Вы тут

Мазыршчына маладзее і прырастае


Мазырскі раён — адзін з самых буйных у Гомельскай вобласці. Не толькі па плошчы — яна складае 160 тысяч гектараў, але і па наяўнасці горадаўтваральных прадпрыемстваў, якія вызначаюць узровень развіцця рэгіёна ўвогуле і дабрабыту кожнага са 133 тысяч яго жыхароў у прыватнасці.


Стар­шы­ня Го­мель­ска­га аб­лас­но­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў  Ка­ця­ры­на ЗЕН­КЕ­ВІЧ, ды­рэк­тар дзяр­жаў­най до­след­най ле­са­гас­па­дар­чай уста­но­вы «Ма­зыр­скі до­след­ны ляс­гас»  Анд­рэй МА­РАЧ­КОЎ­СКІ і стар­шы­ня Ма­зыр­ска­га рай­вы­кан­ка­ма  Але­на ПАЎ­ЛЕЧ­КА на тэ­ры­то­рыі Мі­хал­каў­ска­га ляс­ніц­тва.

Усе прадпрыемствы вядомыя не толькі на Гомельшчыне, але і ў краіне. Сваімі поспехамі ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, грамадскім і культурным жыцці Мазыршчына спрыяе павышэнню аўтарытэту ўсёй краіны. Мазырскі раён уваходзіць у тройку самых буйных прамысловых цэнтраў вобласці. Тут дзейнічаюць 24 прадпрыемствы, якія прадстаўляюць практычна ўсе галіны народнай гаспадаркі: нафтаперапрацоўку, вытворчасць малочных і мясных прадуктаў, солі, машын і абсталявання, кабеляў, швейных вырабаў... Можа, таму жыхары гэтага паўднёвага палескага раёна не шукаюць цяплейшых мясцін пад сонцам? Старшыня райвыканкама Алена Паўлечка нагадвае, што Мазыршчына на вачах маладзее і прырастае:

— Калі раней сярэдні ўзрост складаў 38 гадоў, сёння гэта 32 гады. Калі пяць гадоў таму вясковае насельніцтва ў нас складала крыху больш за 19 тысяч, то сёння гэта амаль 21 тысяча. Акрамя таго, яшчэ 10 гадоў таму былі прыняты меры, каб наша сельская моладзь не ад'язджала ў горад, каб заставалася працаваць там, дзе нарадзілася. Для гэтага былі створаны адпаведныя ўмовы на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў. Мы, дзякуючы ўстойлівай рабоце сельскагаспадарчых арганізацый, пачалі будаваць не толькі дамы сядзібнага тыпу, але і шматкватэрныя. Для моладзі гэта вельмі зручна і камфортна. Мы не закрылі ні адну школу на вёсцы. Наадварот, зрабілі там вельмі добрыя ўмовы для навучання. Доля паступленняў падатковых плацяжоў у раённы бюджэт ад малога і сярэдняга бізнесу складае каля 20 %. Бізнес на Мазыршчыне развіваецца перш за ўсё ў межах горада, прыгарада і ў прамысловай зоне. Палёгкі, прынятыя дзяржавай для яго вядзення, былі вельмі дарэчы. Ну і, канешне, дастойная заработная плата. У сельскай гаспадарцы Мазыршчыны сярэдні заробак складае 982 рублі. У цэлым па раёне 1022 рублі мы ўжо мелі ў верасні.

Адно з прадпрыемстваў, дзе рэнтабельнасць сёння складае 41 %, — Мазырскі доследны лясгас. Яго падчас семінара наведалі дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыні Саветаў раённага ўзроўню. Тут у будынках лясніцтваў створаны ўсе ўмовы не толькі для работы, але і для адпачынку супрацоўнікаў, чыю штодзённую працу зусім нельга назваць лёгкай і чыстай. Новыя лініі па перапрацоўцы драўніны далі магчымасць стварыць рабочыя месцы, працаваць на экспарт і даць людзям годны заробак.

На тэрыторыі чатырох сельскіх Саветаў (трох — у Мазырскім раёне і адным — у Нараўлянскім) размешчаны землі саўгаса-камбіната «Зара». Сёння гэта шматпрофільнае прадпрыемства добра вядома спажыўцу па канчатковым прадукце найвышэйшай якасці: малако, яйкі, свініна і мяса птушкі, а таксама вырабы з іх можна купіць у фірменных крамах на тэрыторыі ўсёй Гомельскай вобласці. Кіраўніцтва прадпрыемства, дарэчы, змагло ўцягнуць у абарот больш за 30 будынкаў, якія раней не выкарыстоўваліся.

Не саступае гарадскому наладжаны быт больш чым тысячы жыхароў аддаленага ад райцэнтра аграгарадка з развітой інфраструктурай. Сёння «Зара» з'яўляецца шэфам і спонсарам вельмі многіх арганізацый сацыяльнай сферы. У мясцовай школе гавораць, што выпускнікі, калі і адпраўляюцца вучыцца ў іншыя мясціны, практычна ўсе вяртаюцца на малую радзіму, дзе жыць куды больш зручна, чым у любым горадзе. Тут ёсць усё — нават корт для заняткаў вялікім тэнісам. Большасць мясцовых школьнікаў плануюць, як і іх бацькі, працаваць у роднай гаспадарцы. І гэта не дзіўна: сярэдні заробак тут каля 1300 рублёў.

— У прыярытэтах — патрэбы вяскоўцаў, — гаворыць кіраўнік КСУП «Зара» Алег СЛІНЬКО. — Напрыклад, вясной у Рудні Міхалкаўскай адкрыўся пабудаваны галоўным чынам на сродкі гаспадаркі новы храм.

Аграгарадок Міхалкаўская Рудня даўно з'яўляецца сапраўдным узорам квітнеючага сельскага населенага пункта. Тут назаўжды і з задавальненнем застаюцца маладыя сем'і і затрымліваюцца маладыя спецыялісты. Некаторыя называюць населены пункт вёскай будучыні, у якой хочацца працаваць і жыць. Старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна НАЗАРАНКА адзначае, што ў Год малой радзімы кожны жыхар павінен адчуваць адказнасць за свой родны населены пункт і імкнуцца яго ўпрыгожыць:

— Мы ў раёне пастаянна праводзім дні сельсаветаў, што стымулюе кіраўнікоў раённых службаў вырашаць праблемныя пытанні на іх тэрыторыі. Пры падрыхтоўцы да іх ва ўсіх населеных пунктах праводзіцца вялікая работа па добраўпарадкаванні. Канешне, тыя прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсаветаў, убаку ад яе не застаюцца. Сумесная работа прыносіць плённыя вынікі.

— Цяпер вельмі актуальныя інавацыйныя падыходы, — гаворыць старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. — Гэта маё дачыненне і да работы Саветаў. Таму мы рэгулярна праводзім выязныя сустрэчы, пільна вывучаем досвед калег на месцах, дзелімся сваім. Рэзервы для павышэння эфектыўнасці нашай работы ёсць не толькі ва ўзмацненні ўзаемадзеяння Саветаў з уладай, але і ў ступені ўзаемадзеяння паміж Саветамі розных узроўняў. Увесь напрацаваны досвед павінен шырока распаўсюджвацца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.