Вы тут

Эксперымент па разметцы праезнай часткі для веласіпедаў праходзіць у Брэсце


На вуліцы 17 Верасня ў абласным цэнтры ўвагу адразу прыцягвае не зусім звычайная разметка праезнай часткі. Уздоўж па дарозе праходзіць зялёная паласа. Гэта дарожка для двухколавага транспарту.


Начальнік міжраённага аддзела арганізацыі дарожнага руху Брэсцкага абласнога ДАІ Уладзімір Фяськоў расказаў, што так праходзіць эксперымент па ўладкаванні велапаласы. Калі новая арганізацыя руху сябе апраўдае, паласа будзе прадоўжана да вуліцы Арджанікідзэ, дзе цяпер узводзіцца аўтавакзал.

— Варта адзначыць, што дарожка з'яўляецца своеасаблівай паласой размежавання транспартных патокаў. Такім чынам веласіпедысты, якія рухаюцца па вуліцы 17 верасня, едуць па звычайным шэрым асфальце. А зялёны колер выкарыстоўваецца для пазначэння веласіпеднай дарожкі ў месцах перасячэння патокаў. А вось прыпаркаваць аўтамабіль у напрамку праспекта Машэрава справа цяпер нельга, нават ехаць тут можна не бліжэй за метр да бардзюра. Праўда, пры абнаўленні разметкі выдзелена месца для паркоўкі аўтамашын з левага боку ўздоўж праезнай часткі. Усё гэта зрабілі для стварэння бяспечных умоў руху і веласіпедыстаў, і пешаходаў, і аўто, — падкрэсліў Уладзімір Фяськоў.

Дарэчы, разметка для веласіпедаў наносіцца па асаблівай тэхналогіі: яе «малююць» халодным пластыкам у выглядзе кропак. Таму пры наездзе на яе колам аўтамабіля ствараецца шумавы эфект — так кіроўца машыны чуе, што выехаў за межы сваёй паласы руху. Матэрыял для разметкі вырабляецца на брэсцкім прадпрыемстве групы кампаній «СТіМ». Прадстаўнік фірмы, яе дырэктар па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху і транспартнай мабільнасці Сяргей Талатай, дарэчы, былы начальнік абласной Дзяржаўтаінспекцыі, сцвярджае, што выкарыстоўваецца інавацыйны для нашых умоў матэрыял. Ён трывалы, не патрабуе пастаяннага абнаўлення, як фарбы. Асаблівасць у тым, што матэрыял наносіцца так званым структурным спосабам, інакш кажучы, кропкамі. Гэта дазваляе дрэніраваць вадкасць: калі ідзе дождж, вада праходзіць паміж элементамі разметкі, а часткі адлюстравання, так званыя шклашарыкі, застаюцца зверху, што дазваляе адлюстроўваць назад святло ад фар аўтамабіля. Гэта не брэсцкая знаходка. Так робяць у Еўропе. І «СТіМ» — як вытворца разметкі — ажыццяўляе гэты праект-эксперымент разам з гарвыканкамам і Дзяржаўтаінспекцыяй.

Да тэмы

У Гродне экскурсію па гістарычнай частцы горада можна здзейсніць на веласіпедзе.

Сетка велапракату «ВелаСтарт» існуе ўжо трэці сезон і карыстаецца попытам. Як расказаў генеральны дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат» (менавіта гэтаму прадпрыемству належыць пракат) Юрый АЛЯКСЕЙ, укладанні акупіліся ў першы ж сезон выкарыстання. 42 веласіпеды набылі яшчэ ў 2016 годзе і прапанавалі скарыстацца паслугамі пракату ўсім ахвотным да гэтага віду транспарту.

Дарэчы, пракаты месцяцца каля гарадскіх кінатэатраў, што вельмі зручна для тых, хто хоча не толькі пракаціцца з кропкі А ў кропку Б, але і адпачыць з камфортам ці падсілкавацца ў кафэ мясцовых кінатэатраў.

Важная акалічнасць: двухколавы транспарт можна пакідаць у любым з пунктаў велапракату (а іх па горадзе пяць) і пешшу працягваць экскурсію. Як паведаміў суразмоўнік, супрацоўнікі прадпрыемства распрацавалі тры займальныя тэматычныя веламаршруты па цэнтральнай частцы горада, здзейсніўшы якія можна даведацца аб унікальнай гісторыі старажытнага Гродна.

— Хто больш за ўсё карыстаецца паслугамі велапракату? — спытала ў візаві.

— Безумоўна, актыўная моладзь, студэнты-замежнікі, што навучаюцца ў гродзенскіх ВНУ, і бязвізавыя турысты, — атрымала адказ.

Між іншым, паспяховы бізнес на двух колах будзе развівацца і надалей, запэўніў Юрый Аляксей. Не раскрываючы ўсіх цікавінак, суразмоўнік паведаміў, што да наступнага сезона ў горадзе павінны з'явіцца велапаркоўкі з зараднымі прыстасаваннямі для мабільных тэлефонаў, а таксама мэтанакіравана будуць распрацоўвацца прапановы для бязвізавых турыстаў, якіх у Гродне пабывала ўжо больш за 70 тысяч чалавек.

Вольга АНУФРЫЕВА

Між іншым, для развіцця веларуху прымаюцца і іншыя захады. Напрыклад, з'явілася ідэя арганізаваць да 1000-годдзя Брэста веласіпеднае кольца з пяццю пунктамі пракату двухколавага транспарту. Такім чынам кожны ахвотны атрымае магчымасць адправіцца на экскурсію па горадзе экалагічным транспартам. Узяць веласіпед турысты і гараджане змогуць на вуліцы Арджанікідзэ ў раёне чыгуначнага і ў хуткім часе аўтавакзалаў. Праз вуліцы Камсамольскую, 17 верасня, Міцкевіча яны выедуць на праспект Машэрава і накіруюцца ў Брэсцкую крэпасць. Паколькі пункты велапракату размесцяцца па ўсім кольцы, ахвотныя могуць пакідаць веласіпед на адным з этапаў і працягваць прагулку пехатой, а затым зноў браць «веламашыну» і рухацца далей. Пункты пракату плануюць размясціць недалёка ад помніка 1000-годдзю Брэста, каля ЦУМа, гасцініцы «Інтурыст», у раёне крэпасці.

Аўтары ідэі лічаць, што ў выпадку арганізацыі веладарожак у межах праезнай часткі горад стане больш мабільны, а затораў будзе ўзнікаць менш. Любы жыхар горада зможа ўзяць веласіпед у адным пункце, даехаць у другі і пакінуць веласіпед. Прадугледжваецца сістэма абанементаў на карыстанне двухколавым транспартам: сутачныя, дэкадныя, месячныя і нават сезонныя (з красавіка да кастрычніка). Кошт месячнага абанемента абяцаюць у раёне чатырох долараў у эквіваленце. І гэта будзе вельмі зручна і камфортна. Навошта браць машыну, калі запланавана паездка на адлегласць у чатыры-пяць кіламетраў? А так узяў веласіпед, праехаўся і атрымаў карысную для здароўя трэніроўку мышцаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА


А як у іх?

У Пекіне паслугамі велапракату дапаможа скарыстацца... мабільнік.

Сетка грамадскага транспарту на двух колах — самая даступная ў кітайскай сталіцы. Аб гэтым сведчыць танны кошт арэнды — 1 юань.

Для таго каб чытачу стала зразумела, колькі гэта, растлумачу: 1 долар можна набыць амаль за 7 юаняў. Усе астатнія віды грамадскага транспарту каштуюць болей, чым юань. Напрыклад, паездка ў пекінскай «падземцы» будзе каштаваць мінімум 3 юані на адлегласць у некалькі станцый, дзе цана залежыць ад колькасці прыпынкаў. Такі ж прынцып і ў гарадскіх аўтобусаў: чым далей трэба ехаць, тым даражэйшая паездка.

А вось веласіпед — як экалагічны від транспарту — адзін з самых распраўсюджаных у кітайскай сталіцы. Менавіта таму выклікае непаддзельнае захапленне, калі ўпершыню бачыш сотню (ніяк не меней!) прыпаркаваных абапал дарогі двухколавых жоўценькіх ці аранжавых «ластавак». І гэтая карцінка сустракае цябе амаль паўсюдна.

Аднак жа проста сесці і пачаць круціць педалі не атрымаецца — спачатку неабходна аплаціць арэнду, разблакаваўшы веласіпед з дапамогай мабільніка.

Як гэта працуе? Хто бываў у Кітае, ведае — трэба скарыстацца мясцовай сацсеткай WіChat, якая, акрамя звычайных віртуальных зносін, адначасова выконвае і функцыю... кашалька, бо мае прывязку да банкаўскай карткі. Скануючы qr-коды, жыхары сталіцы разлічваюцца за пакупкі ў крамах, наведванне культурных мерапрыемстваў, басейнаў, паездкі на грамадскім транспарце ды іншае. Безумоўна, для турыста гэта крыху незразумела і нязвыкла, бо ўзровень лічбавізацыі ў нас іншы. Але скарыстацца, напрыклад, грамадскім веласіпедам раю ўсім — дастаткова папрасіць аб гэтым любога мінака, які з радасцю (кітайцы вельмі добра ставяцца да замежнікаў і нядрэнна размаўляюць па-англійску) разблакуе вам двухколавы транспарт, нават не ўзяўшы за гэта грошы. Прэзент, адным словам.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Хутка і без затораў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.