Вы тут

Лукашэнка: Няма больш важнага пытання, чым захаванне міру на планеце


"Калі не спыніць махавік канфрантацыі, то палыхне ўжо не толькі Украіна і Усходняя Еўропа"

Сусветныя канфлікты, украінскія падзеі, "Хельсінкі-2" і членства Беларусі ў ЕС – гэтыя і іншыя тэмы закрануў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення ў Мінску на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.


На краі бездані

У пачатку кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мюнхенская канферэнцыя - адзін з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных палітычных форумаў у свеце, дзе на ўзроўні экспертаў абмяркоўваецца праблематыка бяспекі ў глабальным сэнсе. Сярод асноўных яе задач ён назваў аб'ектыўны аналіз сітуацыі, якая складваецца, выпрацоўку канструктыўнага парадку дня, пашырэнне ўзаемадзеяння і ўмацаванне бяспекі не толькі ў Еўропе, але і за яе межамі.

«Сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру, пры тым у цэлым на планеце, - падкрэсліў беларускі лідар. - Актуальнасць гэтай тэмы пацвярджае і ўражлівы склад удзельнікаў канферэнцыі, і пералік праблем, якія абмяркоўваюцца, у якім знайшлі адлюстраванне найбольш вострыя для нашага рэгіёну «болевыя кропкі»: ад рознагалоссяў па лініі Усход - Захад да канфлікту ва Украіне».

Прэзідэнт са шкадаваннем пагадзіўся з высновамі апошняга дакладу Мюнхенскай канферэнцыі аб тым, што наша планета падышла да краю бездані, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт. Паводле яго слоў, канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў еўрапейскім рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў прысутным, што ўзброеныя супрацьстаянні ідуць практычна на ўсіх кантынентах. Канфлікты на Бліжнім Усходзе і ў Азіі пагаршаюцца спробамі падзяліць рэгіёны на сферы ўплыву. У Афрыцы паслабленне цэнтральных уладаў суправаджаецца ўзмацненнем радыкальных ісламісцкіх груповак.

«Канфлікт, які тлее, а па сутнасці – няспынная вайна на Данбасе - гэта вайна тут, у нашай з вамі Еўропе», - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што колькасць бежанцаў у свеце вылічаецца ўжо не сотнямі тысяч, а мільёнамі.

Ён таксама дадаў, што гандлёвыя супярэчнасці паміж ЗША і Кітаем, у якіх рахунак ідзе на сотні мільярдаў даляраў, пачынаюць правакаваць супрацьстаянне Вашынгтона і Пекіна ў іншых сферах узаемадзеяння - нароўні з тэрмінамі «халодная» ці «ледзяная» вайна ўжо гавораць пра перспектывы «халоднай гандлёвай вайны». Прэзідэнт адзначыў, што ўсё больш відавочны характар ​​набываюць і рознагалоссі паміж ЗША і ЕС, самымі блізкімі саюзнікамі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прорва недаверу паміж Расіяй і Захадам цяпер значна шырэй, чым у папярэднія складаныя перыяды найноўшай еўрапейскай гісторыі. Акрамя таго, ідуць маштабныя санкцыйныя і інфармацыйныя войны.

Ён дадаў, што трывожная сітуацыя склалася вакол дагавораў аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, а таксама аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.

«Вялікія дзяржавы губляюць статус гарантаў стабільнасці. Яны не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з найсур'ёзных пытанняў», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, Савет Бяспекі ААН ператварыўся ў пляцоўку для высвятлення адносін: на агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках цяперашняй, 73-й сесіі Генасамблеі ААН кожны кажа пра свае інтарэсы, прэтэнзіі, заклапочанасць і мала хто - пра тое, што трэба садзіцца за стол перамоваў і змяняць сітуацыю.

Беларускі лідар акцэнтаваў увагу на тым, што ўжо не толькі сусветныя палітыка, эканоміка, але і спорт, іншыя нейтральныя сферы міжнароднага супрацоўніцтва становяцца арэнай супрацьстаяння некаторых дзяржаў.

«Эксперты і аналітыкі паступова прыходзяць да меркавання, што свет саслізнуў у эпоху аднабаковых адносін. Па іх словах, «мы рухаемся (ад аднапалярнага, затым шматпалярнага свету) да свету без палюсоў, да вайны ўсіх супраць усіх», - заявіў Прэзідэнт.

У дапамогу бліжняму

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на адкрыцці летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года беларускім бокам была прапанавана ідэя новага Хельсінскага працэсу. «Тады мы нярэдка чулі, што, маўляў, Беларусь была занадта наіўная, агучваючы такога роду прапанову», - адзначыў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, наша краіна зыходзіць з таго, што ва ўмовах, калі гэтая сістэма дае збой (бо яна не дазволіла прадухіліць крывавыя канфлікты ў Еўропе, напрыклад, у Югаславіі і Украіне), трэба прымаць меры, каб аднавіць яе эфектыўную дзейнасць.

«Пры гэтым Беларусь не з'яўляецца інструментам нейкага трэцяга боку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Наша прапанова - не спроба вярнуцца да папярэдніх ініцыятыў. Беларуская дзяржава выступае за інклюзіўны дыялог, нават калі няма гарантыі таго, што ён завершыцца канкрэтным вынікам».

У сувязі з гэтым Беларусь бачыць неабходным у цяперашняй абстаноўцы развіццё міждзяржаўных адносін, у тым ліку нефармальных. Прычым па любой тэматыцы ў сферы бяспекі, дзе гэта магчыма ці дзе ў бакоў-апанентаў ёсць супадаючыя інтарэсы.

«Мы не прэтэндуем на манаполію дадзенай ініцыятывы, - зноў звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Разумеем, што яе рэалізацыя залежыць ад згоды многіх, у першую чаргу ключавых гульцоў. Але ў сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, сваю важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны».

Паводле яго слоў, у Беларусі разумеюць, што такі дыялог у той жа час будзе значна адрознівацца ад таго, які быў у рамках Хельсінскага працэсу. Ён дадаў, што «Хельсінкі-2» - гэта, хутчэй, метафара для абазначэння сутнасці новага працэсу - пошуку сучасных шляхоў і спосабаў сысці ад небяспекі вялікага канфлікту. Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што рашэнні па выхадзе з крызісу не павінны паўтараць «рэцэпты» халоднай вайны. Аднак на сёння ў Еўропе няма адзінага меркавання аб тым, як павінна быць уладкавана абноўленая сістэма бяспекі.

Вырашэнне праблем ёсць

«Тым не менш, нягледзячы на ​​адсутнасць палітычных перадумоў для запуску новага перамоўнага працэсу, неабходна шукаць магчымасці для прапрацоўкі яго асновы. Хай для пачатку на экспертным узроўні, а затым і асноўнымі гульцамі. Верагодна, менавіта экспертная супольнасць зможа падказаць неардынарныя выхады з сітуацыі», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што тры тыдні таму ў Мінску пад эгідай АБСЕ прайшла Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. Яе ўдзельнікі сышліся ў меркаванні, што, толькі выступіўшы адзіным фронтам, можна паспяхова супрацьстаяць кібертэрарызму і іншым сучасным выклікам і пагрозам.

«У якасці наступнага кроку Беларусь гатова прыняць у сябе сумесную канферэнцыю ААН і АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам і саміт па барацьбе з кіберзлачыннасцю, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - З улікам прысутнасці тут і спадара Грэмінгера, і спадара Ішынгера прапаную ўсім падумаць над аднаўленнем пад эгідай АБСЕ дзейнасці «Групы мудрацоў» з ліку вядомых палітыкаў і аналітыкаў».

Ён дадаў, што іх задачай стане выпрацоўка рэкамендацый стратэгічнага характару па агульных пытаннях бяспекі ў еўра-атлантычнай і еўразійскай прасторах. Паводле слоў беларускага лідара, у нашай краіне вераць, што такі дыялог мог бы паспрыяць выхаду да вынікі, у канчатковым выніку зрабіў бы магчымым правядзенне саміту і прыняцце стратэгічнага дакумента, прымальнага для ўсіх.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніхто ў Еўропе і за яе межамі не хоча адкрытага ваеннага сутыкнення Захаду і Усходу, але сёння ў рэгіёне відавочна буйная палітычная і эканамічная «замова» на эскалацыю напружанасці. Пачынаецца міжблокавае супрацьстаянне, бо проціборства ўцягвае новыя краіны.

На думку Прэзідэнта, канфлікт можна было б змякчыць і ліквідаваць ў многіх выпадках, але палітычнай волі на гэта няма.

«Калі ў бліжэйшы час не спыніць махавік канфрантацыі і працэс злому агульнапрызнаных правілаў гульні, то палыхне ўжо не толькі Украіна і Усходняя Еўропа. Так недалёка і да ядзернага канфлікту паміж геапалітычнымі гульцамі, у якім не будзе пераможцаў», - сказаў ён.

Аб сітуацыі ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: рашэнне ўкраінскага канфлікту - сёння ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе, без урэгулявання якога мір на кантыненце будзе заставацца пад пагрозай.

"На дадзены момант мы вымушаныя канстатаваць, што з задачай спыніць супрацьстаянне на паўднёвым усходзе Украіны ніхто не спраўляецца. Ні "Нармандская чацвёрка", ні Трохбаковая кантактная група АБСЕ, ні Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ў Украіне, ні фармат Уолкер-Суркоў", - дадаў ён.

Самае жудаснае, на яго думку: гінуць тыя, хто застаўся там, - жанчыны, дзеці і старыя, якія не могуць з'ехаць, ехаць няма куды, яны прывязаны да сваёй зямлі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што з моманту прыняцця Мінскіх пагадненняў прайшло больш за тры з паловай гадоў, але цалкам ні адзін з пунктаў так і не рэалізаваны. На думку беларускага лідара, гэта не азначае, што пагадненні дрэнныя. Ідзе нагнятанне сітуацыі, не спыняюцца пастаўкі ўзбраення.

Асобна ён выказаўся аб размяшчэнні бежанцаў на тэрыторыі Беларусі: іх забяспечылі ўсіх неабходным, аказалі дапамогу ў працаўладкаванні, прадаставілі медыцынскае абслугоўванне, нягледзячы на няпростую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў самой Беларусі.

Прэзідэнт падкрэсліў: пры жаданні рашэнне канфлікту на Данбасе магло б быць ужо даўно знойдзена. Што рабіць далей? Аляксандр Лукашэнка прапанаваў наступнае: працягваць працу па ўзмацненні магчымасцяў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Украіне і Трохбаковай кантактнай групы. Паводле яго слоў, у Беларусі гатовы разгледзець стварэнне ў Мінску тэхнічнага пункта Трохбаковай кантактнай групы.

Акрамя таго, неабходна весці далейшы пошук ўзаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў, трэба забяспечыць прынцып паэтапнасці ў разгортванні гэтай місіі. Яшчэ, на думку беларускага лідара, варта было б актывізаваць працу ў "Нармандскім фармаце", каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем Мінскіх пагадненняў.

"Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай мяжы. А таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны", - дадаў ен.

Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусь гатова вырашыць гэтую праблему толькі ў выпадку ўпэўненасці ў тым, што асноўныя сусветныя гульцы хочуць міру ў Еўропе. Ён зноў адзначыў: гэтая вайна нікому не патрэбная. Самая сур'ёзная памылка - пачынаюць шукаць вінаватых. Шукаць вінаватых - гэта дзецям можна пакінуць, яны разбяруцца, калі захочуць, а сёння трэба вырашаць праблему, рэзюмаваў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што за стол перамоваў трэба прыцягнуць ЗША - без гэтага мэты наўрад ці ўдасца дасягнуць.

Не буфер, не «бастыён»

У завяршэнні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не хоча апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на лязе блокавага супрацьстаяння Усходу і Захаду. Ён таксама дадаў, што з ростам гэтых працэсаў Беларусі прадказваюць лёс буфера або «бастыёна» паміж Расіяй і НАТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты рэгіён стаў бы поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння, калі б не розныя ваенна-палітычныя блокі. Беларускі лідар заклікаў звярнуць пільную ўвагу на інтэнсіфікацыю супрацоўніцтва з нашай краінай.

Ён нагадаў пра “праблемы з правамі чалавека”, якія прыпісваюць Беларусі. «Тут дарэчы нагадаць, што развітая еўрапейская дэмакратыя фарміравалася стагоддзямі, а ад нас хочуць рыўка за некалькі дзясяткаў гадоў. Калі рабіць гэта скачкападобна, праз ціск, вынік будзе няўстойлівым. Таму мы ідзем па шляху эвалюцыі, а не рэвалюцыі», - сказаў Прэзідэнт.

Ён раскрытыкаваў еўрапейскую дэмакратыю і дадаў, што хутка ёй будуць вучыцца ў Беларусі, паколькі ў нас у аснове ляжыць стабільнасць і нармальнае жыццё людзей.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусі патрэбныя нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны з Еўропай. У нашай краіны ёсць імкненне, каб ЕС стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і ЕАЭС.

Паводле яго слоў, у нашай краіне ведаюць сапраўдныя адносіны да Беларусі і іншых краін постсавецкай прасторы. Ён адзначыў, што некаторыя палітыкі ў Еўропе маюць намер абмяжоўваюць развіццё супрацоўніцтва. Прэзідэнт пацікавіўся, які ж рэакцыі тады чакаюць ад Беларусі, Расіі? Аснова супрацоўніцтва - эканоміка, а што рабіць, калі беларускія тавары адпрэчваюць ў Еўропе? Пры гэтым Беларусь сваімі межамі абараняе ЕС ад крыміналу, зброі, наркотыкаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: мы не прэтэндуем на членства ў ЕС і ідзем да еўрапейцаў зусім не з працягнутай рукой.

Прэзідэнт дадаў, што ў нашы дні попыт на дыялог і ўмацаванне даверу ў свеце значна перавышае прапанову. «Беларусь спрабуе па меры сіл садзейнічаць выраўноўванню гэтага дысбалансу. Такую аб'яднаўчую палітыку мы збіраемся праводзіць і надалей, калі яна патрэбна», - заявіў ён.

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая сыграць сваю ролю ва ўмацаванні міру.

У спрэчцы нараджаецца ісціна

Далей кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у дыскусіі.

Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся пра сітуацыю на Данбасе, каб канкрэтызаваць сказанае. Паводле яго слоў, сёння для таго, каб дамагчыся чагосьці, патрэбен вынік — хоць паўкрока, каб людзі маглі паверыць, што ў гэтым рэгіёне можна нешта зрабіць. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: той дыялог, што ідзе зараз, прывядзе яшчэ да большага канфлікту.

Беларускі лідар падкрэсліў: нельга гэтага дапусціць. Прэзідэнт мала верыць у вынік зараз, таму што туды адпраўляюць вельмі сур'ёзнае ўзбраенне. Ён звярнуўся да еўрапейцаў і падкрэсліў: вы ведаеце, як гэта вырашыць, калі «ваш старэйшы брат на гэта пойдзе».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, калі ўзбраенне туды і патрапіла, трэба зрабіць так, каб яно перастала страляць. У выніку дыялогу быў страчана давер. Крокі да вырашэння канфлікту павінны зрабіць усё — расіяне, украінцы і беларусы. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў забяспечыць закрыццё мяжы паміж канфліктуючымі — але толькі на аснове іх дамоўленасцей, Беларусь не стане прыходзіць са сваімі правіламі.

Таксама беларускі лідар адзначыў, што трэба вызначыць  прынцыпы правядзення выбараў на Данбасе, а потым Беларусь забяспечыць кантроль. Але толькі ў тым плане, як дамовімся. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: “Калі гэтая вайна камусьці патрэбна, то дамовіцца будзе цяжка. Любое прамаруджванне пагоршыць канфлікт”.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся пра геапалітычную сітуацыю ў цэлым: з'яўляюцца розныя заявы розных краін аб зброі — але пакуль гэта на ўзроўні заяваў палітыкаў і паведамленняў у СМІ, з якімі атрымліваецца спраўляцца. Тым не менш, гэта выклікае непакой.

У прыклад Прэзідэнт прывёў паведамленні аб магчымым размяшчэнні амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы — у такім выпадку Беларусь з Расіяй думаюць аб адэкватным адказе, але рэагуюць адкрыта.

“Тыя, хто размахваюць ядзернай зброяй, не думаюць пра ўласную бяспеку, не кажучы ўжо пра іншыя краіны”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?