Вы тут

Сёння пачынае работу І Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны


Усе беларускія вобласці і 14 украінскіх прымуць удзел у прадстаўленні патэнцыялу эканамічнага супрацоўніцтва падчас І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца 25—26 кастрычніка ў Гомелі.


Экспазіцыя разгорнецца на дзвюх пляцоўках у горадзе над Сожам. Свае магчымасці прадэманструюць 57 украінскіх і 89 беларускіх кампаній. Пройдуць прэзентацыі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, кампаній і арганізацый, а таксама перамовы і кансультацыйныя саветы з удзелам звыш 250 прадстаўнікоў бізнесу і дзелавых колаў.

На пасяджэнні, напрыклад, Дняпроўскага басейнавага савета абмяркуюць распрацоўку праекта плана кіравання басейнам ракі Днепр. Стратэгіяй будуць вызначаны дзеянні беларускага і ўкраінскага бакоў, якія датычацца маніторынгу водаў, кантролю якасці вады, выканання гідралагічнага рэжыму і гэтак далей. Таксама будуць вывучацца вынікі інвентарызацыі водных аб'ектаў Гомельскай вобласці. Плануецца абмеркаваць каардынацыю пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый.

Беларускія і ўкраінскія навукоўцы будуць весці размову пра новыя метады барацьбы з усыханнем хваёвых лясоў на канферэнцыі «Перспектыўныя кірункі і механізмы развіцця супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій». У ёй прымуць удзел па дзевяць навуковых інстытутаў Украіны і Беларусі. Будзе разглядацца ў тым ліку магчымасць касмічнага зандзіравання насаджэнняў для выяўлення пашкоджання на ранніх стадыях, а таксама супрацоўніцтва ў вобласці генетыкі, селекцыі, лесааднаўлення, прыродакарыстання. Яшчэ адной актуальнай тэмай, якую абмяркуюць спецыялісты дзвюх краін, стане ўзаемадзеянне па барацьбе з ляснымі пажарамі трансгранічнага характару.

На працягу двух дзён больш за 100 прадстаўнікоў вышэйшай школы Беларусі і Украіны будуць абмяркоўваць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння і пашырэння партнёрскіх стасункаў.

У гэтыя дні будзе працаваць кірмаш прадукцыі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свае работы на ім прапануюць рамеснікі з Чарнігаўшчыны і Гомельшчыны, а таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі. Унікальныя абрады і традыцыі прадэманструюць на падворках у горадзе майстроў. Больш за 500 артыстаў з Беларусі і Украіны прымуць удзел у канцэрце дружбы 25 кастрычніка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Гомельшчына чакае ўдзельнікаў форуму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».