У верасні ў Мінску ўпершыню прайшоў міжнародны турнір па бадмінтоне Belarus Іnternatіonal, ён стаў тэставым да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. На Falcon Club арэне, дзе пройдуць спаборніцтвы ў 2019 годзе, праверыць сябе мелі магчымасць не толькі спартсмены, але і арганізатары. Трэба сказаць, што ім гэта ўдалося, беларусы заслужылі пахвалу не толькі сваіх бадмінтаністаў, але і замежных. Што датычыцца спартсменаў, то прадстаўнікі нашай каманды двойчы падымаліся на п'едэстал. Алеся Зайцава стала бронзавым прызёрам турніру ў жаночым разрадзе. Другі медаль (таксама бронзавы) зборнай Беларусі ў змешаным разрадзе прынесла Настасся Чарняўская, якая выступіла ў пары з расіянінам Андрэем Клімянковым. З Насцяй мы і сустрэліся для інтэрв'ю, каб даведацца пра беларускі бадмінтон крыху больш.
— Настасся, міжнародны турнір упершыню прайшоў у Мінску, арганізатары справіліся?
— Так, арганізацыяй засталіся задаволеныя не толькі беларускія спартсмены, але і замежныя, усё прайшло на добрым, высокім узроўні, без накладак. Вельмі добрая арэна, зала. Для бадмінтона там былі створаны ўсе ўмовы, мы адчувалі сябе камфортна і ўтульна, адчувалася, што мы гуляем дома.
Для спартсмена заўсёды важна, каб ён меў у свабодным доступе свой расклад, бо часта гулец праводзіць у дзень не па адным матчы, асабліва калі выступае адразу ў некалькіх разрадах, і таму можа праводзіць у зале цэлы дзень. Што датычыцца тэхнічных момантаў, зала павінна адпавядаць пэўнай вышыні столі, улічваецца хуткасць ветру, кандыцыянеры, асвятленне, колер сцен, не буду ўдавацца ў дробныя дэталі далей. У Falcon Club у гэтых адносінах усё было добра.
— Калі казаць пра гульню, ці задаволены вы сваім вынікам?
— У пары з Алесяй Зайцавай хацелася б выступіць лепш, таму што мы з ёй гулялі не першы раз і рыхтуемся да Еўрапейскіх гульняў, ну і дома хацелася паказаць добры вынік, трошкі не склалася. Адзіночкай я задаволеная (дайшла да 1/8), хоць можна было і там згуляць лепш, але адбілася, можа быць, хваляванне або няўпэўненасць. Акрамя гэтага, гуляла мікст, вось там і заваявала бронзавы медаль, таму ў цэлым задаволена сваім вынікам на гэтым турніры.
— Наогул тое, што бадмінтон уваходзіць у праграму Еўрапейскіх гульняў, вялікі плюс для віду спорту?
— Вядома, хочацца, каб людзі даведаліся, што бадмінтон — гэта рэальны від спорту, прытым алімпійскі. Гэта не проста захапленне для пікніка ці вуліцы, а цяжкая праца, вынікі даюцца нам не так лёгка. Да таго ж бадмінтон — відовішчная гульня. Хацелася б, каб людзі ставіліся да нашага віду спорту лепш, каб яны былі развітыя ў спартыўным плане.
— Адсочваеце сітуацыю ў бадмінтоне, цікавасць павышаецца?
— Калі шчыра, пакуль слабавата. Нават калі ўзяць нядаўні турнір у Мінску, туды прыходзілі ўсе тыя, хто да гэтага цікавіўся бадмінтонам, аматары, якія самі ў нас на арэне гуляюць, бацькі, знаёмыя, сябры. І толькі адзінкі новых людзей, якія прыйшлі паглядзець на бадмінтон упершыню.
Але калі казаць у цэлым аб нашым відзе спорту, аб яго развіцці ў плане спартсменаў, а не глядацкага інтарэсу, то сітуацыя пачынае змяняцца ў станоўчы бок. Да кіраўніцтва прыйшлі новыя людзі. Да нядаўняга часу мы назіралі зацішша, раней была добрая канкурэнцыя ўнутры каманды, потым яна знікла і цяпер вось пачынае зноў з'яўляцца. Бо гэты від спорту не вельмі папулярны ў Беларусі, зарабіць на ім вельмі складана, большасць добрых і таленавітых спартсменаў робяць выбар не ў бок бадмінтона.
— Вы былі ў Баку на І Еўрапейскіх гульнях, як вам наогул гэты турнір, яго фармат?
— Гэта былі самыя буйныя спаборніцтвы ў маёй кар'еры, яны ў прынцыпе набліжаныя да Алімпійскіх гульняў, таму што там сабраныя розныя віды спорту, усе знаходзяцца ў адным месцы, жывуць у алімпійскай вёсцы, ва ўсіх адна мэта, усё дружна і арганізавана.
— Наколькі моцная канкурэнцыя чакаецца ў Мінску?
— Думаю, што ўсе сусветныя «зоркі» прыедуць, таму што ў Баку за ўдзел і прызавыя месцы не даваліся рэйтынгавыя ачкі. Гэта для спартсменаў вельмі важна, бо яны ўплываюць на іх рэйтынг. У Мінску сітуацыя іншая, спартсмены атрымаюць ачкі і яны ў тым ліку будуць уплываць на адбор на Алімпіяду 2020 года.
— Якія задачы ставіць перад вамі кіраўніцтва на дамашнія Еўрапейскія гульні?
— Вельмі вялікія. Вядома ж, застацца з медалямі. Мы будзем рабіць усё, што магчыма, будзем імкнуцца не падвесці. Падрыхтоўка ўжо пачалася, згуляем досыць турніраў зімой, але кантрольны старт будзе вясной, у красавіку пройдзе чэмпіянат Еўропы, па сутнасці, гэта будзе рэпетыцыя Гульняў, таму што на гэты турнір такі ж адбор і прыедуць тыя ж спартсмены. Наогул, для бадмінтаністаў важна гуляць шмат і рэгулярна, гэта ўплывае на рэйтынг спартсмена.
— Акрамя адзіночнага разраду на Еўрапейскіх гульнях згуляеце з Алесяй Зайцавай пару. Быць у тандэме складана?
— На жаль, з-за таго, што мы з Алесяй жывём у розных гарадах, трэніравацца разам атрымліваецца вельмі рэдка. У кожным разрадзе — і парным, і адзіночным — ёсць свае асаблівасці і ў тэхнічным, і ў псіхалагічным плане. Нават вызначыць, які з іх мне падабаецца больш, не магу.
— Вашы бацькі — спартсмены, мама шматразовая чэмпіёнка Саюза па бадмінтоне, тата баскетбаліст. Яны паўплывалі на ваш выбар прафесіі?
— Не, абсалютна, можна сказаць, што нават былі супраць таго, каб я займалася спортам. Я доўгі час танцавала, а ў бадмінтон прыйшла толькі ў 12 гадоў, гэта пазнавата. Не было чаго рабіць аднойчы, прыйшла да мамы на трэніроўку, але так спадабалася, што вырашыла застацца. Дзякуючы таму, што я была добра фізічна гатовая (усе ж такі на танцах рэпетыцыі ў нас былі таксама кожны дзень), хутка пачала дамагацца вынікаў, ужо праз два гады атрымала званне майстра спорту.
— Мама да гэтага часу з'яўляецца вашым трэнерам, бацькі-спартсмены — гэта плюс ці мінус?
— Цяжка сказаць, таму што я не жыла ў сям'і, дзе бацькі б займаліся іншым родам дзейнасці. Яны давалі мне парады да гадоў 14, а зараз ужо такога няма, бацькі разумеюць, што сам спартсмен лепш ведае і адчувае, што яму рабіць і як паступіць.
— Ваша мама выступала на Алімпійскіх гульнях у 1996 годзе, кажуць, дзеці павінны быць лепшымі за бацькоў...
— Так, мама расказвала, якая класная атмасфера была на Алімпіядзе, у яе шмат уражанняў, якімі яна дзялілася са мной. Я таксама стаўлю перад сабой мэту — трапіць на Алімпійскія гульні, але не для таго, каб перарасці маму, а для сябе.
Тата не працягнуў сваю спартыўную кар'еру дзеля таго, каб развівалася мама. У мяне няма ніякай крыўды і тады не было на яе, бо мама заўсёды прывозіла з-за мяжы падарункі. Для дзіцяці гэта было вельмі важна (усміхаецца).
— Чула, што вы захапляецеся шыццём?
— Так, палюбіла гэта яшчэ ў школе, хадзіла на розныя гурткі, мне падабаецца нешта прыдумляць, ствараць. Вырашыла паспрабаваць шыццё і ўцягнулася, не толькі ж бадмінтонам жыць. Цяпер шыю блузкі, кофты, спрабую ствараць верхняе адзенне. Некаторыя не могуць сядзець і рабіць такую дробную работу, а ў мяне гэта добра атрымліваецца. Я ўседлівая, магу патраціць шмат часу і атрымліваю ад гэтага задавальненне. Любоў да шыцця ў мяне, магчыма, спадчынная, сваякі былі добрымі краўцамі. Плюс маміна сястра, мая цётка, таксама шыла, нават школьную форму. Апранала і сябе, і маму.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота з асабістага архіва гераіні
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.