Вы тут

Адна з найважнейшых якасцяў сацработніка — уменне слухаць і гаварыць


Адной з найважнейшых якасцяў становіцца ўменне сацыяльнага работніка слухаць і гаварыць

Па-ранейшаму самай галоўнай формай дапамогі адзінокім старым і тым, хто пражывае адзінока, з'яўляецца дапамога сацыяльнага работніка. Вось і Таццяна Радкевіч з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна цяпер самы чаканы наведвальнік для шасці састарэлых бабулек.


Таццяна Радкевіч з Надзеяй Іосіфаўнай Галавіной.

Самай старэйшай яе падшэфнай — Надзеі Іосіфаўне Галавіной — 91 год. Гэтая жанчына яшчэ вайну помніць, шмат гадоў адпрацавала ў калгасе. Дзеці жывуць у іншых населеных пунктах, кожны дзень не могуць праведваць маці, ды і самі немаладыя ўжо. Такім чынам да Надзеі Іосіфаўны Таццяна ходзіць дзясяты год. Кажа, што бабулька для яе ўзросту даволі жвавая і актыўная, па сваёй хатняй гаспадарцы стараецца ўпраўляцца сама, яшчэ і ў агародзе летам корпаецца. А вось ў краму зайсці, у аптэку ёй самой, вядома, цяжка. Ну і вады, дроў у хату прынесці заўсёды трэба.

А пра Вольгу Емяльянаўну Раўнейку Таццяна гаворыць з асаблівай павагай, нават з пэўным захапленнем. Кажа, што ў гэтага чалавека можна вучыцца стойкасці і аптымізму. Вясковая жанчына пахавала абаіх дзяцей, страціла здароўе. Ёй ампутавалі нагу. Другая б на яе месцы зніякавела, скісла ў бясконцым жалю да сябе. Толькі не Вольга Емяльянаўна. Яна не ператварылася ў капрызную ляжачую хворую, а навучылася ўпэўнена перасоўвацца з хадункамі. І ў свае 88 гадоў цудоўна ўпраўляецца з хатняй гаспадаркай, гатуе для сябе, мые невялікую бялізну, прыбірае.

— Кожны чалавек, якога даводзілася даглядаць, — гэта свая гісторыя, як правіла няпростая і небязвоблачная, — разважае Таццяна Радкевіч. — Да іх наведваюся два альбо тры разы на тыдзень. Яны чакаюць, і я бягу нібы да сваіх, загадзя знаю, што купіць, што зрабіць па доме. Зімой гэта нанесці дастаткова дроў, каб ацяпліць хату, вясной — правесці ўборку ў доме, дапамагчы ў двары і на агародзе. Як і ў кожнай хатняй гаспадарцы, клопаты ўзнікаюць пастаянна.

— А што самае галоўнае ў рабоце, чаго найперш чакаюць вашы падшэфныя? — цікаўлюся ў сацыяльнага работніка.

— Вядома, пагаварыць, — упэўнена адказвае яна. — Усё, што назапасілася за два ці тры дні, трэба абмеркаваць: і вясковыя, і сямейныя справы, і тое, пра што пачулі ў тэлевізары...

Бабулькі чакаюць сваю памочніцу не толькі, каб нешта прынесла, зрабіла, але і каб перамовіцца, пачуць навіны, паскардзіцца на балячкі. Таму і бачыцца галоўным для сацыяльнага работніка ўменне слухаць.

Таццяна Мікалаеўна на гэтай рабоце з 2009 года. Раней працавала паштальёнам, таксама ўвесь час даводзілася камунікаваць з людзьмі. А ўменню паспачуваць другому чалавеку вучылася ўсё жыццё, якое яе не песціла. Яна адна гадуе дзвюх дачок. Муж памёр пяць гадоў таму. Цяпер старэйшая ўжо першакурсніца, малодшая вучыцца ў дзясятым класе. Дзяўчынкі растуць памочніцамі маці і не толькі ў сваёй уласнай гаспадарцы. Калі трэба, на канікулах і бабулькам падбягуць дапамагчы.

Намеснік дырэктара Бярозаўскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Людміла МАРОЗ кажа, што Таццяна Радкевіч належыць да тых работнікаў, пра якіх можна сказаць: чалавек на сваім месцы. Два гады таму Таццяна Мікалаеўна была ўзнагароджана падзячным лістом Бярозаўскага райвыканкама. Тады яна даглядала ляжачую хворую. Хадзіла да падапечнай па тры разы на дзень, а не тройчы ў тыдзень, як патрабуе службовая інструкцыя, і наогул аднеслася як да роднага чалавека.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Бярозаўскі раён

Загаловак у газеце: Падтрымаць словам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».