У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з прадстаўнікамі іншых міністэрстваў і ведамстваў, сярод якіх праваахоўнікі, супрацоўнікі энерганагляду, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведваюць сем'і, дзе выхоўваецца шмат дзяцей, а таксама тыя, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама старых, якія жывуць адны. Карэспандэнты «Звязды» адправіліся на Чэрвеньшчыну, каб пабачыць усё на свае вочы.
Насельніцтва Чэрвеньскага раёна складае каля 32 тысяч чалавек. Прыкладна трэць з іх — жыхары раённага цэнтра. Шмат сярод іх людзей старых. І 440 шматдзетных сем'яў.
Адна з такіх, сям'я Тоўсцікаў, жыве ў прыгожым дагледжаным доме. Дома мы застаём гаспадыню Валянціну Анатолеўну.
— У нас праходзіць акцыя «За бяспеку разам!», — кажа інспектар нагляду і прафілактыкі Чэрвеньскага РАНС Кірыл Бажко. — Абследуем, як дом падрыхтаваны да зімы. У вас якая сістэма ацяплення? І калі вы апошні раз правяралі вентыляцыйныя каналы?
— Грэемся мы газам. А вентыляцыйныя каналы правяралі месяц таму, як і кацёл. Вось усе дакументы. Праводка новая, пажарныя апавяшчальнікі стаяць ва ўсіх жылых пакоях і выведзены на вуліцу.
— Зараз праверым, як працуе, — кажа Кірыл Бажко і падносіць ручку да апавяшчальніка. Праз некалькі секунд той пачынае пішчаць.
— Апавяшчальнік паставілі летась, літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як з'явіўся трэці малы, — кажа гаспадыня. — Муж замяніў батарэйку, калі прыбор пачаў пішчаць. Дома ён стараецца не курыць, каб мы не дыхалі дымам. Адзінае — застаўся толькі касметычны рамонт, але яго мы зробім налета.
Па наступным адрасе нас сустракае вельмі гасцінная і жвавая бабуля Зінаіда Ярашэвіч. Нават і не верыцца, што ёй ужо за 70 гадоў. Жыве яна адна. 50-гадовы сын памёр два гады таму. А больш дзяцей у старой не засталося. Затое бабулі дапамагае ўнук, які жыве і працуе ў Чэрвені. Дом зараз рамантуецца — на падлозе ляжыць скручаны лінолеум, шпалеры таксама паказваюць на тое, што іх неўзабаве заменяць.
— Печка ў вас у добрым стане, — кажа Кірыл Бажко. — А прыпечны ліст?
— Збоку. Тут печка крыху нестандартная, і таму топка каля сцяны.
— Бабуля, нельга ж было праводку фарбаваць! — зазначае дзяржаўны інспектар Чэрвеньскай раённай інспекцыі энерганагляду Дзмітрый Камінскі. І сапраўды, праводка ў хаце мае незвычайны чорны колер.
— Чаму гэта? — вельмі здзіўляецца старая. — Я ж хацела, каб было прыгажэй.
— Таму што ізаляцыя становіцца гаручай. А ў вас яшчэ і пад шпалерамі правады пакладзены. А калі прабой здарыцца? Вы ж не заўважыце, што нешта не так. І будзе пажар.
— А я карабы пастаўлю. Вось калі будзем клеіць новыя шпалеры, тады і памяняю. З унукам усё зробім.
— Вы патэлефануйце яму, каб ён яшчэ комін праверыў.
— А ўнук ужо злазіў на гарышча. Ён да мяне перыядычна прыходзіць і ва ўсім дапамагае.
— Нешта я тут у вас аўтаномны пажарны апавяшчальнік не бачу, — кажа Кірыл Бажко.
— Гэта вы яго не заўважылі, — пасміхаецца старая. — Вось жа ён, над дзвярыма. Мне сказалі, што калі батарэйка стане слабой, то апавяшчальнік пачне пішчаць. Але пакуль усё ціха.
— Трымайце памятку па электрабяспецы, — кажа Дзмітрый Камінскі. — А па праводцы ўсё ж не зацягвайце. Зіма наперадзе, не самы лепшы час для рамонту...
— Зробім! — упэўнена кажа бабуля. — Вось я ўжо лінолеум купіла, спачатку яго заменім. А пасля за праводку возьмемся...
Гаспадар наступнага дома — пенсіянер Мікалай Шыбко. Хоць даўно жыве ён адзін, але візуальна гэтак не здаецца. Унутры ўсё чыста прыбрана. Ложак засцелены, над ім прымацаваны радыёпрыёмнік. На экране тэлевізара — кадр нейкага серыяла. Здаецца, што гаспадыня кудысьці выйшла... Але насамрэч Мікалаю Барысавічу дапамагае сацыяльны работнік.
— Якое ў вас ацяпленне? — пытаецца Кірыл Бажко.
— Газавае. Кацёл у прыбудове. Апавяшчальнікі тут. Спецыялісты газавай службы прыходзілі да мяне ў жніўні. Усе дакументы ёсць.
— А навошта вы заклеілі праводку шпалерамі? — пытаецца Дзмітрый Камінскі. — Трэба ж перарабіць.
— Гэта яшчэ было да мяне зроблена... Я шмат часу правёў у бальніцы, і таму не мог займацца рамонтам.
Нашу ўвагу прыцягвае комін. На ім візуальна бачна трэшчына.
— А вось яго неабходна адрамантаваць, — кажа Кірыл Бажко. — Так, ён у вас пабелены. Значыць, калі не ўвесь дым пойдзе на вуліцу, то вы заўважыце. Аднак усё роўна, у раёне бываюць пажары з-за няспраўных печаў.
— Даўняя гісторыя. Во, бачыце, як бэлька крыва ляжыць? Ды і дом крыху «гуляе», што заўважна па дзвярах, якія часам складана адчыняюцца. Таму я папрасіў, каб мне патынкавалі комін, але ж сажы пакуль няма, як бачыце...
— А электрабойлер ёсць у вас?
— Ёсць. Але я ім узімку карыстаюся, — запрашае Мікалай Шыбко ў прыбудову.
— Не зусім правільна ён у вас падключаны, — кажа Дзмітрый Камінскі.
— А што з ім не так? — цікавіцца стары.
— Каб разгрузіць электрычную сетку, мы рэкамендуем рабіць для яго асобнае падключэнне з дыф-аўтаматам. У рэжыме нагрэву бойлер усё-такі спажывае шмат электрычнасці. Я пакіну вам памятку, каб вы паглядзелі, як гэта правільна робіцца.
— У мяне пробкі стаяць аўтаматычныя. І я адначасова не ўключаю бойлер з чым-небудзь, бо разумею, што занадта вялікая нагрузка будзе.
— Пробкі могуць яе не заўжды адчуваць, — тлумачыць Дзмітрый Камінскі. — Можа здарыцца так, што корпус пачне праводзіць ток. Стоячы басанож на кафельнай падлозе, можа атрымаць удар токам. Дыф-аўтамат жа адразу выб'е...
А вось у Тамары Гус, якая выхоўвае двух дзяцей з парушэннямі развіцця, з праводкай, печкай і апавяшчальнікамі ўсё аказалася добра. Больш за тое — апавяшчальнікі ў іх доме стаяць нават у калідоры. Сістэма спраектавана так, што спрацоўванне апавяшчальнікаў пачуюць не толькі гаспадары, але і суседзі па вуліцы. Сацыяльная служба прывезла, сярод іншага, для сыноў гаспадыні невялікі сюрпрыз — мяккія цацкі. І ў вачах дзяцей загарэлася іскрынка...
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Таццяны ТКАЧОВА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.