Вы тут

Вывучаем археалагічныя помнікі X—XІ стагоддзяў у вёсцы Мохаў


Сёлета экспедыцыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў працягнула вывучэнне археалагічных помнікаў X—XІ стагоддзяў у вёсцы Мохаў Лоеўскага раёна.


Былі вывучаны два аб'екты — курган 104 і курган 83. У першым адкрыта пахаванне, зробленае паводле абраду інгумацыі ў яме. Там удалося зафіксаваць сляды драўлянай канструкцыі, у якой размяшчаўся касцяк. У сярэднім запаўненні ямы, у розных яе частках, адзначаны абломкі кругавога гаршка другой паловы X — пачатку XІ стагоддзя з таўром у выглядзе пяці рысачак у крузе. Таксама ў пахаванні знойдзены жалезная падковападобная фібула і серыя бронзавых накладак, жалезны нож, спражка і, верагодна, жалезны бранзалет. Паводле папярэдніх высноў, можна казаць пра тое, што гэта пахаванне мужчыны.

У працэсе расчысткі самога насыпу таксама былі зроблены цікавыя знаходкі — кавалкі кругавой керамікі і бронзавы арнаментаваны кручок ад шыйнай грыўні. Пры вывучэнні раўчукоў кургана адзначаны кавалкі кругавога посуду і косткі жывёл, якія трапілі туды ў працэсе памінальных абрадаў. Асаблівасцю кургана з'яўляецца наяўнасць ямнага пахавання ў драўлянай канструкцыі. Папярэдне яно можа быць датавана канцом X — пачаткам XІ стагоддзя. Што для помніка з'яўляецца адкрыццём, бо даследаваныя раней ямныя пахаванні ў Мохаве датуюцца больш познім часам.

У другім кургане даследавана некалькі пахаванняў. Першае здзейснена паводле абраду крэмацыі, рэшткі якой былі рассеяны па ўсім насыпе кургана. Яшчэ адна частка была сканцэнтравана на паўночнай ускраіне насыпу ў пласце з цёмна-шэрага пяску, насычанага вуглём і попелам. Тут былі адкрыты кавалкі кругавой керамікі, цэлы гаршчок з фрагментамі перапаленых касцей, абломкі скроневых кольцаў, шкляныя каралі і яшчэ адзін невялікі кругавы гаршчок, які быў змешчаны туды наўмысна пабітым. Арыентуючыся на знаходкі керамікі і караляў, пахаванне ў кургане можна датаваць X стагоддзем. На ўзроўні старажытнага гарызонту ў цэнтры кургана таксама даследавана ўпускное ямнае пахаванне. Пры ім адкрыта цэлая кругавая пасудзіна XІ стагоддзя і паясны пярсцёнак. Курган з'яўляецца вельмі незвычайным з-за знаходжання ў ім пахаванняў рознага часу — X стагоддзя і, магчыма, сярэдзіны XІ стагоддзя.

Матэрыялы, атрыманыя падчас даследаванняў, пасля камеральнай апрацоўкі і вывучэння будуць перададзены на пастаяннае захоўванне ў фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Варвара ГОМАН

Загаловак у газеце: Мохаўскія курганы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Інавацыі ў будаўнічай навуцы. Як стварыць тое, што ніхто дагэтуль не ствараў?

Будаўнічыя ідэі распрацоўваюцца ў лабараторыі аднаго брэсцкага вучонага.

Спорт

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд

Неўзабаве ў Пекіне запаліцца агонь XXІV зімовых Алімпійскіх гульняў.

Культура

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

Васіль Цішкевіч: Кожны чалавек — у рознай ступені краязнаўца...

З Васілём Цішкевічам, навуковым супрацоўнікам Слуцкага краязнаўчага музея, мы знаёмыя даўно.