Вы тут

У 2017 годзе арганізацыі НАН завяршылі ўкараненне 264 сваіх распрацовак


37 з іх знайшлі практычнае прымяненне ў медыцыне і фармацыі, 28 — у аграпрамысловым комплексе краіны, 16 — у сферы біятэхналогій і гэтак далей. Аб'ём экспарту тавараў і паслуг НАН за мінулы год перавысіў 50 мільёнаў долараў. У Акадэміі навук зараз функцыянуе больш за 100 розных вытворчасцяў: толькі за два апошнія гады было створана 18 новых вытворчых і доследна-вытворчых участкаў. Напярэдадні святкавання 90-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук старшыня Прэзідыума акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ сустрэўся з журналістамі, каб падзяліцца інфармацыяй аб найбольш важных і знакавых дасягненнях беларускіх вучоных.


Сёння ў складзе НАН Беларусі працуе сем аддзяленняў навук і 115 арганізацый, дзе занята больш за 15 тысяч чалавек, у тым ліку 73 арганізацыі навуковай сферы, дзе працуюць восем тысяч даследчыкаў. Доля даследчыкаў ва ўзросце да 29 гадоў складае амаль 30 працэнтаў ад усяго складу акадэміі.

— Штогод мы прымаем 320—350 найлепшых выпускнікоў ВНУ, адбіраем найбольш таленавітую моладзь, што дазваляе нам забяспечыць нармальную ратацыю навуковага патэнцыялу, — запэўнівае Уладзімір Гусакоў. — Сярэдні ўзрост па акадэміі ў цяперашні час — 46,3 года, а яшчэ зусім нядаўна ён набліжаўся да 60 гадоў. Моладзь да 40 гадоў складае 45 працэнтаў ад усяго навуковага персаналу.

Беларускія даследчыкі могуць пахваліцца поспехамі ў многіх прыярытэтных напрамках фундаментальных даследаванняў. Так, вучоныя-фізікі прынялі ўдзел у паспяховых эксперыментах, якія пацвердзілі існаванне базона Хігса — гэта адкрыццё мае фундаментальнае значэнне для развіцця ўяўленняў аб структуры матэрыі.

Інфарматыкамі быў адкрыты новы закон размеркавання планетарных адлегласцяў у Сонечнай сістэме. Былі рэалізаваны новыя падыходы ў галіне распрацоўкі метаматэрыялаў для стварэння аптычных сістэм з нанаметровым раздзяленнем, у наналітаграфіі — для стварэння сэнсараў новага пакалення. Запуск першага айчыннага спадарожніка даў штуршок развіццю шэрагу адгалінаванняў прамысловасці, і сёння распрацоўкі беларускіх вучоных выкарыстоўваюцца ў міжнародных касмічных праектах па даследаванні Марса і Меркурыя.

На шостым кантыненце планеты поўным ходам ідзе стварэнне Беларускай антарктычнай станцыі. Уведзены ў строй ужо другі яе аб'ект. «Хачу звярнуць увагу, што гэта праца па складанасці не саступае запуску касмічных апаратаў», — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.

Прадметам гонару вучоных з'яўляецца персанальны суперкамп'ютар, які выконвае 20 трыльёнаў аперацый у секунду, а па памерах у сто разоў меншы за першапачатковы СКІФ. Шэраг даследаванняў акадэмічных навукоўцаў дазволілі атрымаць вынікі, якія маюць сусветнае прызнанне. Яны датычацца штучных алмазаў, высокаэфектыўных вітамінных прэпаратаў, хімічных і біяхімічных субстанцый, мікрабіялагічных прэпаратаў, сартоў сельскагаспадарчых раслін і іншага. Далёка за межамі Беларусі вядомы распрацоўкі вучоных у галіне лазерных і плазменных тэхналогій, аптычных і лазерных прыбораў, новых матэрыялаў з адмысловымі ўласцівасцямі, радыёэлектронікі, інфарматыкі, стварэння аўтаматызаваных сістэм кіравання і медыцынскай тэхнікі, біятэхналогій, вытворчасці лекавых сродкаў...

У якасці прыкладу Уладзімір Гусакоў прывёў распрацаваны ў Акадэміі навук прэпарат «Флударабел», прызнаны залатым стандартам у лячэнні хранічнай лімфацытарнай лейкеміі. Ён перасягае па фармацэўтычнай чысціні найлепшы нямецкі аналаг, а па кошце — у паўтара раза таннейшы. Акадэмія навук выйшла на прамысловую вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў новага пакалення, прычым гэта поўны шлях — ад атрымання субстанцыі да гатовай лекавай формы. Створаны біятэхналагічны комплекс, дзе ўжо асвоены дзясяткі найменняў біятэхналагічнай прадукцыі.

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды» аб аплаце працы навукоўцаў, Уладзімір Гусакоў канстатаваў, што яна істотна павысілася (удвая і нават утрая), асабліва ў тых навукоўцаў, якія маюць гранты і ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных праектаў. Указ Прэзідэнта № 467 пашырыў правы кіраўнікоў бюджэтных навуковых арганізацый у рэгуляванні ўзроўню аплаты работнікаў і дазволіў прывязаць іх заробкі да вынікаў навуковай дзейнасці. Напрыклад, у Інстытуце фізікі НАН ёсць вучоныя, якія атрымліваюць больш за чатыры тысячы рублёў у месяц. Зараз палова з 14 навуковых цэнтраў інстытута просіць кіраўніцтва акадэміі дазволіць павысіць тарыфныя аклады сваім супрацоўнікам на 300 працэнтаў.

Па словах старшыні Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі Андрэя ІВАНЦА, раней зарплаты маладых вучоных былі прывязаныя да стаўкі першага тарыфнага разраду, і малодшы навуковы супрацоўнік альбо яго стажор не маглі атрымліваць больш высокі заробак нават пры самай актыўнай рабоце. А цяпер з'явіліся інструменты для дыферэнцыяцыі і стымулявання, і пры ўмове ўдзелу ў тых ці іншых праектах малады спецыяліст можа атрымліваць ужо да адной тысячы рублёў у месяц з выкарыстаннем каэфіцыента ў 200 працэнтаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».