Вы тут

«Смаленне вепрука». Версія ХХІ


Не ведаю, як для каго, а для мяне дзень сёмага лістапада (а даўней, калі хто памятае, выхадным было і восьмае чысло — «акцябрскія», як казалі ў нас у вёсцы) з дзяцінства звязаны не з дэманстрацыямі, не з фільмамі пра Леніна і рэвалюцыю, не са святочнымі канцэртамі. На «акцябрскія» штогод быў іншы клопат, да якога далучаліся ўсе сямейнікі, нават прыезджыя з горада. Напачатку лістапада ўжо звычайна добра падмарожвала нанач, апалае лісце станавілася каляным і рыпела пад нагамі, на лужынах раніцай крышыўся тонкі празрысты лёд, і краі ў яго былі тонкія і вострыя, бы на пабітай шыбе. Такое надвор'е было знакам, што аднаму з гадаванцаў, якія сыта рохкалі ў хляве, прыйшоў час скласці галаву дзеля харчовай бяспекі адной асобна ўзятай сям'і (зрэшты, дзеля гэтага яго, маленькае пісклівае парасятка, увесну з ракаўскага кірмашу ў мяшку і прывозілі, і фінал тут быў самы што ні ёсць прадказальны)...


Гэта было такой натуральнай і абавязковай часткай вясковага жыцця, як і сяўба, і сена, і капанне бульбы, таму я (уяўляю, як страпянуцца зараз абаронцы жывёл) тое свінчо, якога любіла чухаць па спіне і якому ўлетку рвала з бабуляй самую буйную макрыцу, асабліва не шкадавала. Гэта вельмі засмучала маю маму, якая баялася, што дзіця вырасце чэрствым і жорсткім. І як было ёй растлумачыць, што ўсё, што адбывалася ў той дзень на падворку ля хлява, а пасля каля хаты і ўжо ўвечары на кухні, складвалася ў дзіцячым уяўленні ў адно надзвычай цікавае, амаль чароўнае дзейства, і прычыніцца да яго — да сапраўды жорсткага, але рэальнага свету дарослых — было сапраўдным шчасцем. Да таго ж, з маленства прыходзіла разуменне, што забіваць жывое можна не дзеля пацехі, а толькі дзеля неабходнасці, калі трэба карміць сям'ю, напрыклад. Не самае шкоднае ў жыцці разуменне, якога, здаецца, сёння многім не хапае.

Тым больш што гаспадар — бацька, сам тое свінчо ніколі не забіваў. Дзеля гэтага клікалі вясковага спецыяліста — дзядзьку Івана, ён прыходзіў са сваім вострым доўгім шылам і рабіў сваю справу маланкава хутка — няшчасная ахвяра, здаралася, не паспявала нават завішчаць. Потым мужчыны з цяжкасцю клалі свінчо на спецыяльна знятыя з петляў дзеля гэткай важнай справы дзверы хлява, пакладзеныя на тоўстыя калодкі. Шыла з раны даставалі, на яго месца ўтыкалі невялікую завостраную палачку — «каб сала крывёй не заплыло». Мужчыны нейкі час корпаліся з газавымі лямпамі для смалення (іх звалі проста — машынкі), і вось ужо пачынала гудзець і выплёўваць блакітна-аранжавае блякла-імклівае полымя адна, другая, трэцяя, у паветры пахла паленай шчэццю і падсмажанай скурай, а свінчо, ужо падобнае на нерухомую васковую ляльку з бульбінай у прыадкрытым роце, пакрысе пакрывалася цёмнымі бліскучымі плямамі, пакуль усё не станавілася гладка-чорным...

Мужчыны бралі доўгія шырокія нажы і пачыналі абсмаленае саскрабаць. А жанчыны ўжо неслі з хаты гарачую ваду і анучы, і ў воблаку пары, якая падымалася ад тазоў і вёдраў, свінку пачыналі мыць, і яна зноў святлела, але была ўжо крамяна-чысценькай, аж трымцела пад анучамі... Бацька браў самы востры нож, падстаўляў вялікі таз — і ён хутка напаўняўся крывёю, якую пасля клапатліва злівалі ў трохлітровы слоік, а ў іншай пасудзіне ўжо ляжала аблавухая свіная галава. Буйны посуд быў задзейнічаны ўвесь, нават вялікія ночвы — туды клалі ўсе вантробы... Але цікавейшае пачыналася ў хаце — там ужо сквірчэла на патэльні свежына і нарэзаная буйнымі кавалкамі пячонка. Жанчыны накрывалі на стол. Пачастунак быў немудрагелісты — тое, што на патэльні, ды яшчэ шаткаваная капуста, якая да таго часу паспявала сквасіцца, ды лусты хлеба (шчыра: за ўсё жыццё мала што даводзілася каштаваць смачнейшае)... Хлопцы насілі посуд са свежыной у сенцы, пакуль накрывалася на стол, яны нават дзверы спраўляліся памыць і павесіць на месца. Яшчэ не паспяваў зашарэць ранні лістападаўскі надвячорак, а ў двары ўжо ад нядаўняй мітусні і знаку не было, заставаліся толькі цёмныя плямы на адталай зямлі, на якія тут жа зляталіся гарластыя сарокі.

А ў хаце адзначалі «капыцікі». Праўда, нядоўга — выпівалі чарку-другую і разыходзіліся, бо яшчэ было шмат спраў на вечар. Жанчыны чысцілі кішкі (бо як жа без іх зрабіць крывянку або каўбасу?) — тоўстыя — вымывалі над вядром, тонкія — акуратна, каб не парваць, выскрабалі на стале тупым бокам нажа. Мужчыны секлі на кавалкі косткі — каб улезлі ў гаршчок ці каструлю. Наразаліся дзялкі свежыны: кавалак сала, кавалак пячонкі, пару костачак. Іх разносілі суседзям і сваякам — тыя, закалоўшы сваё свінчо, таксама частавалі падобным наборам. Назаўтра рабілі каўбасы (пакуль не з'явілася спецыяльная насадка на мясарубку, якую нехта прывёз з горада, фарш сапраўды літаральна пхалі пальцам у кішку праз бляшаную трубку), варылі галавізну і вантробы на тушонку і сальцісон (у нас яго звалі трыбух), ператоплівалі ў вялікім гаршку тлушч, клалі ў кубелец і перасыпалі буйной соллю сала, салілі і, загарнуўшы ў марлю, падвешвалі на столь каля печы кавалкі кумпяка... І незаўважна для сябе ўздыхалі з палёгкай: будзе што ўкінуць у суп і на патэльню, пакласці ў ссабойку, даць студэнтам у горад. Можна спакойна сустракаць зіму...

Такое вось «Смаленне вепрука» ў мяне атрымалася. Без філасофіі, без лірычных адступленняў, без горычы, як у Міхася Стральцова. Хоць як тут яго не ўспомніць, калі ў напаўжывой вёсцы стаіць халодная, зачыненая на зіму родная хата, пахіліўся страхой да зямлі даўно ўжо пусты хлеў, а родныя людзі прыходзяць толькі ў снах ды дзіцячых успамінах. І як тут не перачытаць яшчэ раз тое горкае яго апавяданне, каб зноў лістападаўскім настылым днём сагрэцца далёкай згадкай ды прабегчы вачыма па такіх зразумелых радках: «Ёсць, на жаль, рэчы, непадуладныя нам, але ж ёсць і суцяшэнне, ёсць і надзея. У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсць таксама. О, паэт да таго ж бывае яшчэ крыху забабонным. Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць, ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг...»

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.