Вы тут

У нас з'явяцца суперхуткія электразапраўкі


У нашай краіне плануецца ўсталяваць комплексы суперхуткай зарадкі магутнасцю да 500 кВт у гадзіну. З іх дапамогай на зарадку сучаснага электрамабіля, такога як, напрыклад, BMW і3, спатрэбіцца не больш за 10 хвілін. Прычым беларускія электразапраўкі будуць аднымі з самых магутных у свеце, гаворыцца ў сумесным паведамленні сеткі АЗС «Беларуснафта» і імпарцёра BMW і MІNІ ў Беларусі.


Суперхуткія станцыі плануецца размясціць на АЗС побач з буйнымі электрычнымі падстанцыямі. Найбольшы попыт на іх чакаюць у Мінску, абласных цэнтрах і ўздоўж асноўных магістраляў краіны. Кожны комплекс будзе ўключаць па пяць зарадных прылад, а яго сумарная магутнасць складзе каля 2 МВт. Хуткасная зарадка электрамабіля на 250 кіламетраў наступнага прабегу зойме каля 8 хвілін. Праект плануецца паэтапна рэалізаваць да 2025 года.

У Еўрасаюзе падобную сетку распрацоўвае кампанія Іоnіtу, створаная аўтагігантамі BMW, Dаіmlеr, Vоlkswаgеn і Fоrd. Электразапраўкі ўключаюць да шасці зарадных прылад, кожная — магутнасцю да 350 кВт.

Суперхуткія станцыі — сусветны трэнд у развіцці зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. «Мы збіраемся развіваць яго ў Беларусі, што дазволіць спрасціць жыццё ўладальнікам аўтамабіляў з электрарухавікамі і гібрыднымі сілавымі ўстаноўкамі. Акрамя таго, гэта павысіць цікавасць да падарожжаў па Беларусі і далей — па Еўропе, а заадно паспрыяе папулярызацыі аўтатранспарту будучыні», — лічаць у сетцы «Беларуснафта».

Многае, зрэшты, будзе залежаць ад тэмпаў развіцця рынку электрамабіляў. Як чакаецца, да 2025 года на беларускіх дарогах будзе ездзіць каля 10 тысяч электрамабіляў. Гэты кірунак плануе актыўна развіваць імпарцёр BMW і MІNІ ў Беларусі, які адкрыў першы ў краіне аўтацэнтр электрамабіляў. Сярод чаканых навінак — абноўлены электракар BMW і3 з больш ёмістай батарэяй, якая дазваляе праехаць на адной зарадцы да 360 кіламетраў. У рынку электрамабіляў вялікія перспектывы. У прыватнасці, у Нарвегіі кожны другі аўтамабіль — з электрарухавіком або гібрыдным прывадам. Мода на электракары прыходзіць і ў Беларусь, і мы разам з «Беларуснафтай» гатовыя гэтаму садзейнічаць, — адзначыў імпарцёр BMW і MІNІ.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.