Вы тут

Мамін дзённік. Дзіця не кот


Першыя некалькі месяцаў мы чакалі дачушку. Муж быў на сёмым небе ад шчасця — нарэшце, маленькая прыгажуня разбавіць іх пераважна мужчынскую частку сям'і.


Калі на другім скрынінгу стала зразумела, што будучаму немаўляці трэба прыдумляць іншае імя, а таксама перастаць набываць рэчы ружовага колеру, слёзы нечаканасці і нават нейкай роспачы пацяклі з вачэй. І не таму, што я была катэгарычна супраць сына (прынамсі, у падсвядомасці я ведала, што першым будзе менавіта хлопчык). Не хацелася рушыць мужаву ілюзію, якая склалася вакол яшчэ ненароджанай дачкі. Дарэмна. Навіну, што ўсё ж будзе сын, як і любы мужчына, ён успрыняў з пачуццём гонару, адказнасці. Як ні кажы, працяг роду для іх не пустое слова.

Цяпер ён не ўяўляе жыцця без нашага Цёміка. Быццам паўлін, шчыруе з каляскай на вуліцы і з асалодай ловіць часам зайздросныя позіркі татаў дачок. А калі нехта скажа, што хлопчык, якога ён трымае на руках, — яго маленькая копія, не можа нарадавацца. Нядаўна мужаў найлепшы сябар набыў коціка. «Не ўяўляеш, якое гэта шчасце!» — дзеліцца той па тэлефоне. «Падумаеш, кот, — адказвае Дзіма. — Вось у мяне дома сапраўды шчасце...»

Праўда, гэта сёння ён не выпускае з рук сваё «самае дарагое», з хваляваннем, але памяняе падгузак, без страху пабудзе з пяцімесячным сынам, калі маме трэба кудысьці адлучыцца. Калі ж, забіраючы нас з радзільні, муж трымаў у вялікіх далонях маленькі кулёчак, які ўручыла яму медсястра, здавалася, яму самому патрэбна была дапамога. Падчас першых спроб панасіць сына на руках толькі і чула: «дапамажы правільна ўзяць галаву», «паглядзі, ці добра так...» А пасля працяглай камандзіроўкі ўвогуле пазбягаў дакранацца да малога — баяўся нашкодзіць.

Гэта яны смелыя, пакуль няма ўласных дзяцей. Яшчэ калі мы чакалі нашага сына, муж казаў, што будзем загартоўваць яго з маленства. Маўляў, форткі ў кватэры будуць увесь час адчынены, адзяваць толькі па надвор'і і ніякіх хутанняў! Калі ж на другі дзень пасля выпіскі з радзільні дамоў прыйшла патранажная медсястра, была моцна здзіўлена, якой цёплай коўдрай накрыты малы — у пакоі, між іншым, было ў раёне 25 з плюсам. А на заўвагу наконт зачыненых фортак пачула (прычым не ад мяне): «Дык скразняк жа!» Відаць, смешным муж выглядаў і тады, калі падчас летніх прагулак туды-сюды перастаўляў каляску — выбіраў ракурс, каб вецер не падзьмуў на малога (прынамсі, калыска амаль з усіх бакоў абцягнута матэрыялам). Не буду ўжо казаць пра рэакцыю мужа на першыя соплі і вінаватую жонку, якая адзела сына ў цесныя паўзуны. Калі яго дзіця спіць, іншыя павінны маўчаць, і крый Божа, калі побач цяўкне сабака!

Адным словам, сваіх бацькоў разумеем, напэўна, толькі тады, калі самі становімся імі. Галоўнае — не перагнуць палку. Не вучыць сына даваць здачы, калі яго пакрыўдзіць аднакласнік. Не высвятляць адносіны з настаўнікамі, якія «незаслужана» паставілі твайму дзіцяці дрэнную адзнаку. Не патакаць кожнаму «хачу» і не рабіць заўвагу дзяўчынцы, якая выпадкова штурхнула яго на гульнявой пляцоўцы...

Жанчыны, выхоўвайце хлопчыкаў такімі, якіх мужчын хочаце бачыць побач з сабой. Ды і таты мараць, каб іх маленькая копія стала сумленным чалавекам, надзейнай апорай, годным працягам свайго роду.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.