Вы тут

Вёскі, якія знікаюць: апошнія жыхары


Не проста было ўзяцца за гэты тэкст... Каторы раз праслухоўваю з дыктафона сведчанні апошніх жыхароў невялічкай паміраючай вёскі на самай мяжы з Украінай: яны гавораць без асаблівых эмоцый, амаль будзённа, пра даўно перажытае, як расстрэльвалі ў вайну, як забіралі аднавяскоўцаў да і пасля вайны. Толькі бабуля Настасся цяжка ўздыхае, згадваючы той страшны дзень расстрэлу, крыху падрыгвае яе голас. Столькі гадоў прайшло, але ж такое не можа забыцца. Многа гора пабачылі тутэйшыя людзі...


Старшыня сельскага Савета Вітольд Пяткевіч каля помніка загінулым жыхарам Хмелішча.

Асаблівы лёс

Хмелішча згубілася далёка ў лясах. Нават паказальнік, які стаіць каля Навалесся на трасе з адзнакай «3», у сэнсе тры кіламетры, падманвае выпадковага падарожніка. Аказалася, тут не тры, а нават крышачку больш за пяць кіламетраў па лесе, засякалі па спідометры. «І дарога асаблівая, — расказвае старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч. — Гэта памежная зона, ехаць можна, спыняцца машынай на гэтай дарозе нельга. На правую ўзбочыну можна ступіць нагой, на левую — нельга».

І міжволі напрошваюцца аналогіі: так тут спакон веку было: туды нельга, сюды — нельга, крок управа, крок улева — ... Расстрэльвалі і без усялякіх крокаў, як у 1942-м. Але пра гэта крыху пазней.

— У 70—90 гадах жылі добра, — згадвае адзін з апошніх жыхароў вёскі Сцяпан Чуль. — Самагонку паціху гналі, выпівалі разам з украінскімі суседзямі, у госці адно да аднаго хадзілі, супрацоўнічалі калгасамі, гандлявалі паміж сабой.

Ад хлява Сцяпана Рыгоравіча да ўкраінскай мяжы нейкія 500 метраў, а да найбліжэйшай замежнай вёскі Пішча напрамкі — кіламетры тры. Але наўпрост ужо даўно ніхто не ходзіць.

А праз афіцыйны пераход трэба зрабіць крук кіламетраў сорак. Ну і хто туды цяпер паедзе? Тым больш што засталося жыхароў у Хмелішчы ў пяці хатах. Астатняе жытло стаіць пустое. Калі б не вайна, дзве хвалі рэпрэсій, можа, і гэтая вёска была б сёння вялікай і перспектыўнай, як суседняя Пішча, хто ведае. А так... Першае выпрабаванне перажыло Хмелішча, калі перад самай вайной, у 40-м, вывезлі ў Сібір самых заможных гаспадароў. Не памешчыкаў, а працавітых вяскоўцаў, якія на зямлі сумелі здабыць крыху большы за іншых дабрабыт для сваёй сям'і. Аж у Іркуцкай вобласці апынуўся малы Іван Сымонік, сённяшні жыхар вёскі. Яго бацьку з жонкай і пяццю дзецьмі вывезлі як «кулацкі элемент» разам з другімі гаспадарамі. Яны, вядома, з'язджалі са сваіх дамоў, дасылаючы праклёны і новай уладзе, і ўсім яе ўпаўнаважаным. Каб хто тады сказаў ім, што ад'езд стане паратункам ад смерці, не паверылі б. Але пасля вайны, у 47-м, яны вернуцца, а вось сваякоў і суседзяў не застануць, бо тых расстраляюць.

«Кампанія без інцыдэнтаў»

23 кастрычніка споўнілася 75 гадоў з таго страшнага дня, калі расстралялі 128 жыхароў вёскі. Потым камандзір паліцэйскага палка капітан Пельс напіша справаздачу, яна ёсць у кнізе «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў у Беларусі». У дакуменце значыцца: «Расстраляна 28 мужчын, 40 жанчын, 60 дзяцей. Спалены 21 сялянскі двор. Кампанія была скончана без інцыдэнтаў у 23.00».

Сцяпан Чуль ведае гэтую трагічную гісторыю з расказаў бацькоў, бабуль-дзядуль. Гаварылі, што фармальнай падставай для экзекуцыі паслужыў нейкі дзівак у зямлянцы, які жыў там даўно. «Ніякі ён не партызан, так, дробны зладзюжка, сядзеў сабе ў лесе». А немцы яго знайшлі і паставілі ў віну насельніцтву вёскі, што не данеслі пра нелегала акупацыйным уладам. За гэтым ішло пакаранне: усе — старыя і малыя — падлягалі знішчэнню, за выключэннем тых, чые дзеці былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. А калі гналі моладзь, як не хацелі юнакі і дзяўчаты пакідаць дамы і бацькоў, плакалі! Каб ведалі, што гэтым ратуюць свае сем'і...

Так і сям'я Анастасіі Архіпаўны Хведчык ацалела, бо ў чужую Германію вывезлі брата. 88-гадовая жанчына кажа, што той дзень памятае як сёння.

— У нас солтыс быў дрэнны, жорсткі, яго заўсёды пераследавалі партызаны, ён нават у хаце сваёй начаваць баяўся. Можа, таму і спалілі нашу вёску, можа, сам ён і навёў немцаў на тую зямлянку нібыта партызана. Потым яго забралі, пасля вайны ўжо, і больш ніхто не бачыў яго... А тады прыехалі да нас, заходзілі ў кожны дом, выводзілі ўсіх і строілі ў адну шарэнгу, нават малога браціка, які спаў у калысцы, загадалі браць з сабой. Галаве сям'і задавалі пытанне: «Уся сям'я тут?» Калі адказвалі, што ўся, іх пакідалі на вуліцы. Таму, хто гаварыў, што сын альбо дачка ў Германіі, загадвалі вярнуцца ў хату, такіх набралася дзевяць сем'яў. Астатніх пагналі за вёску, мужчынам далі ў рукі рыдлёўкі, загадалі капаць яму. Людзі здагадаліся, для чаго яна. Стаяў страшэнны гул, жанчыны галасілі, дзеці плакалі, старэйшыя чыталі малітвы. У нас, хто застаўся ў хатах, таксама пачыналася паніка. Мы маглі хадзіць адно да аднаго, некаторыя казалі, што нас, можа, падпаляць разам з хатамі, другія выказвалі спадзяванне на паратунак, словам, ніхто нічога не ведаў дакладна.

Стрэлы і галасы

— У гэтым жаху мы правялі даволі шмат часу: яны наляцелі на вёску недзе на світанні, і працягвалася ўсё да позняга вечара, — гаворыць сведка страшных падзей. — Першую партыю людзей падвялі да ямы, мы з хаты пачулі крык, енк, потым першыя стрэлы кулямётаў. Мой бацька ўпаў без прытомнасці, вытрымаць такое было, здаецца, немагчыма. І не слабак жа быў: потым ён вернецца з вайны з медалём «За адвагу»... Другі раз, калі павялі людзей, галасоў было менш, а пасля трэцяга расстрэлу галасы сціхлі зусім. Тут ужо і мы чакалі сваёй смерці. Адчыніліся дзверы, зайшоў ці то фашыст, ці то іх прыслужнік і па-польску сказаў нам, што можам узяць падводу, асабістыя рэчы і праз паўгадзіны нас тут не павінна быць. Так і паехалі ў белы свет. У бацькі ў Олтушы быў стрыечны брат. Да яго папрасіліся на зіму: нас шэсць чалавек, іх пяць, а хата маленькая. Цяпер нават уявіць цяжка, як можна было жыць у такіх умовах, але жылі. Вясной на папялішчы сваёй хаты каля ацалелай грушы бацька збіў будан, там пражылі лета. Другую зіму кватаравалі ў іншых сваякоў. А ў 44-м бацьку забралі на фронт, нас як сям'ю франтавіка часова засялілі ў апусцелы дом яўрэяў, іх таксама расстралялі. Так і пражылі.

Колькі гора, бяды нацярпеліся, дзеткі мае. Але жывыя засталіся. Бацька вярнуўся з вайны жывы, радасць была, хату для сям'і пабудаваў.

Пасля вайны

Сцяпан Рыгоравіч Чуль расказаў, што сям'ю дзеда памілавалі, таму што яго цётка, дзедава дачка, была вывезена ў Германію. Бацька і расказваў, што з вызваленнем беды для жыхароў вёскі не скончыліся. У лясах з украінскага боку засталіся банды праціўнікаў савецкай улады. Як гаварылі старыя людзі, побач з Хмелішчам былі не сапраўдныя бандыты, а моладзь з навакольных вёсак. Магчыма, гэта быў своеасаблівы рэзерв для незаконных фарміраванняў, але яны ніякай шкоды насельніцтву не прычынялі. І да іх хадзілі мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. Вечарамі яны там ладзілі танцы, спявалі, як высветлілася потым, фатаграфаваліся. Тыя фотаздымкі і сталі рэчавымі доказамі. Карацей кажучы, арыштавалі і хлопцаў, і дзяўчат як памагатых бандытаў, атрымалі розныя тэрміны — ад 10 да 25 гадоў. З некаторых сем'яў па тры чалавекі забралі. Па дурасці ці з цікаўнасці некаторыя хадзілі на тыя вячоркі, а вось як яно абярнулася.

На памежжы

А потым жыццё стала наладжвацца. Калгас арганізавалі. Сцяпан Рыгоравіч з жонкай працавалі ў калгасе, ён большую частку на пілараме.

— Суседнія калгасы — беларускі і ўкраінскі — дапамагалі адзін аднаму тэхнікай, насеннем, рабочай сілай, калі трэба было, — расказвае Сцяпан Чуль. — А кожны чацвер у Пішчы быў вялікі кірмаш. Там прадавалі ўсё чыста. Ужо ў 90-я ад нас падводамі вазілі бульбу, мянялі яе на гарбузы, муку, алей, цукар. Ужо тады была мяжа, але даволі ўмоўная, і памежнікі, аглядаючы тую падводу з прадукцыяй, часам толькі рукой махалі, маўляў, праязджай, не затрымлівай. А яшчэ да нас везлі вугроў прадаваць, на тым баку — Шацкія азёры, дзе гэтая рыба водзіцца. Усім добра было.

Якія ў нас цяпер забавы? Два разы на тыдзень аўтакрама прыязджае, раней прыходзіла нават тры. Мы самі сказалі, што хопіць і двух разоў, нашто яны будуць бензін паліць. Пошта пенсію прывозіць. А яшчэ тэлебачанне ёсць. Гаспадарку ўжо не трымаю. Курэй ліса пацягне, тут жа лес кругом. А купіць можна ўсё. Так і жывём у сваім Хмелішчы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Расстрэльны дзень

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.