Вы тут

Узровень беларуска-ўкраінскага тавараабароту павінен вырасці да $8 млрд


Такая задача пастаўлена кіраўнікамі дзяржаў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка падчас пленарнага пасяджэння ў рамках Першага рэгіянальнага Форуму Беларусі і Украіны, які праходзіць у гэтыя дні ў Гомелі.


Фота: БЕЛТА

“Кіраўнікамі дзяржаў пастаўлена задача ў дасягненні ўжо ў 2019 годзе ўзаемнага тавараабароту ў памеры не менш за 8 мільярдаў долараў ЗША. Рэалізацыя гэтай амбіцыйнай задачы магчыма толькі пры нашым з вам сумесным намаганні”, — звярнуўся да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Ігар Ляшэнка.

Апошнія гады дынаміка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін расце. Намеснік прэм’ер-міністра праінфармаваў, што ў 2017 годзе аб’ём узаемнага гандлю дасягнуў адзнакі 4,6 мільярдаў долараў ЗША і павялічыўся ў параўнанні з 2016 годам на 20 працэнтаў. Па выніках 2018 года чакаецца выхад тавараабароту на 5 мільярдаў долараў ЗША, паведаміў віцэ-прэм’ер.

“Эканомікі нашых краін узаемадапаўняльныя, — падкрэсліў ён. — Украіна працягвае заставацца для Беларусі найважнейшым гандлёвым партнёрам”.

Ігар Ляшэнка адзначыў паспяховае развіццё ўзаемадзеяння ў гуманітарнай галіне,  навуцы, культуры, адукацыі, спорце, сферы аховы здароўя. У ліпені бягучага года з поспехам прайшлі Дні культуры Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Напярэдадні Форуму ў Гомелі  адбылося 26-е пасяджэнне Міжурадавай Беларуска-Украінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, на якім былі разгледжаны шырокі спектр пытанняў і планы.

“Усе мы разумеем, што работа ўрада і органаў дзяржаўнай улады – гэта толькі невялікая частка нашых магчымасцяў. Свой уклад у  рэалізацыю намечаных мэт павінны ўнесці рэгіёны Беларусі і Украіны,” — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Ён адзначыў, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі найбольш актыўна развіваецца з горадам Кіевам, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Валынскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай абласцямі Украіны. Набірае абароты супрацоўніцтва з Вінніцкай, Львоўскай, Запарожскай, Івана-Франкоўскай, Мікалаеўскай, Ровенскай, Сумскай, Харкаўскай і іншымі абласцямі.

Лінейка тавараў, якія Беларусь пастаўляе ва Украіну, досыць шырокая: нафтапрадукты, грузавыя аўтамабілі, мінеральныя і змешаныя ўгнаенні,  кокс, бітум, трактары, шыны, сродкі абароны раслін, машыны і механізмы для грунтовых работ.

У сваю чаргу Беларусь купляе ва Украіне кармы для жывёл, лекі, шчэбень, гальку.

“У нашых кантактах з  украінскімі партнёрамі мы выйшлі на дакладнае разуменне, што для забеспячэння высокага росту гандлю мы павінны выкарыстоўваць актыўныя сумесныя намаганні па ўсямерным развіцці прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі, умацаванні інвестыцыйнага супрацоўніцтва”, — сказаў Ігар Ляшэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?