Вы тут

На што скардзяцца жыхары Віцебшчыны?


У Віцебскай вобласці за дзевяць месяцаў бягучага года ў аблвыканкаме, гаррайвыканкамамах разгледжана 2252 звароты грамадзян па пытаннях абароны правоў спажыўцоў. Сярод іх 157 — у сферы гандлю і грамадскага харчавання, 54 — бытавога абслугоўвання. Для параўнання летась за гэты ж час было 1611 зваротаў (адпаведна — 256 і 73).


Як паведамілі карэспандэнту «МС» у Галоўным упраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама, па выніках разгляду вынесена 10 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, складзена 22 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Акрамя таго, у дасудовым парадку кампенсавана матэрыяльнай шкоды амаль на 5,8 тысячы рублёў.

Апошнім часам у Прыдзвінні пачасціліся выпадкі набыцця грамадзянамі на розных прэзентацыях дарагіх тавараў: ад посуду да коўдраў. Людзі пад уражаннем прадэманстраваных спажывецкіх уласцівасцяў, не задумваючыся, заключаюць дагаворы, каб набыць тавары з растэрміноўкай на буйныя сумы. Пасля нярэдка звяртаюцца па дапамогу ў скасаванні дагавора.

Дарэчы, законам «Аб абароне правоў спажыўцоў» і Грамадзянскім кодэксам вызначана, што тавары належнай якасці магчыма вярнуць на працягу 14 дзён. Вяртанне ажыццяўляецца ў месцы пакупкі ці іншым, устаноўленым прадаўцом. І тут ёсць «падвох»: дагавор на набыццё могуць заключыць на прэзентацыі ў Віцебску, а вяртанне прадугледжана па месцы знаходжання фірмы. Напрыклад, у Брэсце ці Гродзенскай вобласці. У такім выпадку пакупніку прыйдзецца за свой кошт прывезці тавар на адрас знаходжання фірмы.

Нямала прыкладаў і навязвання фірмамі паслуг па рамонце і прафілактыцы вокнаў, электраабсталявання, дыягностыцы камп'ютарнай тэхнікі і гэтак далей.

Начальнік аддзела арганізацыі гандлю і бытавых паслуг галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Наталля Елісеева параіла спажыўцам наступнае. Нягледзячы на настойлівасць супрацоўнікаў фірмаў, неабходна папярэдне ўважліва азнаёміцца з дагаворам. Там павінны ўказаць аб'ём работ, кошт матэрыялаў, дэталяў і камплектуючых. Усё трэба ўважліва пачытаць і толькі пасля гэтага падпісваць.

Упаўнаважанымі па абароне правоў спажыўцоў канстатуецца, што асабліва гэта датычыцца найбольш уразлівай катэгорыі насельніцтва — людзей сталага ўзросту. Бо пасля таго, як паслуга ўжо аказана, позна задумвацца аб яе цане і ўмовах.

Патрабаванні па вяртанні грошай за аказаную паслугу абгрунтавана могуць быць прад'яўленыя спажыўцамі толькі ў тых выпадках, калі яна аказана няякасна, не ў поўным аб'ёме або не ва ўстаноўленыя тэрміны.

Іншыя пытанні, звязаныя з аднабаковым скасаваннем дамовы і вяртаннем грашовых сродкаў, вырашаюцца толькі ў судзе.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: А пасля прэзентацый...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».