Вы тут

У Гомелі выстава распавядае пра 829 дзён акупацыі


Гісторыя — гэта не пра мінулае, гісторыя — гэта пра будучыню, — нагадваюць арганізатары выстаўкі «829 дзён», якая зараз экспануецца ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.


Гіс­то­рык Юрый ПАН­КОЎ.

Сярэбраныя зоркі памяці

Кожны дзень, пражыты Гомелем пад акупацыяй фашыстаў, стаў выклікам голаду, холаду, смерці... Выпрабаванняў было зашмат. Напрыклад, магчымасць ці адмаўленне ад супрацоўніцтва з немцамі. Арганізатары вернісажу задавалі складаныя пытанні аўдыторыі, сярод якой было многа моладзі: а як вы асабіста зрабілі б у такой неадназначнай сітуацыі?

Насамрэч, ніхто з нас не можа ведаць, лепшыя ці горшыя якасці ён бы праявіў у экстрэмальных абставінах — пакуль яны не здарыліся. Аднак такія пытанні вядуць да разважанняў: не толькі пра асабісты лёс, але і пра адказнасць. За тых, хто побач, за месца, дзе нарадзіўся, за краіну, у якой вучышся, працуеш, нараджаеш дзяцей...

— Вайна пачынаецца не са стрэлаў, яна пачынаецца з ідэй, — гаворыць старшы навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага аддзела Вольга ГВОЗДЗЬ. — У свеце жывуць розныя небяспечныя філасофіі. Менавіта таму давайце ўспомнім сваіх родных, якія супраціўляліся нацызму падчас Вялікай Айчыннай вайны. Не важна — на фронце, у партызанскім атрадзе ці ў акупацыі.

Знак успаміну — сярэбраная зорка. Сярод ахвотных прымацаваць яе на сцяну памяці ствараецца чарга. Яна Ясіноўская заканчвае абласны ліцэй і прысвяціла зорку свайму родзічу:

— Мой прадзед Іван Аляксандравіч Ісакс дайшоў да Берліна і потым аднаўляў Гомель пасля вайны. Мне пра яго расказвалі бабуля і маці.

Сваю зорку на імправізаваную сцяну замацоўвае і рэстаўратар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Мікалай Лабанаў:

— Мая зорка прысвячаецца бацьку Мікалаю Канстанцінавічу, які ў гады вайны служыў у контрразведцы.

Аб'ектыўныя крыніцы гісторыі

Экспазіцыя «829 дзён» здаецца спачатку даволі сціплай, але ж кожную паперу, фотаздымак ці плакат гісторыкі прымушаюць гаварыць. І тады, напрыклад, высвятляецца, што ў Гомелі на сённяшняй плошчы Паўстання размяшчаўся лагер для перасыльных ваеннапалонных «Дулаг-121». За гады вайны ў ім загінула больш за 100 тысяч чалавек. Сярод экспанатаў — занатаваныя ўспаміны вязня гэтага лагера Паўла Губіна. Яму пашчасціла выжыць і збегчы.

На выстаўцы ёсць дакументы, якія сведчаць пра масавыя пахаванні мірных жыхароў і ваеннапалонных, яўрэйскія гета, пляцоўкі для расстрэлаў і паказальных пакаранняў... І шмат невядомых дагэтуль фотаздымкаў тых часоў. Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый ПАНКОЎ больш за дзесяць гадоў таму зацікавіўся ваеннай гісторыяй горада над Сожам:

— Сёння ў Германіі на гарышчах многіх дамоў нашчадкі знаходзяць старыя фотаздымкі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі супраць Савецкага Саюза. Справа ў тым, што амаль кожны немец меў у тыя часы фотаапарат і здымаў усё, што лічыў неабходным пакінуць «на памяць». Цяпер такія фотакарткі прадаюцца на інтэрнэт-аўкцыёнах. Мне прыйшлося паўдзельнічаць у іх і заплаціць даволі вялікія сумы за асобныя фота.

Фраг­мент экс­па­зі­цыі вы­стаў­кі «829 дзён».

У калекцыі не адна сотня арыгінальных фотаздымкаў. Усе яны зняты звычайнымі салдатамі ў час акупацыі — з 1941 да 1943 года. Немцы здымалі абсалютна ўсё: архітэктуру, кампаніі сяброў, купанне ў Сожы, гандаль на цэнтральным рынку, лагер «Дулаг-121» і нават коцікаў. Аматарскія, а не прапагандысцкія здымкі тых часін — самыя аб'ектыўныя крыніцы гісторыі.

Фотазнаходкі

Юрый карпатліва працуе з маленечкімі фотакарткамі. Для прафесійнага гісторыка гэта не проста калекцыянаванне. Гэта — цікавая навуковая работа, якая дае ўяўленне пра рэальнае жыццё горада ў перыяд акупацыі:

— Мне прыходзілася дакладна вызначаць тыя месцы, дзе знята кожная фатаграфія. Злучаў выявы будынкаў і інфармацыю пра іх. Часам прыходзілася выходзіць на месца з картай нямецкай аэрафотаздымкі, каб дакладна вызначыць, дзе было зроблена фота.

У экспазіцыі палаца Румянцавых і Паскевічаў, згодна з вопісам, некалі знаходзілася скульптура «Тры грацыі» Антоніа Кановы. Юрый знайшоў фота з падобнай выявай, датаванае 1943 годам. А праз некаторы час музей набыў альбом з фотаздымкамі палаца ў 1911 годзе. Такім чынам было зроблена сапраўднае адкрыццё: стала зразумела, што твор мастацтва знаходзіўся ў Гомелі да самага адступлення немцаў. А гісторыкі змаглі пабачыць хоць бы на здымку адзін з самых прыгожых экспанатаў. На жаль, сама скульптура знойдзена не была. Між тым, сцвярджае Юрый Панкоў, адкрыцці яшчэ наперадзе, бо вельмі многа гарышчаў у Германіі яшчэ не разабраныя.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».