Вы тут

Ад чаго баліць спіна?


Боль у спіне рана ці позна насцігае амаль кожнага. Гэта наша расплата за прамахаджэнне — з узростам дэфармацыі ў пазваночніку непазбежныя. А калі чалавек большую частку часу праводзіць седзячы (гэта ўвогуле самы нязручны стан для нашага шкілета) ці займаецца фізічнай працай (калі пазваночны слуп пераносіць перагрузкі), болі ў спіне могуць узнікнуць і ў маладым узросце. Як захаваць пазваночнік здаровым і ў якіх выпадках боль нельга цярпець, расказала загадчык аддзялення рэабілітацыі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Галіна ГОНТАРАВА.


— Галіна Іванаўна, пра што можа сведчыць боль у спіне?

— Боль у ніжняй частцы спіны — вельмі распаўсюджаная нагода, з якой пацыенты звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. Яго прычыны могуць быць рознымі, пачынаючы ад паталогіі малога таза ў жанчын, заканчваючы паталогіяй самога пазваночніка. Але самай частай прычынай з'яўляюцца, канешне, дэгенератыўныя дыстрафічныя змяненні ў паяснічнай вобласці, якія выклікаюць паражэнні міжпазванковага дыска. Справакаваць боль можа пад'ём цяжару, доўгае сядзенне, падзенні і ўзроставыя дэгенератыўныя змены. Нашы пазванкі мацуюцца адзін да аднаго праз міжпазванковы дыск. Гэта студзяністае ўтварэнне, якое знаходзіцца ў фіброзным кальцы. Цэнтральная частка дыска — студзяністае ядро, з узростам яно высыхае і часткова губляе амартызацыйную функцыю, і тады пачынаюцца праблемы. У фіброзным кальцы ўтвараюцца трэшчыны, куды трапляе студзяністае ядро, утвараюцца выпукласці, а з часам, калі фібрознае кальцо разрываецца, утвараецца грыжа міжпазванковага дыска. У гэтым участку пазванка ўзнікае некаторая нестабільнасць, могуць пашкоджвацца звязкі, і тады з'яўляецца боль і напружанне мышцаў пазваночніка. Для ўстанаўлення прычын болю варта абследавацца ў тэрапеўта ці ў неўролага. Трэба здаць агульныя клінічныя аналізы, зрабіць кардыяграму сэрца і рэнтген паяснічнага аддзелу пазваночніка. Калі для ўстанаўлення дыягназу гэтага недастаткова, прызначаюцца дадатковыя абследаванні.

— Боль часта праходзіць сам, таму не ўсе пацыенты звяртаюцца да ўрача. Але ў якіх выпадках боль цярпець нельга?

— Ёсць так званыя сімптомы небяспекі, і кожны пацыент павінен звярнуць на іх увагу і пры ўзнікненні аднаго з іх ці некалькіх неадкладна звярнуцца да ўрача. Калі боль высокай інтэнсіўнасці, калі ён не залежыць ад становішча цела ці ўзмацняецца ўначы, калі з'яўляюцца ліхаманка, слабасць ў ступні.

— Ад чаго ўзнікаюць так званыя прастрэлы і наколькі яны небяспечныя?

— Калі нервовы карэньчык заціскаецца ў нервовым канале, узнікае ацёк, які і выклікае рэзкі боль. Гэта так званая вертэбрагенная люмбалгія. Вы рэзка нахіліліся, мышцы не разагрэты — і нервовы карэньчык аказаўся заціснуты. Пры міжпазванковых грыжах таксама ўзнікаюць такія болі, і гэта даволі небяспечная сітуацыя, пацыенту прызначаюцца ўколы, блакады. А часам патрабуецца і аперацыйнае лячэнне: калі міжпазванковая грыжа сціскае нерв знутры міжпазванковага канала. «Прастрэл» варта паназіраць некалькі дзён. Тэрапеўт прызначае лячэнне. Ні ў якім разе ў першыя дні нельга прымяняць разагравальныя працэдуры. Ад цяпла нервовы карэньчык ацякае яшчэ больш, боль становіцца максімальным. Таму ванны і гарачы душ супрацьпаказаныя ў перыяд вострага болю. Холад таксама вялікага аблягчэння не прыносіць. Звычайна для лячэння прымяняюцца абязбольвальныя і супрацьзапаленчыя прэпараты ў гелях, таблетках, уколах.

— Ці ёсць рэкамендацыі, якія дапамогуць захаваць здароўе пазваночніка і пазбегнуць болю?

— Усе мы з узростам становімся больш лянівыя. Большасць з нас жыве ў кватэрах з выгодамі і не мае патрэбы ў тым, каб на працягу жыцця секчы дровы і насіць ваду. Работа ў нас часта сядзячая. Таму для ўмацавання мышцаў спіны і прафілактыкі болю варта фарміраваць правільны лад жыцця. Выключыць гіпадынамію — яна наш галоўны вораг, змагацца з лішняй вагой — яна прыводзіць да няправільнай паставы. Для спіны карысная фізкультура, асабліва плаванне, а таксама масаж. Для начнога адпачынку пажадана выкарыстоўваць артапедычныя падушкі і матрацы — важна, каб пазваночнік уначы быў прамы. Абавязкова варта сачыць за правільнай паставай падчас хадзьбы і сядзення: галава крыху прыўзнятая, уцягнуты жывот.

— Калі работа сядзячая, ці можна неяк папярэдзіць болі ў спіне?

— Пры сядзячай рабоце кожныя 15 хвілін варта мяняць становішча спіны ці рабіць размінку седзячы. А кожную гадзіну ўставаць і рабіць пяціхвілінную рухальную паўзу — пахадзіць на месцы, патрэсці расслабленымі рукамі, асцярожна панахіляць галаву і тулава. Устаючы з крэсла, абавязкова абапірацца аб стол ці падлакотнікі рукамі — гэта дае патрэбныя секунды адпачынку нашаму пазваночніку. На рабочым месцы варта падрэгуляваць крэсла пад свой рост, але так, каб стол не быў вельмі нізка, бо зноў ствараецца нагрузка на пазваночнік. Калі ж работа звязана з пад'ёмам цяжару ці частымі нагінаннямі і паваротамі тулава, пажадана насіць артэзы — гэта дадатковыя прыстасаванні для спіны, якія фіксуюць яе і перашкаджаюць выконваць празмерныя рухі.

— Якія памылкі мы робім, выконваючы хатнюю працу ці паднімаючы груз?

— Паднімаць груз ці дзіця нельга на выцягнутых руках з прамымі нагамі. Варта крышачку прысесці, сагнуўшы калені, і паступова прыпадымаць, трымаючы тулава прама і крыху адхіліўшыся назад. Або ўстаць на калені, прыціснуць груз да тулава і паступова падняцца. Выконваючы хатнюю работу, варта максімальна высока падняць ручку швабры і прасавальную дошку, каб не згінаць спіну, а прасаваць можна седзячы. Уборка са швабрай, дарэчы, больш карысная для спіны, чым варыянт з нізкім нахіленнем. Падчас ручнога мыцця бялізны трэба максімальна падняць таз, паставіць яго на перакладзіну. Перамяшчаючы груз, каляску, лепш яе штурхаць наперад, чым цягнуць за сабой. Несці два сярэднія пакеты ў дзве рукі нашмат карысней, чым адзін вялікі пакет у адной руцэ. Туфлі на высокай шпільцы — гэта максімальная нагрузка на паяснічна-крыжавы аддзел пазваночніка і тазасцегнавыя суставы. Найбольш зручны абутак — на сярэднім абцасе ці спартыўныя красоўкі. Але абутак не павінен быць плоскі, гэта таксама дрэнна для пазваночніка. На прысядзібным участку ці на дачы непажадана палоць нізкую градку на каленях. Лепш пры магчымасці рабіць высокія градкі і праполваць іх, седзячы на зэдліку — для спіны гэта меншая нагрузка. Нізкае крэсла таксама стварае нагрузку на паясніцу, таму каб выбрацца з яго, трэба максімальна яе нагрузіць. Лепш сядзець на высокім крэсле з падлакотнікамі.

Варта памятаць, што чым лепшая рухавасць пазваночніка і мацнейшыя мышцы, тым радзей будзе непакоіць боль. Таму абавязкова неабходна выконваць практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне мышцаў спіны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.