Вы тут

Што адбывалася ў першай частцы Мінскага міжнароднага кінафестывалю


Ідзе пяты дзень кінафестывалю «Лістапад», і за гэты час наведвальнікі цырымоніі адкрыцця пабачылі слёзы Святланы Немаляевай, калі яна атрымала прыз «Кіно без межаў», гледачы пачалі і працягнулі глядзець конкурсныя фільмы і пазаконкурс, а ўчора вечарам былі падведзены першыя вынікі — Конкурсу нацыянальных кінашкол.


Кадр з філь­ма «Ганд­ляр бран­за­ле­та­мі».

Пункцірна трагічны, чорна-белы, магічны фільм з цудоўным саўндтрэкам «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскі «зрабіў» 2 лістапада для кінааматараў. Кіно было паказана на кінафестывалі ўжо тры разы і вельмі добра ўпісалася ў ролю фільма адкрыцця і ў канцэпцыю «Лістапада». Гэтым разам фестываль, што даследуе посткамуністычную прастору, адкрыўся гісторыяй кахання, што цярпела ад палітычнага, ідэалагічнага і гістарычнага фону ў Варшаве, Парыжы, Югаславіі, зноў у Варшаве і, нарэшце, у закінутым праз камуністычныя ўстаноўкі касцёле недзе ў польскай глыбінцы.

Фільм быў паказаны пасля цырымоніі адкрыцця «Лістапада», на якой Рустам Сагдулаеў атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», а Святлана Немаляева — спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД «Кіно без межаў», што выклікала яе расчуленасць і слёзы.

Як і ў мінулым годзе, калі да кінафестывалю ўпершыню далучыўся кінатэатр «Falcon Club Буцік Кіно», журы і прэса глядзяць конкурсныя карціны на Пераможцаў, 20, а сустрэчы з кінематаграфістамі праходзяць на пляцоўках «Цэнтральнага», «Міра», «Піянера».

Усё той жа беспрасвет быў паказаны ў фільме «Ласкавая абыякавасць свету» рэжысёра з Казахстана Адзільхана Ержанава, які ўжо двойчы ўдзельнічаў у «Лістападзе» — з работамі «Гаспадары» і «Чума ў ауле Каратас». Фільм удзельнічае ў Асноўным конкурсе ігравога кіно. Вельмі хітрай падалася карціна з «Маладосці на маршы» індыйскага рэжысёра Эрэ Годы «Гандляр бранзалетамі» — пра сямейную пару ў індыйскай вёсцы і некамунікацыю паміж мужам і жонкай, за чым хаваюцца вельмі цікавыя сакрэты.

Дарэчы, з фільмам «Гандляр бранзалетамі» звязана гісторыя з харасмэнтам. Рэжысёра фільма ў Індыі ананімна абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях, з-за чаго прадзюсар карціны папрасіў «Лістапад» выключыць «Гандляра» з праграмы. Але дырэкцыя адмовілася прымаць радыкальныя меры без суда і следства. Цікава, чым завяршыцца гісторыя ў Індыі, але лепш не ўпусціць магчымасць убачыць фільм на вялікім экране.

У кінатэатры «Беларусь» сёння пачынаюцца паказы Нацыянальнага конкурсу таксама з магчымасцю задаць пытанні аўтарам. А ў «Піянеры» будуць аб'яўлены вынікі конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторый «Лістападзік», адкрыццё якога адбылося 3 лістапада з удзелам прадзюсара Чын-ю Яо і рэжысёраў Моонікі Сійметс і Алдзіяра Байракімава, фільмы якіх былі ўключаны ў конкурс.

Учора вечарам былі абвешчаны першыя вынікі: Конкурс нацыянальных кінашкол назваў пераможцаў, іх можна знайсці на сайце кінафестывалю lіstapad.com.

Вынікі ўсяго форуму будуць падведзены 9 лістапада, пасля чаго — пасля свята кіно — можна будзе абмеркаваць надзённыя праблемы, звязаныя з фестывалем. Заснавальнікамі «Лістапада» выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, сваю лепту ў арганізацыю ўнёс генеральны партнёр — банкаўская плацежная картка «Шчодрая» MasterCard.

Па-ранейшаму кінафестываль дае магчымасць убачыць фільмы, якія наўрад ці давядзецца ўбачыць на вялікім экране ў будучыні, а магчыма, не ўдасца знайсці нават на маленькім.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Час эксклюзіўнага кіно

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.