Ужо заўтра ў Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца адкрыццё выстаўкі 1918. Нараджэнне новага свету» ў межах аўтарскага праекта калекцыянера і гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага» да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. Ліхадзедаў прадставіць фотаальбом «Беларусь 1914—1918. Вайна і мір», які паказвае рэаліі Усходняга фронту вачыма германскіх салдат і салдат Расійскай імперыі.
У дні стагоддзя заканчэння аднаго з самых страшных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які шмат у чым змяніў лёсы людзей і сфарміраваў вобраз новага свету, асабліва важна прыгадаць драматычныя падзеі мінулага, знайсці ў іх вытокі ўзаемапаразумення і прымірэння. Выстаўка «1918. Нараджэнне новага свету» не толькі дасць магчымасць пазнаёміцца з каштоўным гістарычным матэрыялам, але і прадэманструе сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі «Вялікай вайны». Мінскі цэнтр распрацоўкі кампьютарных гульняў «Wargamіng» прадставіць для часовай экспазіцыі эксклюзіўныя мультымедыйныя матэрыялы, прысвечаныя бранятэхніцы Першай сусветнай вайны, у тым ліку 3D-праекцыю першага серыйнага танка «MarkІ».
На выстаўцы будуць прадстаўлены ўнікальныя артэфакты з прыватнай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, якія дазваляюць пабачыць вайну непасрэдна вачыма яе ўдзельнікаў: знакамітага нямецкага фатографа Фрыца Каўскопфа, простага афіцэра-артылерыста Гродзенскай крэпасці паручніка Конанава, вядомага мемуарыста-франтавіка Успенскага. Сярод экспанатаў — пісьмовая прылада каменданта Гродзенскай крэпасці генерала Кайгародава, унікальны каталог гістарычнай выстаўкі, арганізаванай у 1918 годзе ў Мінску нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, творы мастацтва, створаныя ў нямецкім палоне расійскімі і французскімі афіцэрамі, і шмат іншага. Куратарам праекта з'яўляецца навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксей Лесін. Выстаўка будзе працаваць да 2 снежня.
Варта дадаць, што ў сваю чаргу ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўжо працуе выстаўка «Беларусь у Вялікай вайне 1914—1918 гадоў». У гэтай экспазіцыі, прымеркаванай да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, прадстаўлены ўнікальныя экспанаты — рэдкія кнігі, газеты, часопісы, паштоўкі, ліставанне салдат, а таксама арыгінальныя пісьмовыя прылады, друкарская тэхніка, асабістыя рэчы і прадметы культу ваеннага часу.
Адметна, што гэты праект падрыхтаваны таксама сумесна з Уладзімірам Ліхадзедавым. І погляд на даўнія падзеі таксама прадстаўлены з двух бакоў: салдат Расійскай імперыі і нямецкіх вайскоўцаў. Таму практычна кожны сюжэт — будні ваеннага шпіталя ці сцэнка з акопнага жыцця — падмацаваны адпаведнымі фотаздымкамі.
На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна знайсці абноўлены віртуальны праект «Першая сусветная вайна».
Варвара ГОМАН
У Мінску ў праваслаўным храме-помніку ў гонар Усіх Святых адбылося мерапрыемства з нагоды 100-гадовага заканчэння Першай сусветнай вайны. У крыпце храма прайшлі памінальная літыя і закладка капсулы з зямлёю, прывезенай са Смаргоні. Менавіта там у час вайны адбываліся маштабныя баявыя дзеянні.
А таксама ў храме адкрылася дакументальна-гістарычная фотавыстаўка «Паветранае воінства Першай сусветнай вайны», прайшла прэзентацыя кнігі-альбома «Абеліскі памяці рускай імператарскай арміі Першай сусветнай вайны» Алены Харашэвіч і Анатоля Шаркова і перадача гістарычных рэліквій з асабістых і архіўных фондаў для музея Усіхсвяцкага храма. Мерапрыемства было падрыхтавана Беларускім культурным цэнтрам духоўнага Адраджэння з удзелам царкоўнага прыхода.
Анатоль КЛЯШЧУК
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».