Вы тут

Ці пашырацца магутнасці Гродзенскага смеццесартавальнага завода?


Зараз ён абслугоўвае толькі горад, але ёсць магчымасць, каб прыняць адходы з усяго Гродзенскага раёна. Цяпер у раёне дзейнічае 15 міні-палігонаў, але камунальныя службы і мясцовыя ўлады не спяшаюцца скіраваць смеццевыя патокі на перапрацоўчы завод.


Гродзенскі раён — адзін з самых населеных у вобласці, тут пражывае амаль 50 тысяч чалавек. З іх у горадзе-спадарожніку Скідзелі — больш за 10 тысяч. Зразумела, што і адходаў утвараецца нямала. Напрыклад, у Гожскім сельскім Савеце адных толькі садаводчых таварыстваў каля 40, і ў сезон смецце ледзь паспяваюць вывозіць. Між тым да раздзельнага збору адходаў справа пакуль не дайшла. Праўда, была спроба зарыентаваць жыхароў і дачнікаў на збор палімераў, але яна не дала вынікаў: у кантэйнер па звычцы выкідалі ўсё разам.

Вывозяцца на палігон і адходы вялікай Скідзельскай зоны. У сельскім Савеце расказалі, што чулі аб планах па закрыцці палігона, які знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета, але гэтыя пытанні не ў кампетэнцыі мясцовых улад. Дарэчы, такую сітуацыю, калі смецце вывозіцца адразу на палігон, можна назваць тыповай не толькі для Гродзенскага, але і многіх іншых раёнаў. З той розніцай, што на тэрыторыі раёна вось ужо другі год дзейнічае смеццесартавальны завод, магутнасцю 120 тысяч тон у год. Як паведаміў дырэктар завода Вячаслаў Андрыеўскі, магчымасці для перапрацоўкі ёсць.

— Завод прымае камунальныя адходы толькі з абласнога цэнтра. Гэта звязана з заварваннем гарадскіх смеццеправодаў і арганізацыяй раздзельнага збору другаснай сыравіны. Працэс можна лічыць наладжаным. Доля адсартаваных адходаў значна ўзрасла. Мы гатовы прыняць яшчэ больш смецця ад насельніцтва і адсартаваць яго, — адзначыў дырэктар.

На заводзе наогул выйшлі з ініцыятывай закрыцця навакольных міні-палігонаў. Аргумент важкі — адсутнасць ліній сартавання. Таму ўсе адходы, у тым ліку і другасная сыравіна, трапляюць на сметнік. Выгляд другаснай сыравіны вельмі ўражвае экскурсіі, якія часта сюды прыязджаюць, заўважае дырэктар завода. Наогул, перапрацоўка адходаў — справа выгадная. Добра ідзе рэалізацыя пластыку магілёўскім перапрацоўшчыкам. Яны гатовы браць яшчэ больш сыравіны.

— Мы бачым, што патрэба ёсць, і нашы лініі справяцца з большай нагрузкай. Цяпер справа за камунальнымі службамі і раённымі ўладамі, якія павінны прыняць рашэнне аб закрыцці міні-палігонаў, каб усё смецце з тэрыторыі раёна праходзіла праз наш завод, — рэзюмуе Вячаслаў Андрыеўскі.

У аддзеле камунальнай гаспадаркі райвыканкама такая прапанова не выклікала энтузіязму. Каментарый прагучаў даволі лаканічна: «Пакуль пралічваем эканамічны бок». Зразумела, што камунальная гаспадарка не хоча несці страты па адвозцы смецця за некалькі дзясяткаў кіламетраў, калі ёсць паблізу міні-палігон. У рэшце рэшт гэта адаб'ецца і на бюджэце. Да таго ж колькасць смеццявозаў разлічана пад адпаведны маршрут. Калі зараз, напрыклад, машына робіць некалькі рэйсаў, то пры новым раскладзе іх колькасць зменшыцца, што можа пагоршыць чысціню населеных пунктаў. З такімі аргументамі цяжка не пагадзіцца.

Між тым на заводзе прапануюць пачаць гэту работу ў эксперыментальным рэжыме. У першую чаргу задзейнічаць навакольныя сельсаветы. У рэшце рэшт 15 міні-палігонаў, якія існуюць у раёне, рана ці позна давядзецца закрываць. Дык чаму не пачаць зараз?

Аляксандр Адаменка, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У вобласці распрацаваны графік закрыцця міні-палігонаў на тры гады. Гэта значыць, што ў гэты тэрмін усе міні-палігоны вобласці павінны быць выведзены з эксплуатацыі. Згодна з графікам налета ў Гродзенскім раёне павінны быць закрыты пяць міні-палігонаў і праз год — астатнія дзесяць. У цэлым па вобласці сёлета стаіць задача закрыць каля паўсотні аб'ектаў, у наступныя два гады — астатнія 210.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Перапрацоўка — справа выгадная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Бутэляваная, калодзежная, з-пад крана… Як у краіне вырашаюць праблему чыстай пітной вады

Сёння ў Беларусі крыху больш за 800 населеных пунктаў яшчэ не маюць якаснай вады.

Эканоміка

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Разумныя грошы. Крэдыты сталі больш даступнымі, а стаўкі па дэпазітах — ніжэйшымі

Як вядома, з 23 студзеня ў нас змянілася стаўка рэфінансавання.

Грамадства

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Яраслаў Іваноў: Падчас «Студэнта года» я прайшоў каласальны шлях

Аб тым, якія эмоцыі адчуў, калі зразумеў, што перамог.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​