Смага і голад, агнямёты, якія плавілі цэглу, бомбы па 1800 кілаграмаў — так фашысты вымушалі абаронцаў Брэсцкай крэпасці спыніць супраціўленне. Замест васьмі гадзін, за якія Гітлер планаваў захапіць цытадэль, фашыстам прыйшлося ваяваць тут 32 дні. Пра жахі, адчай, мужнасць і надзею, якія панавалі тут у той час, турыстам расказваюць супрацоўнікі музейнага комплексу. А фантазія дамалёўвае карціну, якую па кавалачках стварае экскурсавод чарговага падарожжа, у якое «Звязда» выправілася разам з тураператарам «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму».
Усходні форт і Белы палац
Перш чым трапіць на тэрыторыю цытадэлі, мы ненадоўга затрымліваемся ў браме на ўваходзе, каб паслухаць голас легендарнага Левітана, які абвяшчае патачак вайны пад акампанемент песні «Свяшчэнная вайна» з гукамі выбухаў і гулам самалётаў. Гэта падрыхтоўвае адпаведны настрой, з якім ідзём у музей, дзе ўжо поўнасцю паглыбляемся ў ваенныя часы, дакладней у адны з самых жорсткіх першых дзён лета 1941-га. Музей быў адкрыты ў 1956 годзе ў каземаце абарончай казармы. Цяпер ён займае дзесяць залаў.
Пасля агляду музея скіроўваемся ў бок Усходняга форта непадалёк ад галоўнага ўвахода ў крэпасць — Паўночных варот. Ва ўнутраных памяшканнях тады размяшчаліся войскі, у знешніх — стайні. Абаронай форту кіраваў маёр Пётр Гаўрылаў. Прычым настолькі ўдала, што немцы пісалі, што туды немагчыма падступіцца — застаецца браць толькі голадам і смагай. Калі ж і гэта не дапамагло, 29 чэрвеня ў 8 раніцы на форт скінулі некалькі 500-кілаграмовых бомбаў, а пасля абеду — цяжкія снарады.
Пасля мы падышлі да гістарычных руін — закансерваваных рэшткаў Белага палаца, як у цытадэлі называлі афіцэрскі клуб. Да вайны гэта быў трохпавярховы цагляны будынак, які зрабілі з былой драўлянай уніяцкай царквы Святых Пятра і Паўла. Напярэдадні баёў тут змяшчаўся склад харчавання і боепрыпасаў 75-га разведвальнага батальёна. Мяркуецца, што будынак гэты разбурылі ў канцы чэрвеня, пад заваламі нейкі час заставаліся жывыя. Пасля вайны тут адкапалі астанкі каля 140 чалавек.
Холмскія вароты
Далейшы шлях экскурсіі па цытадэлі прыводзіць да брацкай магілы абаронцаў крэпасці, дзе пастаянна гучыць кампазіцыя «Мроі» Шумана. Каля вечнага агню ўсе заціхаюць у хвіліне маўчання і скіроўваюцца да Холмскіх варот. Да іх немцы гналі перад сабой натоўп раненых і ўрачоў, якіх захапілі ў шпіталі на паўднёвым востраве цытадэлі. Хаця палонныя крычалі страляць і не шкадаваць іх, салдаты вагаліся да апошняга. Толькі калі немцы ўжо падышлі да варот, байцы падняліся ў бой...
Сёння Холмскія вароты — адно з самых пазнавальных месцаў крэпасці. У тыя часы яны былі атынкаваны, таму пасля адной з рэстаўрацый ім вярнулі былы выгляд, пакінуўшы частку месцаў з прабоінамі. Унутры варот дагэтуль захаваўся стары брук, якім была вымашчана ўся крэпасць. На паўднёвым востраве дагэтуль засталіся рэшткі шпіталя, а побач з Холмскімі варотамі ў будынку былой палкавой школы 84-га стралковага палка дзейнічае жаночы манастыр.
Экстрым у падзямеллі
У 1870-я гады вакол крэпасці было вырашана будаваць пазіцыі для артылерыі — фарты. У адзін з іх — форт № 5, прыкладна за чатыры кіламетры на поўдзень ад цытадэлі — мы і паехалі, падсілкаваўшыся.
Перад уваходам у памяшканне — пляцоўка з узбраеннем часоў вайны. Форт зусім не падобны на звычайны музей. У падземных пераходах няма святла, таму нас адразу папярэджваюць не адбівацца ад групы, каб не заблудзіць. Самастойна арыентавацца ў пераходах паміж капанірамі, паўкапанірамі і казармамі з непрывычкі цяжкавата. Акрамя таго, тэмпература ў сутарэнні значна паніжаецца, а нізкія столі і сырыя сцены дадаюць змрочнасці і без таго псіхалагічна цяжкаму экскурсу ў гісторыю.
Перад усімі трыма ўваходамі ў казарму зроблены скразнікі — невялічкія скразныя галерэі. Іх рабілі з разлікам, што падчас узрываў хваля ад выбухаў пройдзе навылет праз скразнік і не пашкодзіць дзверы казармы.
Далей мы прайшлі да цэнтральнай патэрны, дзе ўжо стала значна цямней, і ўвайшлі ў адзін з парахавых скляпоў. У кожнай патэрне іх было два — тут захоўваўся боезапас на трое сутак баёў. Цяпер тут сыра і на сценах кандэнсат.
У падземным пераходзе становіцца зусім цёмна. Два вялікія ліхтары нясуць першы і апошні ў групе. Астатнія падсвечваюць шлях тэлефонамі. Са столі звісаюць невялікія сталактыты. Месцамі на падлозе застаўся брук, месцамі — лужыны. Пэўную порцыю экстрыму мы атрымалі...
Па дарозе дахаты нам уключылі фільм «Брэсцкая крэпасць». І падалося, што гэта не кіно мы глядзім, а проста ўсё пабачанае і пачутае днём ажыло, і мы нібыта перанесліся ў тыя часы.
— Брэсцкая крэпасць — адно са знакавых месцаў Беларусі, якое захоўвае памяць пра радзіму і трагічныя старонкі яе жыцця, яскрава адлюстроўвае гісторыю ваенных дзеянняў. Гэта ваенна-патрыятычнае падарожжа, якое дазваляе прайсці «сцежкай вайны», — мяркуе Юлія ШЫКУН, начальнік экскурсійнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — Такія паездкі, думаецца, не будуць лішнімі для любога чалавека і асабліва для школьнікаў старэйшых класаў, якія вывучаюць гісторыю. Каб не проста прачытаць пра вайну ў падручніках, а дакрануцца да яе ў сэнсе памяці, адчуць гора, якое прыйшлося перажыць краіне і людзям.
Эмацыянальнасць і каштоўнасць гэтага падарожжа, хвалюючыя гадзіны, за якія мы «пражылі» з экскурсаводам тыя даўнія дні, упэўнена, мы запомнім назаўжды. А наступным разам «Сяброўка» рушыць у Лепельскі ваенны санаторый, каб набрацца сіл і падрыхтаваць арганізм да зімы.
Ірына СІДАРОК
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.