Вы тут

Як узаемадзейнічаюць Беларусь і Японія?


Пра ўзаемадзеянне Беларусі і Японіі ішла размова падчас наведвання членам Савета Рэспублікі Сяргеем РАХМАНАВЫМ завода «АДАHІ»

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы разам з сенатарам паслом Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Такунага Хірокі ацэньваў патэнцыял кампаніі, каб пазнаёміць японскіх бізнесменаў з беларускай прадукцыяй інавацыйнага тыпу.


Адзначым, што раней Сяргей Рахманаў займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Японіі, таму добра знаёмы з патэнцыялам гэтай краіны.

Кампанія «АДАHІ» створана ў 1991 годзе. Асновай прадпрыемства паслужыла навукова-даследчая лабараторыя прафесара Уладзіміра Лінева ў Белдзяржуніверсітэце. Адной з задач на той час было захаванне навукова-тэхнічнага патэнцыялу лабараторыі ва ўмовах распаду Савецкага Саюза. Разам з тым даследчык развіваў і ўласныя напрацоўкі. На сённяшні дзень кампанія працуе ў галіне медыцынскай тэхнікі, прыборабудавання, бяспекі і неразбуральнага кантролю.

«Мы пачыналі фактычна з двух відаў прадукцыі. Яна стала актуальнай і для Японіі пасля Фукусімы. Мы распрацавалі прыбор, які вымяраў утрыманне радыенуклідаў у прадуктах харчавання, аб'ектах навакольнага асяроддзя пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І на працягу некалькіх гадоў кампанія зрабіла каля пяці тысяч адзінак такога абсталявання для Беларусі, Расіі і Украіны», — расказаў генеральны дырэктар «АДАНІ» Уладзімір Лінеў.

Як падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства: на сённяшні дзень кампанія мае тры класы абсталявання: серыйнае — тое, якое было створана раней, для індывідуальнага карыстання і абсалютна новае, інавацыйнае. Ён таксама заўважыў: пры сустрэчы з замежнымі партнёрамі важна паказваць, што ў кампаніі ёсць сур'ёзныя дасягненні ў галіне высокіх тэхналогій.

«Сусветная супольнасць ідэнтыфікавала час, у якім мы сёння жывём, як стагоддзе інавацый. Гэта азначае, што сёння рынак і кампанія сфакусаваныя на стварэнне нечага новага», — паведаміў кіраўнік прадпрыемства.

Кожны год 8,5 працэнта ад абароту кампаніі інвестуецца ў распрацоўкі. Каля 460 беларускіх клінік карыстаюцца рэнтгена-дыягнастычным абсталяваннем прадпрыемства, і гэта, як запэўніваюць тут, яшчэ не мяжа.

«Нядаўна па замове Міністэрства аховы здароўя мы сталі вырабляць тамографы. Гэта абсталяванне разлічана на паліклінікі, бальніцы, прыёмныя аддзяленні, — падзяліўся Уладзімір Лінеў, — акрамя таго, каля трох мільёнаў чалавек штогод праходзяць абследаванне на нашым абсталяванні».

Свае надзеі на развіццё вытворчасці, у тым ліку міжнароднага супрацоўніцтва, выказаў і Сяргей Рахманаў.

«Хацелася б, каб у нас была кааперацыя з перадавымі краінамі ў гэтай галіне. І Японія ў гэтым сэнсе з'яўляецца фінансавым і тэхналагічным донарам. Звычайна яна разглядае партнёраў з двух пунктаў гледжання: магчымасці рынку збыту тавараў і як крыніцу сыравіны. Беларусь жа прапаноўвае трэці варыянт: каб узаемадзеянне было ў сферы інавацый для выхаду на рынкі трэціх краін. Можа быць, мы ўбачым новыя тэхналогіі ў галіне навуковых даследаванняў. Менавіта таму супрацоўніцтва з Японіяй для нас такое істотнае», — адзначыў сенатар.

Пасля невялікай экскурсіі па прадпрыемстве пасол Японіі Такунага Хірокі выказаў намер запрасіць у Беларусь японскіх бізнесменаў.

«Я ўпэўнены, што мы павінны больш ведаць аб тэхналогіях вашай краіны. Паміж намі ёсць вялікі патэнцыял, і трэба выкарыстаць яго для больш шырокага супрацоўніцтва, у тым ліку для развіцця тэхналогій, навукі і бізнесу», — падкрэсліў дыпламат.

Ганна ЮНЧЫЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?