Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Арына Сабаленка займае 12-е месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Нагадаем, тыдзень таму яна была 15-й. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 30-м радку, Вікторыя Азаранка займае 53-е месца, у Веры Лапко 65-я пазіцыя. Першай у рэйтынгу па-ранейшаму ідзе румынка Сімона Халеп.

У вырашальным матчы мужчынскага парнага разраду турніру Кубка Крамля Максім Мірны і Філіп Освальд сустракаліся з амерыканскім дуэтам Осцін Крайчэк і Раджыў Рам і саступілі ў двух сэтах — 6:7 (4:7), 4:6.

Вера Лапко і Мэндзі Мінэла з Люксембурга прайгралі ў фінале парнага разраду турніру ў Люксембургу бельгійскаму дуэту Алісан ван Эйтванк / Грэцье Мінен — 6:7 (3:7), 2:6.


2. Завяршыліся ўсе матчы 25-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» разграмілі «Слуцк» — 3:0, а «Смалявічы» прайгралі «Іслачы» 0:1. Вынікі іншых гульняў: БАТЭ — «Гарадзея» — 3:2, «Шахцёр» (Салігорск) — «Нёман» (Гродна) — 1:0, «Віцебск» — «Дняпро» (Магілёў) — 3:0, «Мінск» — «Дынама» (Мінск) — 3:3, «Дынама»-Брэст — «Тарпеда-Мінск» — 2:0.

Завяршыўся тур у панядзелак увечары матчам «Прамень» (Мінск) — «Гомель».

Турнірнае становішча:

1. БАТЭ — 60 ачкоў (24 матчы),

2. «Шахцёр» — 51, (24),

3. «Віцебск» — 50 (24),

4. «Дынама» (Мінск) — 49 (24),

5. «Тарпеда-БелАЗ» — 43 (24).


3. Хакеісты мінскага «Дынама» саступілі на выездзе новасібірскай «Сібіры» з лікам 0:6 у чэмпіянаце КХЛ. Адзначым, што абодва клубы ў гэтым сезоне знаходзяцца ў ліку аўтсайдараў Усходняй і Заходняй канферэнцыі. Выязную серыю «Дынама» працягнула ўчора сустрэчай з «Барысам», а заўтра «зубры» згуляюць з омскім «Авангардам».

Дарэчы сёння пост генеральнага дырэктара ХК «Дынама-Мінск» па асабістай ініцыятыве ў сувязі са сканчэннем кантракта пакінуў Анатоль Курылец.


4. Тры паражэнні ў трох дамашніх матчах пацярпелі баскетбалісты мінскага клуба «Цмокі» на старце сезона Адзінай лігі ВТБ.
7 кастрычніка каманда Аляксандра Круцікава саступіла дэбютанту «Зялёнай Гуры» з Польшчы — 71:88, пазней прайграла казахстанскай «Астане» — 86:93, а 20 кастрычніка была слабейшай за «Ніжні Ноўгарад» — 78:87.

Наступны матч «Цмокі» таксама правядуць у Мінску, 27 кастрычніка яны сустрэнуцца з краснаярскім «Енісеем».

Нагадаем, у мінулым сезоне беларуская каманда не трапіла ў лік васьмі ўдзельнікаў плэй-оф, заняўшы 9-е месца сярод 13 клубаў.


5. Гандбалісткі мінскай каманды БНТУ-БелАЗ выбылі з розыгрышу Кубка ЕГФ, двойчы прайграўшы ў паядынках 2-га кваліфікацыйнага раўнда расійскай «Кубані».

Абодва матчы з-за фінансавых праблем БНТУ-БелАЗ пагадзіўся правесці 20—21 кастрычніка на выездзе, у Краснадары.

У першым матчы мінчанкі прайгралі з лікам 22:29, у другім — 20:25.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: «Дынама» працягвае піке

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.