Вы тут

Як і хто дапамагае змагацца з восамі ў кватэры?


Неяк ранкам я знайшла ў сябе на кухні некалькі вос. Трапілі праз фортку, падумала я, і пакінула акно расчыненым, каб яны вылецелі. Пасля заўважыла, што яны пастаянна лётаюць каля майго балкона. Хай сабе, вырашыла я, абы не лезлі ўнутр. А праз два тыдні сусед выклікаў ратавальнікаў, бо ў яго спальні лётала ўжо 50 насякомых. Аказалася, крылатыя «суседзі» зрабілі жыллё не ў стыку панэляў звонку дома, як я думала, а проста пад падлогай спальні Валодзі, суседа зверху, а ў пліце балкона ў іх была толькі «веранда» да апартаментаў велічынёй ледзьве не ў паўметра, якія яны «несанкцыянавана здымалі» ўжо некалькі гадоў. Вядома, за гэты час пасяленне вос вырасла, і яны пачалі «расшырацца» з-пад падлогі ў спальню.


Атруціць і запеніць

Перш чым пачынаць барацьбу з восамі, камунальнікі праверылі, ці сапраўды ў суседа існуе тая праблема. Дагэтуль, дарэчы, насякомыя паспелі ўджаліць дачку суседзяў з пятага паверха. Гнязда, вядома, не знайшлі, але месца, куды яны зляталіся, убачылі. Яно было якраз над маім балконам. Вось тую паверхню ў пліце і апрацоўвалі ратавальнікі спецыяльным «дыхлафосам», высунуўшыся праз фортку на маім балконе. Пасля гэтага восы павінны былі вылецець з гнязда, а тыя, што прыляцелі б з вуліцы, — прыклеіцца. Але дзе там — пара-тройка ўзвілася. Ну, няйнакш на вуліцы засталіся, вырашылі ўсе, і запенілі адтуліну ў пліце мантажнай пенай. Цяпер уваход быў запячатаны, і тыя, хто не загінуў ад атруты, павінны былі акалець ад голаду ў гняздзе. Праўда, мяне папярэдзілі, што найперш яны могуць паспрабаваць знайсці іншае выйсце і з'явіцца на маім балконе. Прыйшлося пагадзіцца з гэтым, таму што абяцалі выратаваць у такім выпадку і мяне. Аднак нічога не адбывалася, восы маўчалі.

Тады пайшлі на верхні паверх да суседа. Валодзя на той момант ужо заклеіў скотчам плінтус, бо з-пад яго і выляталі ў спальню восы, і лічыў, што ўласную прастору ўжо абараніў. «Я гадзіны тры з гэтай паўсотняй змагаўся, забіваў па адной, цяпер ужо ў хаце няма», — паведаміў ён ратавальнікам. Тым не менш яны вырашылі праверыць плінтус, адкуль з'яўляліся восы. Там гуло. Папырскалі атрутай — загуло яшчэ больш, а некалькі насякомых з'явілася ў спальні.

Валодзю папярэдзілі, што гняздо, відаць, у хаце, таму лепш зняць плінтус і праверыць. Як толькі плінтус ададралі, гул узмацніўся, і вос у пакоі стала больш. Бачылі б вы твар Валодзі, калі яму сказалі, што гняздо пад падлогай і яе трэба зрываць... А падлога ў нашым доме — гэта дошкі на лагах, зверху абабітыя тоўстымі лістамі ДСП. Аднак восы гулі, атрута на іх не дзейнічала. Сусед спачатку аднекваўся, пасля скарыўся непазбежнаму.

Таямніца падлогі

Перш чым ускрываць падлогу, ратавальнікі апранулі спецыяльныя касцюмы і сталі падобныя да пчаляроў-снегавікоў. Падлогу ў кутку рэзалі балгаркай, я стаяла напагатове з фотаапаратам, каб зняць палёт.

І яны паляцелі. Адзін з ратавальнікаў рэзаў падлогу, а другі засмоктваў насякомых «ветрадзьмухаўкай» — такім спецыяльным прамысловым пыласосам. Тым не менш восы палезлі па сценах і мэблі, узняліся пад столь... Я збегла...

Двух ратавальнікаў без касцюмаў, якія былі за дзвярыма і літаральна пару разоў уваходзілі ў пакой з восамі, каб нешта ўдакладніць, паспелі ўджаліць. У адказ на маё пытанне пра загартоўванне імунітэту яны толькі смяяліся. Так, пацвердзілі, за гады прызвычаіліся да ўкусаў, але заўжды маюць пры сабе адпаведныя таблеткі.

Некалькі гадзін — і гняздо ліквідавалі, але ў спальню яшчэ з тыдзень зайсці было немагчыма — пахла атрутай. Зламаную падлогу Валодзі прыйдзецца рамантаваць самому, бо ЖЭС аднаўляе толькі паверхні, якія ратавальнікі пры рабоце пашкодзілі звонку дома.

Сітуацыі аднолькавыя, рэакцыя — розная

Выпадкі, калі восы, пчолы і шэршні селяцца побач з людзьмі, — не рэдкасць. За гэты год супрацоўнікі мінскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях выязджалі на джаланосных ужо больш за 830 разоў. У Мінску тры спецыялізаваныя атрады, якія ліквідуюць гнёзды насякомых.

Выезды МНС па выкліках арганізацый адукацыі і аховы здароўя бясплатныя, астатнім — за грошы. Хоць пэўны алгарытм дзеянняў, вядома, існуе, сказаць, што ратавальнікі працуюць з дакладным пералікам выпадкаў, нельга.

— На барацьбу з джаланоснымі мы выязджаем увечары, калі восы ўжо «дома». Калі яны не знойдуць гнязда на ранейшым месцы — стануць агрэсіўнымі. Насякомыя часцей знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах, і тады можа існаваць пагроза жыццю і здароўю людзей, — пракаментавала Вольга МЕЛЬЧАНКА, афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — У кожнай сітуацыі мы рэагуем у залежнасці ад абставін і інфармацыі, якую нам паведамляе заяўнік. Нават у двух аднолькавых выпадках мы можам адрэагаваць па-рознаму. Калі, напрыклад, у дзіцяці палец захраснуў у ленце эскалатара і дарослыя не могуць яго вызваліць, мы, зразумела, едзем. Але калі нам кажуць, што палец дзіцяці вызвалілі, але ў яго  маюцца пашкоджанні, гэта ўжо справа медыкаў.

Час джаланосных і смерцяў

Пік змагання з насякомымі — жнівень — верасень. У гэты час яны становяцца асабліва злоснымі, шукаюць цёплыя шчыліны, дзе можна перажыць зіму, расказаў Сяргей КАТОЎСКІ, камандзір аддзялення пажарна-аварыйнай ратавальнай часці № 14 Заводскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях, адзін з ратавальнікаў, якія змагаліся з восамі ў майго суседа, дарэчы, тэхнік-пчаляр па адукацыі.

— У Заводскім раёне шмат джаланосных: і восы, і пчолы, і шэршні. Селяцца яны звычайна паміж панэлямі дамоў, на балконах, могуць збудаваць гняздо на гарышчы. Пік іх актыўнасці ўжо прайшоў. Пасля вашых суседзяў мы бадай што і не ездзілі па такіх выкліках. А ў іх восы дакладна жылі не адзін год, бо стварыць такое за год нерэальна.

Супрацоўніцтва з ЖЭСамі цяпер, кажа Сяргей Катоўскі, працягваецца сезонам пажараў на падворках і ў хатах. Агонь займаецца і з-за неабачлівасці людзей і праз тое, што неадрамантаваная праводка ці не пачышчаны комін. Хоць і летам прыватныя сядзібы гараць, асабліва ад лазняў. Спецыфіка ратаванняў не вызначаецца парой года.

— Ніколі не ўгадаеш, калі заступаеш на суткі, што цябе чакае. Старажылы кажуць, што як пашаруеш мігалкі — паедзеш на выклік, але гэта не заўжды працуе. За мае 18 гадоў службы праверана: як толькі выдадуць новую форму — у той жа дзень трапіш туды, дзе выпацкаешся з ног да галавы, — смяецца ратавальнік і ўжо сур'ёзна дадае. — Асаблівая актыўнасць ДТЗ прыходзіцца на вечар пятніцы і вечар нядзелі, калі людзі імкнуцца з горада і назад. А ўсё праз спешку і неабачлівасць. Адносна нядаўна фура «падрэзала» трактар, і той перакуліўся. Мы вадзіцеля выцягнулі, медыкі, здаецца, адкачалі, а па дарозе ў бальніцу ён памёр.

Падазроныя пахі, снег, ліўні

Ад пасялення насякомых не застрахаваны ніводзін дом, упэўнены камунальнікі. Разам з ратавальнікамі яны абавязаны выязджаюць не толькі на ліквідацыю гнёздаў крылатых, але і на скаргі на пах дыму ці газу з кватэры.

— Мы працуем па заявачным прынцыпе пасля папярэдняга абследавання і дамаўлення з жыхарамі на пэўны час. Як правіла, гэта адбываецца пасля васьмі вечара, і нашы людзі застаюцца на працы і ідуць з ратавальнікамі на аб'екты, — расказала Лілія ЕРМАЛАЕВА, дырэктар ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мінска. — У нас няма ні абсталявання, ні навыкаў, каб знішчыць вос, аднак мы ў адказе за тэхнічны стан дома і за жыхароў, таму наша прысутнасць пры вырашэнні праблемы абавязковая. Без нас ратавальнікі туды проста не пойдуць.

Тое ж самае датычыцца і абследаванняў на наяўнасць падазроных пахаў. Калі патыхае газам, перш чым пасылаць газавікоў, у пад'езд ідуць камунальнікі. Калі цягне дымам ці гарам, працуюць адразу сумесна з ратавальнікамі.

— Часта да бяды прыводзіць элементарная няпамятлівасць. Прыйшоў з работы, паставіў сасіскі варыцца, забыўся, заснуў, — кажа Лілія Ермалаева. — А здараецца, чалавек так утупіцца ў тэлевізар, што ў дзверы не дагрукацца, а ў яго шланг у пральніцы парваўся і два паверхі заліло. Добра, што чайнікі са свісткамі ёсць, а мікрахвалёўкі сігналы падаюць. А то такое адчуванне, што некаторыя проста адключаюцца, прыйшоўшы дадому, і ні на што не рэагуюць.

Да сітуацый, калі існуе пагроза жыццю людзей і ЖКГ з МНС працуюць у звязцы, адносяцца таксама падтапленні. Ад гэтага пакутуюць у асноўным прыватны сектар і месцы з кепскай або адсутнай ліўневай сістэмай. Яркія прыклады ў сталіцы — гэта Няміга, пасёлак Паўночны, станцыя метро «Магілёўская»... Тут без МНС з помпамі не абысціся.

— Дарогі ад дрэў пасля ўраганаў дапамагаюць расчышчаць таксама ратавальнікі. Пасля ўжо далучаемся мы і завяршаем справу, — дадала Лілія Ермалаева. — Дарэчы, калі ў 2016-м над Мінскам праляцеў ураган, з рэзерву МНС выдзелілі сродкі на рамонт кватэр і балконаў, якія пацярпелі, калі ліўнёўка дамоў не справілася з патокамі. А падчас вялікіх снегападаў, акрамя ратавальнікаў і нас, усе нераўнадушныя бяруцца за лапаты.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Крылатыя кватэранаймальнікі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.