Вы тут

Прэзідэнт: Эканоміка і гуманітарныя сувязі аб'ядноўваюць Беларусь і Украіну


Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны завяршыўся пленарным пасяджэннем, у якім узялі ўдзел прэзідэнты дзвюх краін.

На першай частцы сустрэчы, яшчэ да прыбыцця лідараў, былі падпісаныя шэсць дакументаў аб супрацоўніцтве абласцей Беларусі і Украіны. Пазней былі падпісаныя міждзяржаўнае пагадненне аб рэадмісіі, план кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін і пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту паміж адпаведнымі міністэрствамі.


Фота: БЕЛТА

Супрацоўнічаць як надзейныя партнёры

Прысутныя — а гэта кіраўнікі адміністрацый рэгіёнаў, органаў дзяржаўнага кіравання і прадстаўнікі бізнесу — абмяркоўвалі беларуска-ўкраінскае ўзаемадзеянне, знаёмілі адно аднаго з умовамі для інвеставання, казалі пра поспехі і перспектывы прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі. Досыць жывыя зносіны працягваліся падчас перапынкаў у кулуарах.

Пра каласальны запыт грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый сяброўства і добрасуседства сказаў у сваім выступленні і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Паміж намі не існуе невырашальных праблем — Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні», — падкрэсліў ён.

Перад прыбыццём на пасяджэнне кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў фармаце «сам-насам», дзе абмеркавалі ўсе актуальныя кірункі супрацоўніцтва, якія патрабуюць іх увагі.

«Думаю, па выніках перагавораў будуць расстаўлены неабходныя акцэнты па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць, — пракаментаваў вынікі размовы з украінскім калегам Прэзідэнт Беларусі. — Падкрэслю, што беларуска-ўкраінскі дыялог на самым высокім узроўні носіць шчыры і даверны характар. Мы можам у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць любыя, часам вельмі складаныя, тэмы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе дамоўленасці і рашэнні з лідарам Украіны выконваюцца. Для гэтага задзейнічаны ўвесь інструментарый, уключаючы работу Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Разам з тым змястоўнасць беларуска-ўкраінскіх адносін у многім непасрэдна залежыць ад вынікаў узаемадзеяння на рэгіянальным узроўні, упэўнены беларускі лідар. «Ніколі не памрэ супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі, калі яно завязана на нізы, калі яно завязана непасрэдна на рэгіёны, — дадаў ён. — Таму гэта вялікая справа, якую мы пачалі, — фундамент для таго, каб нашы адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі існавалі вечна».

Выйсці на 10 мільярдаў долараў

Аляксандр Лукашэнка назваў Украіну не толькі добрым сябрам для Беларусі, але і адным з найважнейшых палітычных і гандлёва-эканамічных партнёраў. Ён прывёў лічбы станоўчай дынамікі росту ўзаемнага тавараабароту. «Аднак упэўнены, што мы здольныя зрабіць значна больш, — сказаў беларускі Прэзідэнт. — Патэнцыял Беларусі і Украіны дазваляе рэалізаваць складаныя і значныя па сваім маштабе праекты ў розных абласцях эканомікі. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Украіны сур'ёзна папрацаваць, каб ужо зараз, не марудзячы, кардынальна змяніць сітуацыю і выйсці на намечаны рубеж у 8, а потым і ў 10 мільярдаў долараў».

Найбольш перспектыўнымі напрамкамі міждзяржаўнага супрацоўніцтва ён назваў сельскую гаспадарку, нафтахімічны комплекс, гуманітарную і навукова-тэхнічную сферы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў таксама ўвагу на значны патэнцыял супрацоўніцтва ў транспартнай лагістыцы. «Больш эфектыўнае выкарыстанне нашымі краінамі геаграфічных пераваг будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі розных праектаў у рамках мультымадальнага транспартнага калідора Балтыйскае мора — Чорнае мора, — лічыць ён. — Важна ўключыць яго чыгуначны складнік, рачное суднаходства і інтэграваць марскія парты Украіны ў лагістычныя ланцужкі».

У гандлёва-эканамічныя сувязі паміж дзвюма краінамі ўцягнута значная
колькасць суб'ектаў гаспадарання. У Беларусі налічваецца каля трохсот сумесных кампаній з украінскім капіталам. Ва Украіне дзейнічае каля ста прадпрыемстваў з беларускім удзелам. «Агульны аб'ём інвестыцый, укладзены ў праекты, якія рэалізуюцца нашай краінай на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у 2017 годзе перавысіў 1,2 мільярда долараў. Па выніках першага паўгоддзя бягучага года склаў больш за паўмільярда долараў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Толькі летась ва Украіне на сумесных зборачных вытворчасцях выпушчана больш за дзе тысячы трактароў, 90 камбайнаў і 500 ліфтаў».

«Без удзелу рэгіёнаў нашых краін праекты ў галіне кааперацыі былі б пазбаўлены практычнага сэнсу», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Аднак мы можам працаваць не толькі на рынкі сваіх дзяржаў. Напэўна, такі падыход быў занадта простым для нашых эканомік, якія знаходзяцца ў самым сэрцы Еўропы, на перакрыжаванні асноўных гандлёвых шляхоў, і ўдзельнічаюць у буйных праектах рэгіянальнай інтэграцыі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Акцэнт трэба рабіць на стварэнні сумесных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для рынкаў трэціх краін».

Не хлебам адзіным

Прэзідэнт таксама заўважыў, што не толькі эканоміка, але і цесныя гуманітарныя сувязі аб'ядноўваюць нашы краіны і народы. Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферах спорту, навукі і адукацыі.

«У абедзвюх дзяржавах створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ідэнтычнасці нацыянальных дыяспар. Дні культуры Украіны ў Беларусі, якія з поспехам прайшлі гэтым летам у Мінску і рэгіёнах, сталі незабыўнай падзеяй», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Карыстаючыся выпадкам, ён нагадаў пра другія Еўрапейскія гульні, якія ў 2019 годзе адбудуцца ў Беларусі. «Мы будзем рады бачыць на іх вашых спартсменаў і, абсалютна дакладна, будзем хварэць за іх паспяховае выступленне гэтак жа, як і за беларускіх атлетаў, — паабяцаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Бо спорт і ўвогуле мерапрыемствы такога ўзроўню з'яўляюцца моцным аб'яднальным фактарам».

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва набудзе новы подых пасля праведзеных у гэтыя дні ў Гомелі перагавораў і першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

«Яшчэ раз падкрэслю, Беларусь настроеная на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі па любых кірунках. Няма забароненых тэм. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Пра давер паміж краінамі казаў і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. «Паміж Украінай і Беларуссю ёсць давер, паміж Лукашэнкам і Парашэнкам ёсць давер. І я абсалютна перакананы, што гэты давер выльецца ў бяспеку, надзейнасць, дружбу і супрацоўніцтва», — сказаў ён на сустрэчы ў фармаце «сам-насам» з беларускім калегам. Ён дадаў, што мяжа паміж Беларуссю і Украінай павінна быць выключна мяжой міру, дружбы і надзейнасці. «І вы, і я робім да гэтага максімальныя намаганні», — адзначыў Пётр Парашэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

г. Гомель

Загаловак у газеце: Па-суседску, па-сяброўску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».