Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра новага трэнера мінскага «Дынама» і іншыя самыя прыкметныя падзеі выхадных.


1. Беларускія атлеты заваявалі дванаццаць медалёў на чэмпіянаце свету па самба ў Бухарэсце. Найбольшага поспеху дабіліся дзяўчаты — Таццяна Мацко (вагавая катэгорыя да 64 кілаграмаў) і Святлана Цімашэнка (80 кілаграмаў), якія заваявалі залатыя ўзнагароды. Адзначым, што наша жаночая зборная ў камандным заліку заняла другое месца, саступіўшы толькі зборнай Расіі. Наступны чэмпіянат свету па самба ў 2019 годзе пройдзе ў Сеуле (Рэспубліка Карэя).


2. Галоўным трэнерам хакейнага клуба «Дынама-Мінск» прызначаны Андрэй Сідарэнка, ён замяніў на гэтай пасадзе канадца Гордзі Дуаера. Нагадаем, Сідарэнка за сваю трэнерскую кар'еру працаваў з беларускімі клубамі «Цівалі», «Хімік-СКА» і «Гомель», у Расіі ён кіраваў хабараўскім «Амурам», маскоўскім «Спартаком», а таксама ўзначальваў у 2005 годзе зборную Польшчы.

Дапамагаць Андрэю Міхайлавічу ў «Дынама» будзе Андрэй Кавалёў, адзначым, што раней ён узначальваў мінскае «Дынама». Таксама ў трэнерскі штаб «зуброў» увайшоў Дзмітрый Краўчанка.

На гэтым тыдні «Дынама» правядзе тры дамашнія паядынкі на «Чыжоўка-Арэне»: учора яны згулялі з чэлябінскім «Трактарам», 14 лістапада сустрэнуцца з магнітагорскім «Металургам», а 16-га завершаць серыю з лідарам сезона ў КХЛ — екацярынбургскім «Аўтамабілістам».


3. Хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі саступілі камандзе Латвіі па булітах у фінале Кубка чатырох нацый vеlсоm з лікам 1:2. Нагадаем, падчас турніру на «Чыжоўка-Арэне» беларуская зборная абыграла Францыю — 5:2 і Славенію — 4:1.


4. Валейбалісткі «Мінчанкі» дэбютавалі ў расійскай суперлізе. У першым туры ў пяці партыях яны саступілі маскоўскаму «Дынама» — 2:3. Найбольш выніковым гульцом у складзе «Мінчанкі» стала Ганна Грышкевіч.

У другім туры чэмпіянату Расіі ў суперлізе «Мінчанка» сустрэнецца 16 лістапада ў гасцях з казанскім «Дынама», а 21 лістапада стартуе на выездзе сустрэчай з французскім «Канам» у Лізе чэмпіёнаў. Нагадаем, рашэнне аб удзеле ў суперлізе было прынята пасля мінулага паспяховага сезона для сталічнай каманды, калі мінчанкі выйшлі ў фінал Кубка ЕКВ і перамаглі ў чэмпіянаце Беларусі.

«Склад перад стартам у чэмпіянаце Расіі мог быць больш аптымальны. У Італію адправілася цэнтральная блакіруючая Анжаліка Барысевіч, на доўгі тэрмін з-за траўмы выбыла пасуючая Вольга Пальчэўская. Аднак склад у нас па-ранейшаму баявы і здольны вырашаць сур'ёзныя задачы ў чэмпіянаце Расіі і Лізе чэмпіёнаў», — адзначыў галоўны трэнер Віктар Ганчароў.


5. Згуляны матчы 28 тура ў элітным дывізіёне чэмпіянату краіны. «Гарадзея» перамагла «Дынама-Брэст» — 1:0, а сталічнае «Дынама» — «Слуцк» — 2:0, «Іслач» саступіла «Віцебску» — 0:1, а «Гомель» прайграў «Мінску» — 0:2. Футбалісты «Нёмана» і «Смалявіч» згулялі ўнічыю 1:1, матч «Тарпеда-БелАЗ» — «Прамень» застаўся без забітых мячоў — 0:0. «Тарпеда-Мінск» адолела «Дняпро» — 3:0, такім чынам, магілёўскі клуб пакідае вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі. Цэнтральны матч 28-га тура «Шахцёр» — БАТЭ перанесены на 21 лістапада.

Турнірнае становішча: БАТЭ — 69 ачкоў (27 матчаў), «Дынама» (Мінск) — 57 (28), «Віцебск» — 56 (28), «Шахцёр» — 55 (27), «Тарпеда-БелАЗ» — 51 (28), «Дынама» (Брэст) — 48 (28), «Нёман» — 40 (28), «Слуцк» — 36 (28), «Гарадзея» — 31 (28), «Мінск» — 30 (28), «Гомель» — 27 (28), «Іслач» — 27 (28), «Тарпеда» — 24 (28), «Смалявічы» — 23 (28), «Прамень» — 23 (28), «Дняпро» — 16 (28).

Перадапошні, 29-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе адбудзецца 24 лістапада.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Новы рулявы — новыя надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​