Вы тут

У Магілёве абмеркавалі харчовую бяспеку Расіі і Беларусі


На секцыі па аграрнай палітыцы Саюзнай дзяржавы ішла гаворка пра харчовую бяспеку дзвюх краін, пра лічбавізацыю аграрнага сектара і сумесную падрыхтоўку сучасных спецыялістаў для АПК.


Сярод галоўных кірункаў развіцця сельскай гаспадаркі ў Саюзнай дзяржаве старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, член Камісіі Парламенцкага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый Аляксандр Папкоў (на фота) называе «лічбавізацыю» аграрнага сектара:

— Гэта стварэнне адзіных селекцыйна-генетычных цэнтраў, укараненне ў аграрны сектар лічбавай эканомікі і дакладнага земляробства, павышэнне якасці аграрнай адукацыі кадраў, якія павінны рэалізоўваць гэтыя кірункі.

Профільная камісія Парламенцкага Сходу правяла сур'ёзную работу для канкрэтызацыі прыярытэтных кірункаў у АПК. І гэта дало свой плён. Як лічыць парламентарый, нарэшце з'явілася кансалідаваная думка ўсіх структур і ведамстваў:

— Гэта, перш за ўсё, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, які заняў каардынуючую пазіцыю ў рэалізацыі прапанаваных тэм, міністэрствы сельскай гаспадаркі Расіі і Рэспублікі Беларусь, і дэпутацкі корпус: сенатары Расіі і члены Савета Рэспублікі. Пытанні, якія сталі прыярытэтнымі ў нашай рабоце, жыццёва важныя — ад іх залежыць наша эканамічная і харчовая бяспека. І мы ставім перад сабой задачу: не пазычаць, а вырабляць і прапаноўваць, у тым ліку, на знешнія рынкі, свой прадукт, — Аляксандр Папкоў застаўся задаволены вынікамі магілёўскага форуму.

Старшыня камітэта Савета Федэрацыі Расіі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні Аляксей Маёраў глядзіць у будучыню з аптымізмам. І яго не азмрочваюць тыя праблемы, якія перыядычна ўзнікаюць:

— Цалкам відавочна, што чым вышэйшы ўзровень адносін, тым больш складаныя задачы паўстаюць на шляху іх развіцця. Гэтыя новыя задачы патрабуюць пастаяннага ўдасканалення механізмаў супрацоўніцтва, пошуку новых фарматаў і магчымасцяў, як у галіне двухбаковых адносін, так і на міжнародным узроўні. Але, безумоўна: харчовая бяспека — найважнейшы кірунак нацыянальнай палітыкі, якая забяспечвае захаванне дзяржаўнасці і суверэнітэту кожнай краіны.

Аляксандр Папкоў нагадаў калегам, што Беларусь і Расія паставілі перад сабой амбіцыйную мэту: падвоіць да 2025 года ВУП. І, на яго думку, вырашыць яе без стварэння сумесных буйных вытворчасцяў, прамысловых кластараў, у тым ліку і ў АПК, — нерэальна.

У стратэгіі развіцця Расіі і Беларусі акцэнт на развіцці сельскіх тэрыторый і паляпшэнні якасці жыцця працаўнікоў. Рост экспарту прадуктаў харчавання на сусветныя рынкі, без зніжэння пры гэтым узроўню ўнутранага спажывання ялавічыны, малака, агародніны, немагчымы без прарыўных дзеянняў і стварэння дадатковай дабаўленай вартасці. На думку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, на дапамогу ў гэтым павінны прыйсці сучасныя інавацыйныя тэхналогіі.

Высока ацаніў работу аграрнай секцыі форуму і статс-сакратар — намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Іван Лебедзеў. Ён лічыць, што «неўзабаве мы адмовімся ад практыкі падпісання балансаў паставак сельгаспрадукцыі. Мы павінны давяраць адно аднаму, а не ствараць дадатковыя бар'еры. Няма ніякіх падстаў для парушэння балансаў, падпісаных сёння. Мы створым неабходныя ўмовы, каб у Беларусі адчувалі сябе ў гэтых адносінах камфортна. Гэта лагічны вынік добразычлівых і ўзаемавыгадных адносін брацкіх краін».

Марыя ПАЎЛОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.