Вы тут

Штогод лунінецкая моладзь ідзе «Маршам жыцця»


Штогод лунінецкая моладзь ідзе «Маршам жыцця» ў памяць аб бязвінна загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхарах вёскі Мелясніца.


Ідэй­ны на­тхняль­нік «Мар­шу жыц­ця» —  жур­на­ліст, края­знаў­ца, пісь­мен­ні­ца Тац­ця­на Ка­на­пац­кая —  рас­каз­вае лу­ні­нец­кай мо­ла­дзі пра тра­гіч­ны лёс Ме­ляс­ні­цы.

Дождж, вецер ці апошнія сонечныя промні — усё адно. Гарадскія хлопцы і дзяўчаты ўвосень абавязкова збіраюцца каля абеліска на ўскрайку вёскі. Разам з імі — прадстаўнікі мясцовай улады, духавенства, Чырвонага Крыжа. Нехта ідзе сюды пешшу, хтосьці едзе на машыне, а некаторыя — на веласіпедзе. Мелясніца хоць і схаваная ў лясным гушчары, але ад горада да яе рукой падаць — усяго два кіламетры. У цішыні чуваць шаша і чыгунка, якія знаходзяцца непадалёку. Але куды гучней шумяць векавыя сосны, што памятаюць трагедыю, якая здарылася ўвосень 1943 года: нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі дзве трэці жыхароў, хаты спалілі...

— Пра страшны лёс Хатыні і вёсак, якія яго паўтарылі, усе ведаюць з урокаў гісторыі. Аднак разбіраючы гэтую тэму ў класе, да канца не разумееш маштабы людскога гора. Калі сам прыходзіш ці прыязджаеш у спаленыя населеныя пункты, стаіш каля абеліскаў са знаёмымі лунінецкімі прозвішчамі, даведваешся, як гінулі твае равеснікі, бачанне тых трагічных падзей змяняецца, — падзялілася ўражаннямі гімназістка Наталля Золатава.

Адзіная вуліца сучаснай Мелясніцы носіць назву Партызанская. Вёска з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны стала прытулкам для народных мсціўцаў, якія хаваліся ў лясных гушчарах. Сярод жыхароў былі сувязныя. Мелясніца ўвесь час жыла ў чаканні нядобрага: цэлымі сем'ямі начавалі ў лесе. Але ноч перад трагедыяй выдалася надзвычай дажджлівай і халоднай, таму людзі вырашылі перачакаць непагадзь дома. Раніцай яны апынуліся ў пастцы ворагаў: немцы і паліцаі ачапілі вёску з усіх бакоў...

Шлях «Маршу жыцця» вучні лунінецкай гімназіі праклалі ў 2013 годзе, і цяпер не адна восень не праходзіць для іх без візіту ў Мелясніцу. Сёлета да гімназістаў далучыліся навучэнцы політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў Лунінца, адзінаццацікласнікі сярэдняй школы № 1. На зямлю продкаў прыехала і маладая лунінчанка Таццяна Санюковіч. У той трагічны дзень яе дзядуля з бабуляй цудам засталіся жывымі, але немцы не пашкадавалі іх малодшых дзяцей — застрэлілі проста ў калысках. Дарэчы, асабліва пранікаюцца хлопцы і дзяўчаты, калі агучваюць мартыралогі — спісы імёнаў загінулых. Сярод іх у асноўным дзеці і моладзь, старыя.

Мелясніца ўвекавечана на «Дрэве жыцця» мемарыяльнага комплексу «Хатынь» як адзін з тых населеных пунктаў, што адрадзіліся пасля вайны. Маладыя лунінчане шчыра здзіўляюцца такой прывязанасці да роднай зямлі: тыя, хто цудам выратаваўся, праз некаторы час вярнуліся на папялішчы, жылі ў зямлянках, а пасля нанова адбудавалі вёску. Па «вялікія магчымасці» ў горад ніхто не пабег — засталіся на малой радзіме не толькі за сябе, але і за тых сваякоў, сяброў, суседзяў, якія загінулі. Пры гэтым жыхары Мелясніцы, якім пашчасціла застацца жывымі, не праглі помсты. Вядома, што пасля вайны ў вёсцы жыў адзін з прадстаўнікоў нямецкай нацыянальнасці. Калі ў 1970-х ён памёр, яго пахавалі суседзі.

І ўсё ж цяпер большасць мелясніцкіх хат пустуе. Прычым не толькі з восені да вясны, а зусім. Таму мясцовыя гаспадыні гасцям заўсёды рады.

У кампаніі гаваркіх мелясніцкіх жанчын вылучаецца адна — зусім невысокая, худзенькая, у акуратна павязанай хустцы. Гэта Яўгенія Прыходзька. Яе на Лунінеччыне даўно называюць «жыццесцвярджальным сімвалам» Мелясніцы, бо нарадзілася яна ў лесе праз месяц пасля знішчэння вёскі. Так нітка жыцця на гэтай зямлі не перарвалася, цягнецца сёння і будзе ісці далей, пакуль маладыя помняць.

* * *

Дарэчы, Мелясніца — толькі адна з вёсак Лунінецкага раёна з «вогненай гісторыяй», але не адзіная, дзе падрастаючае пакаленне ладзіць памятныя акцыі і мітынгі. Увесну гімназісты і школьнікі абавязкова наведваюць самы аддалены ад райцэнтра населены пункт — Лугі, дзе ў 1943 годзе ў агні загінулі 137 яго жыхароў. А летам злёт моладзі Лунінеччыны па традыцыі праходзіць каля возера Белае, дзе калісьці таксама была вёска, што знікла з усіх геаграфічных картаў пасля вайны.

Ганна КУРАК, фота аўтара

Мінск — Лунінецкі раён — Мінск

Загаловак у газеце: Ідзі і помні... Дзеля жыцця

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.