Вы тут

Мова. Мадэль для зборкі


Разбурыць тэкст, знішчыць усё, што змацоўвае паміж сабой словы і сэнсы, забыцца на ўсё створанае раней… Пачаць пасля збіраць мову наноў, быццам пазл, без пэўных прыкмет, блукаючы ўпоцемках, навобмацак вышукваючы напрамкі, лавіць у цішыні водгалас мелодый, прыгадваць забытыя рытмы і адначасова ствараць новыя…


Творчасць некаторых паэтаў наўрад ці можна аналізаваць, кіруючыся класічным літаратуразнаўчым метадам: знаходзячы тропы, метафары, мастацкія сродкі і г. д. Справа тут не ў нейкай інакшасці мыслення ці ў асаблівасцях стылю і творчай манеры, а хутчэй у тым, што такую літаратуру проста немагчыма прэпарыраваць. Яна сама перш-наперш разбурае, раскладае па частках свядомасць чытача, каб той страціў арыенціры, тобок апынуўся адзін, у цемры, пасярод незнаёмай мясцовасці, і толькі рэдка пазнавальныя маркеры-вобразы будуць нагадваць пра навакольную рэчаіснасць. І тады кожны будзе шукаць свой шлях — зыходзячы з узроўню сваёй падрыхтаванасці, абазнанасці ў сусветнай культуры, ступені развіцця мастацкага густу.

Таму на кніжках такіх аўтараў, як на інструкцыях для ўжывання медыцынскіх прэпаратаў, у абавязковым парадку я змяшчаў бы супрацьпаказанне: «не рэкамендуецца ўжываць асобам з павышаным узроўнем класічнай беларускай літаратурнай традыцыі ў крыві, а непаўнагадовым — пад абавязковым наглядам дарослых».

Вальжына Морт — адна з тых паэтаў (не хачу казаць «паэтка», бо там, дзе пачынаецца сапраўдная паэзія, на мой погляд, заканчваюцца гендарныя размежаванні), якія напрыканцы 90-х — на пачатку нулявых здзяйснялі функцыю «разбурэння мовы», каб на руінах і тле закласці падмурак найноўшай літаратуры. Пасля публікацыі дэбютнага зборніка «Я тоненькая як твае вейкі» (2005) Вальжына Морт пераехала ў ЗША, і там жа выйшлі яе наступныя кнігі: зборнік-білінгва «Factory of Tears» (2008) і цалкам на англійскай мове «Collected Body» (2011). Здавалася б, наш чытач меў усе шанцы страціць Вальжыну Морт як беларускамоўнага аўтара. Але, на шчасце, гэтага не адбылося. Як прызнаецца сама аўтарка, яна працягвае пісаць на абедзвюх мовах. З гісторыі літаратуры мы ведаем, што падобны шлях абраў некалі Уладзімір Набокаў, праўда, пасля ён усё-ткі перайшоў канчаткова на англійскую. Дарэчы, Вальжына Морт у Амерыцы працуе выкладчыцай паэзіі (!) у Карнэльскім універсітэце, дзе аўтар «Лаліты» ў сярэдзіне мінулага стагоддзя чытаў лекцыі па рускай літаратуры.

Летась у Беларусі выйшаў зборнік вершаў Вальжыны «Эпідэмія ружаў» (Мінск, «Логвінаў», 2017). Амаль траціна твораў у ім новыя, астатнія друкаваліся ў папярэдніх зборніках. Але так ці інакш з’яўленне кнігі — гэта своеасаблівае вяртанне паэта на Радзіму, завяршэнне цыкла. Бо, нягледзячы на вельмі моцную англамоўную традыцыю (нават да ад’езду з Беларусі), Вальжына Морт была і застаецца энергетычна і настраёва беларускім творцам. Пра гэта сведчаць многія вершы з новага зборніка, у прыватнасці такія, як «Зінгер», «Бабуля», «Мінская песня», «Цётка Анна», «Беларуская мова»… Апошні тэкст, дарэчы, — неверагодна эмацыянальны крык душы, экспрэсіўная споведзь, дзе любоў і боль сплятаюцца ў дзівосны калейдаскапічны малюнак, які ўражвае, выводзіць чытача з раўнавагі, разгойдвае ўспрыманне і пакідае ў свядомасці незабыўныя вобразы:

Калі нам выкалалі вочы, мы пачалі размаўляць рукамі,

 Калі нам адсяклі рукі, мы размаўлялі пальцамі на нагах.

Імкненне з’яднаць у адно пафас антычных драм, малітоўнасць біблейскіх псалмоў і ўтрапёнасць народных галашэнняў выклікае ашаламляльны эфект, здольны прывесці чытача да катарсісу.

Нягледзячы на выкшталцоны, месцамі шакуючы, эратызм і натуралізм, ментальнасць паэзіі Морт далёкая ад выключна жаночай, больш за тое: шмат каму з нашых паэтаў-мужчын якраз не хапае гэткай шалёнай, нястрымнай энергетыкі — такой, якая струменіць са старонак «Эпідэміі ружаў»:

Пакуль Міністэрства Транспарту таптала абцасы,

пакуль Міністэрства Сардэчных Справаў білася ў істэрыцы,

Фабрыка Слёз працавала па начах,

нават па святах ставіла рэкорды вытворчасці.

У паэзіі для аўтаркі няма табу і абмежаванняў: яна дазваляе сабе выкарыстоўваць жорсткую, брутальную, месцамі абсцэнную лексіку. Гранічная шчырасць вельмі часта мяжуе з наўмысна правакацыйнай унутранай раскамплексаванасцю, жаданнем не проста здзівіць чытача, а выклікаць у яго пачуццё непрымання і агіды.

…мова, дзеля якой брат забівае брата,

мова, ад якой нікому не ўратавацца,

мова, што нараджае ўродаў-мужчын,

нараджае жанчын-жабрачак,

нараджае безгаловых жывёлаў,

нараджае жаб з чалавечымі галасамі.

Гэтая мова не існуе!

Следам за сваімі знакамітымі літаратурнымі папярэднікамі — Тэдам Х’юзам, Чэславам Мілашам, Дэрэкам Уолкатам — і паралельна са сваімі не менш вядомымі сучаснікамі Верай Паўлавай і Сяргеем Жаданам Вальжына Морт не толькі не імкнецца прытрымлівацца класічных вершаваных форм, але і свядома пазбягае іх. Рыфма ў яе творчасці — надзвычай рэдкая госця, яна з’яўляецца ў тэкстах як фантом, прывід, як іранічнае, сцёбнае сведчанне паўтаральнасці, цыклічнасці быцця і сумяшчальнасці несумяшчальнага:

Гусі-гусі, га-га-га,

Што вам сніцца?

Ня-мі-га.

Нашмат больш увагі аўтарка надае рытму, гукавай, сэнсавай, эмацыянальнай гульні, што ў спалучэнні ствараюць яркую, непаўторную паэтычную палітру. Дзякуючы сваёй унутранай драматургіі тэксты Вальжыны Морт так і просяцца на сцэну, для выканання на публіцы.

У сваёй прадмове да зборніка празаік Альгерд Бахарэвіч параўноўвае кнігу з чарадзейным садам, дзе «побач растуць боль і радасць, любоў і вусціш, жорсткасць і меланхолія». Сапраўды, кніжка атрымалася своеасаблівым борхесаўскім «садам, дзе разыходзяцца сцяжынкі», дзе кожны можа выбраць уласную пуцявіну дзеля спасціжэння закладзеных у тэкстах сакральных ісцін.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».