Вы тут

Прайшло пасяджэнне па павелічэнні прысутнасці на рынках харчовай прадукцыі


У межах Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны адбылося 13-е пасяджэнне рабочай групы па павелічэнні ўзаемнай прысутнасці на рынках сельскагаспадарчай, харчовай і іншай прадукцыі. За 8 месяцаў года тавараабарот у сегменце вырас на 23 % да ўзроўню мінулага года, адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Смільгінь:

— У Гомелі былі разгледжаны пытанні сумеснага ветэрынарнага кантролю і кантролю за абаротам насення, развіцця племянной жывёлагадоўлі. У нас ёсць рэзервы для падтрымання прысутнасці тавараў на рынках абедзвюх краін. Сёння Беларусь працуе ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Нашы калегі з Украіны таксама працуюць згодна з дагаворамі з іншымі краінамі. Але ж пры гэтым мы плённа супрацоўнічаем. Невырашальных пытанняў няма.

Намеснік міністра аграрнай палітыкі і харчавання Украіны Віктар Шарамет дадаў, што рост аб'ёмаў паставак у той ці іншы бок залежыць ад бізнесу, якому трэба толькі даць «зялёную вуліцу»:

— Беларусь для Украіны — буйны гандлёвы партнёр не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых галінах. Мы знайшлі шляхі, як вырашаць праблемныя пытанні, што існавалі ў нас. Дробныя перашкоды, напрыклад цяжкасці пры афармленні на мяжы транзітных грузаў, адрозненні ў сертыфікацыі тавараў ветэрынарнымі службамі, паступова пераадольваюцца.

Першы намеснік Кіеўскай абласной дзяржадміністрацыі Андрэй Анісімаў гаворыць, што сталічны рэгіён Украіны мае ўстойлівыя адносіны з Гомельшчынай, а форум надасць стымул рэалізацыі новых праектаў у сферах бізнесу, транспарту, лагістыкі:

— Мы актывізавалі наша двухбаковае супрацоўніцтва. Больш за 30 розных прадпрыемстваў у Кіеўскай вобласці сёння супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі Беларусі. Адзін з праектаў, які мы прапанавалі, — пра змяненне статусу з міждзяржаўнага на міжнародны пунктаў пераходу «Вільча» і «Аляксандраўка». Гэта ўчастак агульнага транснацыянальнага калідора Адэса — Кіеў — Мінск — Клайпеда, які вядзе
ад порта да порта. Змяненне дазволіць значна скараціць шлях, хутчэй дастаўляць грузы, а значыць, павялічыць аб'ёмы экспарту нашых прадпрыемстваў. За паўтара-два гады, якія патрабуюцца на рэканструкцыю інфраструктуры, праект можна рэалізаваць. Таксама нашы рэгіёны маюць намер сумесна працаваць над чарнобыльскай праблематыкай.

Кіраўнік Сумскай аблдзяржадміністрацыі Мікалай Клачко адзначае:

— Для нас Беларусь становіцца ўсё больш важным партнёрам. Высокая якасць беларускіх тавараў робіць іх папулярнымі ва Украіне. Але галоўнае, што ёсць давер адно да аднаго. Я ўпэўнены, у нас шмат формаў для кааперацыі, і мы гатовы працаваць з Беларуссю і пашыраць супрацоўніцтва, у тым ліку ў машынабудаванні, аграрнай сферы, перапрацоўчай прамысловасці і па іншых напрамках. Таксама вы для нас дэманструеце пазітыўны вопыт узаемадзеяння з такім глабальным партнёрам, як Кітай.

Кіраўнік Запарожскага рэгіёна Канстанцін Брыль разлічвае на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў сферы машынабудавання і металургіі:

— Мне было вельмі прыемна пабачыць у Беларусі добрыя дарогі і прыязнае стаўленне. Напярэдадні форуму я трапіў на Беларускі металургічны завод, дзе ўбачыў, што прадпрыемства сур'ёзна мадэрнізавалася і выпускае прадукцыю, асартымент якой зусім іншы, чым той, які прапануюць металургічныя гіганты Запарожжа. Такім чынам, металургі двух рэгіёнаў могуць узаемна дапаўняць адзін аднаго, а не канкурыраваць. Можна знайсці пункты судакранання ў энергетыцы, перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, машынабудаванні. Пасля гэтай сустрэчы мы больш дэталёва падыдзем да канкрэтных прапаноў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Адлік новага часу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».