Вы тут

29 кастрычніка Дэпартамент аховы адзначыў сваё прафесійнае свята


А напярэдадні ў Кастрычніцкім (г. Мінска) аддзеле адбылася сустрэча намесніка начальніка Дэпартамента аховы МУС палкоўніка міліцыі Алега Шаблыкі з журналістамі.


Для пачатку начальнік Кастрычніцкага аддзела палкоўнік міліцыі Аляксандр Ціхановіч зладзіў своеасаблівую аглядную экскурсію, падчас якой удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і ўмовамі працы праваахоўнікаў.

Цікава становіцца літаральна з першых крокаў: каля ўвахода ў аддзел стаяць жоўтыя міліцэйскія «Жыгулі» — знакамітая «канарэйка» з савецкіх часоў. Гэтую машыну аднавілі сваімі рукамі, яна ў рабочым стане і служыць напамінам пра слаўныя традыцыі, якія існуюць у падраздзяленні.

Далей, адразу пасля адчыненых дзвярэй, знаходзіцца аператыўна-дзяжурная служба — сэрца аховы. Сюды сцякаецца ўся інфармацыя. Пакой аператыўнага кіравання абсталяваны сістэмай відэаназірання, якая дазваляе кантраляваць увесь перыметр тэрыторыі. Акрамя таго, з навінак апошніх гадоў маецца сістэма GPS-маніторынгу. Дзякуючы ёй дзяжурныя ў рэжыме рэальнага часу могуць кантраляваць усе патрульныя машыны аховы, якія знаходзяць на выездзе, і каардынаваць іх дзеянні. Тут жа размешчаны пакой захоўвання ўзбраення і спецсродкаў для асабовага складу. Побач з аператыўным кіраваннем знаходзіцца склад з амуніцыяй, дзе захоўваюцца процівагазы, шлемы «Сферы», бронежылеты, металашукальнікі...

Вялікае памяшканне займае клас інструктажоў. Уся інфармацыя аб аператыўнай сітуацыі як у краіне, так у горадзе і раёне даводзіцца да супрацоўнікаў аховы, якія заступаюць на службу. Тут жа кіроўцы службовых аўтамабіляў праходзяць тэсціраванне на веданне правілаў дарожнага руху — кожны раз перад тым, як выходзіць на дзяжурства.

Уразіла транспартная база падраздзялення. Легкавыя аўтамабілі, джыпы — для мабільнага патрулявання, мікрааўтобусы — для перавозкі групы з усім неабходным абсталяваннем. Акрамя таго, патрульныя аўтамабілі ў якасці эксперымента аснашчаны сістэмай «Аўтаматызаванае рабочае месца групы затрымання», дзякуючы якой выбудоўваецца самы кароткі маршрут да месца выкліку. Супрацоўнікі ў дарозе могуць скарыстацца базай даных, каб мець уяўленне аб падрабязных характарыстыках аб'екта. Гэтая распрацоўка не мае аналагаў. Да канца года эксплуатацыю сістэмы пачнуць каля 14 падраздзяленняў.

Вядома, найважнейшая частка Дэпартамента аховы — кіналагічная служба. Таму што хоць на ўзбраенне і паступаюць навінкі электронікі, але без чатырохногага сябра часам не абысціся. На базе Кастрычніцкага падраздзялення ўтрымлівацца восем службовых сабак. Трэба сказаць, гаспадарка гэта адмысловая. Кожны сабака мае ўласны вальер, у тым ліку і «зімовую кватэру». Для памочнікаў чалавека працуе асобная кухня і ўтрымліваецца ўласны склад харчавання — клопат праяўляецца ўсебаковы. Ну, і браты нашы меншыя не падводзяць. Асабліва важны іх удзел там, дзе трэба ўзяць след або вызначыць нейкі прадмет па паху. Зразумела, што і ў затрыманні ўдзельнічаць прыходзіцца. На што здольныя іх гадаванцы, прадэманстравалі старшы сяржант міліцыі Іван Афанаськоў і сяржант міліцыі Мікіта Зайцаў са сваімі аўчаркамі Рубі і Ірмай. Рубі паказала элементы паслушэнства, пасля чаго хвацка затрымала ўмоўнага зламысніка. Ірма з неверагоднай хуткасцю і спрытам пераадолела паласу перашкод. Па словах міліцыянераў, на дзяжурствах хвастатым памочнікам цаны няма. Таму і служаць яны ў падраздзяленнях аховы да гэтага часу і карыстаюцца заслужанай павагай супрацоўнікаў.

Асобную цікавасць выклікаў інтэрактыўны цір, дзе можна навучацца стральбе як са звычайнай, штатнай зброі, так і з дапамогай яе электронных аналагаў. А вучэбны палігон — гэта чатыры спецыяльна абсталяваныя памяшканні для трэніровак. У адным з іх стаіць сапраўдны банкамат, у другім збудавана «кватэра», у трэцім — «офіс», а чацвёртае ў дакладнасці капіруе пост аховы. Ва ўсіх гэтых пакоях-трэнажорах мадэлююцца рэальныя сітуацыі парушэння правапарадку і адпрацоўваюцца розныя прыёмы аператыўнага рэагавання. Прычым навучанне на іх праходзяць як пачаткоўцы, так і стараслужачыя супрацоўнікі — выключэнняў ні для кога няма.

Много новага пачулі пра тэхнічны бок абсталявання. Як расказаў Алег Шаблыка, дэпартамент выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці сучасныя спосабы перадачы сігналу трывогі. Зараз ідзе пераўзбраенне тэхнічнай базы з выкарыстаннем валаконна-аптычных сродкаў сувязі. Распрацоўваюцца новыя тыпы апавяшчальнікаў, прыёма-кантрольныя прыборы, што дазваляе найбольш эфектыўна выкарыстоўваць іх у ахове жылых дамоў грамадзян.

Супрацоўнікі падраздзяленняў дэпартамента ахоўваюць больш за 207 тысяч аб'ектаў і жылых дамоў ці памяшканняў грамадзян. У рэжыме гатоўнасці кругласутачна знаходзяцца больш за 600 груп затрымання. Гэта дазваляе забяспечыць своечасовае рэагаванне на сігналы трывогі, заявы і паведамленні аб злачынствах і здарэннях. Значны ўклад у дзейнасць па забеспячэнні маёмаснай бяспекі юрыдычных асоб аказваюць ваенізаваныя і вартавыя падраздзяленні.

Да Еўрапейскіх гульняў Дэпартамент аховы ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу.

— Гэта сістэмы відэаназірання, аўтамабільныя відэарэгістратары, будуць выкарыстоўвацца рознага роду металадэтэктары. Вядома, важная і аўтаматызаваная сістэма груп затрымання. Чым у большай колькасці падраздзяленняў мы яе ўвядзём, тым больш эфектыўна будзем працаваць, — падкрэсліў Алег Шаблыка.

Напрыканцы, пасля «тэхнічнай» экскурсіі, былі паказаны трэнажорная зала і зала для заняткаў адзінаборствамі. Дужыя хлопцы дэманстравалі барцоўскія прыёмы з лёгкасцю, якая выяўляла вопытных спартсменаў. Дарэчы, у асабовы склад Дэпартамента аховы ўваходзіць нямала атлетаў з вышэйшымі разрадамі. Яны ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах і паказваюць высокія вынікі. І не толькі ў адзінаборствах, але і ў лёгкай атлетыцы, і ў футболе. Так, на 36-м Міжнародным турніры 2018 года сярод паліцэйскіх па міні-футболе, які праводзіўся ў Нідэрландах у горадзе Грунло і ўключаў больш за 200 камандаў-удзельніц, зборная каманда МУС (35+), касцяком якой з'яўляецца Дэпартамент аховы, заваявала першае месца.

Як бы падводзячы вынік усяму паказаныму і расказанаму, Алег Шаблыка звярнуўся з віншавальным словам да сваіх калег.

— Паважаныя калегі, паважаныя ветэраны, ад імя кіраўніцтва Дэпартамента аховы віншую вас з прафесійным святам — Днём стварэння службы аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Хочацца падзякаваць вам за тую нялёгкую працу, якую вы штодня робіце, за вашу самаадданасць, за настаўніцтва.

Сяргей КУЛАКОЎ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Ад службовага сабакі да сучаснай электронікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».