Вы тут

Сямейная пошта. Дзе ім лепш?


Я працую настаўнікам пачатковых класаў у Навабыхаўскім дзіцячым садку — СШ Быхаўскага раёна. Вельмі люблю дзяцей і стараюся абараніць іх ад жорсткасці навакольнага свету.


Некалькі гадоў таму я працаваў дырэктарам у адной з сельскіх школ нашага раёна, і там са мной адбыўся вось такі выпадак. Мне давялося ўдзельнічаць у працэсе адабрання дзіцяці з сям'і. Відовішча гэта не для слабых нерваў. Адразу скажу, што была праведзена каласальная работа як нашай школай, так і іншымі арганізацыямі і ўстановамі, каб прадухіліць гэтую сітуацыю. Але нічога не падзейнічала. Маці да апошняга моманту не разумела, што дзіця могуць забраць. Працягвала п'янстваваць, весці разгульны лад жыцця, звязалася з сумніўнымі асобамі. І калі прыехала камісія, то і сама маці, і яе сабутэльнікі былі ў шоку. Не перадаць словамі, колькі было слёз і істэрык. Дзіця забралі, і ўжо на наступны дзень жанчына сядзела ў мяне ў кабінеце з пытаннем: як вярнуць сына? Неўзабаве яна змяніла свой лад жыцця ў лепшы бок: уладкавалася на работу, перастала піць, і дзіця ёй аддалі... Пасля, ужо не працуючы ў гэтай школе, я даведаўся, што яна аформіла свайго сыночка ў кругласутачны інтэрнат, і ён прыязджае дадому пагасціць толькі па святах і на канікулах...

Апошнім часам упор у нас робіцца на тое, каб пакінуць дзіця ў сям'і. Нават калі сітуацыя на першы погляд здаецца бязвыхаднай. Мы просім бацькоў стаць на шлях выпраўлення, усвядоміць сваю адказнасць перад дзецьмі, імкнёмся ім дапамагчы, пагражаем пазбаўленнем бацькоўскіх правоў... Але часам гэта не дае вынікаў... Вось тады і разумееш, чаму неабходныя дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, якія атрымалі вялікае распаўсюджанне ў нашай краіне. Гэта патрэбны і вельмі важны кірунак. Ён дае дзіцяці другі шанц, магчымасць атрымаць клопат і адчуць сябе абароненым. Я схіляюся перад людзьмі, якія ўзялі на сябе груз адказнасці за выхаванне чужога дзіцяці, хоць мне гэтае слова і рэжа слых — не бывае дзяцей чужых. Я дзякую ўсім, хто добрасумленна, адказна, а самае галоўнае з душой узяўся за гэтую справу. Але як ні сумна, часам ёсць і адваротны бок медаля.

Неяк адзін з маіх калег працаваў у групе, што наведвала адну з прыёмных сем'яў. Жанчына ўзяла на выхаванне двух дзяцей: хлопчыка і дзяўчынку. Дзяржава рэгулярна плаціла ёй дапамогу на іх утрыманне, аказвалі гуманітарную дапамогу, пасільную дапамогу прапаноўвалі мясцовыя структуры і арганізацыі. Калі камісія прыйшла ў гэтую сям'ю, высветлілася, што дабрабыт тут адчувальна палепшыўся ў параўнанні з мінулымі гадамі. У прыватным доме з'явіўся туалет, ванны пакой, быў зроблены рамонт і да т. п. Гаспадыню сталі хваліць: маўляў, цяпер дзеці змогуць карыстацца ўсімі гэтымі выгодамі. Яна ж без усялякага сораму адказала, што выгоды — не для дзяцей, што яны павінны быць удзячныя за тое, што іх «узялі ў прыстойны дом».

Хочацца верыць, што гісторыя, апісаная ў гэтым артыкуле, адзінкавая. Не магу зрабіць адназначных высноў, дзе лепей будзе дзецям, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Такога вываду не зробіць, напэўна, ніхто. У ідэале дзіця павінна жыць у сям'і з мамай і татам, якія яго любяць і клапоцяцца пра яго. Калі так не атрымліваецца, мы, «чужыя» дарослыя, павінны паклапаціцца пра тое, каб у кожнага дзіцяці было шчаслівае дзяцінства. Ці хоць бы проста нармальнае. Як мінімум.

Анатоль Аскірка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».