў адказ
Сказалі ціха: «Міру не будзе тут для нас».

Яганэс Бэр у залу пераступіў парог,
Ды не зірнуў на госця ніхто з мужчынаў трох.
«Мір у Хрысце вам!» – зноўку, ды быў яму ў адказ
Адно зубоўны скрыгат: «Не будзе міру ў нас!»

Ён падступіўся блізка да круглага стала.
«Мір у Хрысце хай будзе!» – прамова зноў была.
Яны яму ўручылі пергамент свой стары.
«Вось кніга паслушэнства» – было там угары.

«Хто вы?» – «А каб хто ведаў!» – «Што ж робіце вы тут?»
«Са скрухаю чакаем, што будзе Страшны Суд,
Што будзе дзень апошні, які за справы ўсе
Належную аддзяку любому прынясе».

«А як жа шлях прайшлі вы, свой доўгі шлях зямны?
Якія вашы справы?» Затрэсліся яны
І паказалі моўчкі паглядам і рукой
Насупраць, дзе заслона яднала са сцяной.

Калі ўзняў Бэр заслону, затросся ён і сам,
Бо чарапы ды косткі ляжалі кучай там.
І мантыю на кучы той страшнай, угары,
Ён разгарнуў ды ўбачыў клінкі пунсовых тры.

«Віну вы прызнаеце за справы тыя?» – «Так».
«Ці злыя вашы справы?» – «Вядома, злыя, так».
«Ці каецеся ў гэтым?» Яны маўчалі зноў.
Не ведаў пакаяння ніводны з каралёў.

4.
Ігруша на полі бітвы
Нам гэтае паданне дзяды перадалі.
Ім завяшчалі продкі, якія ў іх былі.
Распавядзём паданне мы вам, сыны й дачкі,
Так, як раней гучала, мінулі хоць вякі.

Дзе адбылася бітва пры 3альцбургу раней,
Цяпер стаіць ігруша, што сведка тых падзей.
Яна ўся ссохла, счэзла. Быў жорсткім катам час.
Ды знак яна – тут бітва ішла ў апошні раз.

Час надышоў нарэшце прыкмету мне згадаць.
А вы па ёй павінны, што гэта, адгадаць.
Вайна нясецца хваляй смяротнае жуды
З усіх канцоў планеты, патрапіць каб туды.

Там будзе бой апошні паміж Дабром і Злом,
І сонца як ніколі адорыць дзень святлом,
Крыві людское рэкі пральюцца на лугі,
Усход для добрых будзе і захад – для благіх.

І, як завершаць справу, тады сярод начы
Улягуцца на трупах байцы, каб адпачыць.
Як над крывавай нівай узыдзе зноў зара,
Вісець на грушы будзе шчыт гербавы Дабра.

Яшчэ адну прыкмету цяпер скажу я вам.
Вы ведайце пра грушу, якая ссохла там.
Хоць, ссечаная, тройчы аплаквала ўжо лёс,
Дый тройчы вырастала амаль што да нябёс.

Як парасткі пускае зноў ствол яе стары,
Як у драўніне крохкай віруе сок знутры,
Як у зялёным строі, найпершая між дрэў,
Стаіць яна, дык значыць, што час ужо наспеў.

Шырокая й густая на ёй карона зноў –
Час грозны ды чаканы амаль што надышоў.
Убралася ўся ў кветкі ды спелыя плады –
Вялікая гадзіна прыйшла да нас тады.

Хто сёлета прыходзіў на дрэва паглядзець
Распавядаў пра тое, у што паверыў ледзь.
«Набраклі ўжо пупышкі ды ў дрэве сок ідзе», –
Ён радасную вестку прыносіў грамадзе.

Ці для сярпа паспелі ўжо ўсходы грэшных спраў?
Ці блізкія падзеі, што тут я апісаў?
Баюся я сурочыць, ды ведаю адно –
Час дзіўны ды суворы пастукаў у акно.

Пераклад з нямецкай Андрэя Касцюкевіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».