Вы тут

Як ініцыятыва Паднябеснай стала сусветным трэндам


Сёлетняя восень для Кітая шмат у чым адметная. Пяць гадоў таму старшыня КНР Сі Цзіньпін абвясціў пра ключавыя прынцыпы гістарычнай ініцыятывы адраджэння Шаўковага шляху ў сучасных умовах. Гэтая крэатыўная прапанова прагучала спачатку ў Казахстане, а пасля ў Інданезіі. Тады яна падавалася хіба што прыгожым слоганам, шмат хто сумняваўся ў магчымасці практычнай рэалізацыі такога маштабнага, насамрэч транснацыянальнага праекта, які аб'яднаў усе кантыненты. Аднак час расставіў усё па месцах. Цяпер усе прапановы, вылучаныя старшынёй КНР, знайшлі ўвасабленне ў канкрэтных справах. Што неаднойчы падкрэслілі ўдзельнікі юбілейнага V Форуму супрацоўніцтва СМІ «Адзін пояс, адзін шлях», які быў арганізаваны газетай «Жэньмінь жыбаа» разам з Цэнтральным камітэтам Камуністычнай партыі Кітая і ўрадам правінцыі Хайнань. Мерапрыемствы прайшлі ў знакавым месцы — сталіцы штогадовага Азіяцкага форуму — пасёлку Боаа, што на ўсходнім узбярэжжы вострава Хайнань. Больш за 250 прадстаўнікоў з 90 краін і міжнародных арганізацый, 205 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку і прадстаўнікі з Беларусі, сабраліся ў адной зале, каб разам абмеркаваць план узаемадзеяння паміж СМІ, а таксама падзяліцца думкамі аб перспектывах глабальнага праекта. Як ініцыятыва Паднябеснай стала сусветным трэндам?


«Папяровыя» праекты

Як вядома, за апошнія дзесяцігоддзі некаторыя краіны прапаноўвалі свае канцэпцыі адраджэння Шаўковага шляху. Тут варта згадаць ідэю, агучаную яшчэ ў 1996-м японскім урадам пад назвай «Дыпламатыя Шаўковага шляху». У 1999 годзе Кангрэсам ЗША быў прыняты «Thе Sіlk Rоаd Strаtеgу Асt», які прадугледжваў узмацненне амерыканскай дапамогі краінам Цэнтральнай Азіі і Каўказа з мэтай памяншэння ўплыву Расіі ў рэгіёне. Восенню 2011-га ЗША абнавілі сваю ініцыятыву «Новага Шаўковага шляху», якая на той час была накіравана на паляпшэнне эканамічнага становішча Афганістана з-за перакідвання энергетычных рэсурсаў Цэнтральнай Азіі на поўдзень. Пасля планавалася шляхам інтэграцыі эканомік краін рэгіёна Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі (уключаючы Пакістан і Індыю) стварыць зону свабоднага гандлю, пабудаваць транспартныя шляхі і газаправоды з поўначы на поўдзень. Зрэшты, усе гэтыя ідэі засталіся толькі на паперы.

Некалькі ініцыятыў пад лозунгам «Шаўковага шляху» абвяшчалі ўрады Паўднёвай Карэі ў перыяд 2009—2013 гадоў. Усе яны мелі на мэце пракладанне шляхоў да сыравінных рэсурсаў кантынента, у прыватнасці ў Цэнтральнай Азіі, і ўзмацненне прысутнасці ў рэгіёне карэйскага бізнесу. Пасля шмат гаварылася пра тое, што Японія, Індыя, Аўстралія і ЗША сумесна будуць ствараць свой «альтэрнатыўны» Шаўковы шлях — «Калідор росту Азія—Афрыка». Як дэкларавалася, яго прынцыповым адрозненнем ад кітайскай ініцыятывы з'яўляецца тое, што ён будзе арыентаваны на раскрыццё магчымасцяў супрацоўніцтва прыватнага сектара і спрыяць прыцягненню інвестыцый на рынкі, якія развіваюцца.

Як заўважаюць эксперты, цяпер лёгка пераканацца, што ні адна з гэтых ініцыятыў не насіла ўніверсальнага характару і не мела комплекснага падыходу. Філасофія кожнага з такіх праектаў абмяжоўваецца тым, што адна ці некалькі «краін-заснавальніц» атрымаюць пэўную выгаду ад уласнага доступу да танных рэсурсаў краін, якія развіваюцца.

Пяць кірункаў

Кітайская ініцыятыва першапачаткова грунтавалася на іншых прынцыпах. Старшыня КНР у 2013 годзе адразу прапаноўваў пяць ключавых кірункаў, па якіх могуць быць рэалізаваны сумесныя праекты ў рамках ініцыятывы «Пояса і шляху». Перш за ўсё, гэта ўзмацненне палітычных кансультацый паміж краінамі. Сі Цзіньпін прапанаваў рэгулярна праводзіць падрабязны абмен думкамі па стратэгіі і тактыцы эканамічнага развіцця. Кіруючыся прынцыпам дасягнення адзінства думак пры захаванні адрозненняў і шляхам кансультацый прадукаваць праграмы і мерапрыемствы па развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва, даць «зялёнае святло» для рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі ў палітычным і прававым плане.

Таксама было прапанавана актывізаваць развіццё адзінай транспартнай сістэмы. Старшыня КНР заявіў пра гатоўнасць Кітая актыўна разглядаць з усімі краінамі ўдасканаленне адпаведнай трансгранічнай інфраструктуры на карысць паступовага стварэння такой сеткі, якая злучае Усходнюю, Заходнюю і Паўднёвую Азію. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для эканамічнага развіцця і перамяшчэння грамадзян краін рэгіёнаў свету.

Гаворка вялася і пра ўзмацненне гандлёвых сувязяў. У эканамічнай паласе Шаўковага шляху пражывае звыш трох мільярдаў чалавек, гэта велізарныя рынкі. Відавочна, што гандлёва-інвестыцыйнае супрацоўніцтва мае вялікі патэнцыял. Мэтазгодна шукаць адэкватныя схемы спрашчэння ўмоў для гандлю і інвестыцый, працаваць над ліквідацыяй гандлёвых бар'ераў, зніжэннем непатрэбных выдаткаў, павышэннем хуткасці і якасці эканамічных аперацый.

Лагічна меркавалася павелічэнне разлікаў у нацыянальных валютах. Кітай прапанаваў актыўна пераходзіць да такой схемы. Гэта пралічаны крок, паколькі пераход да нацыянальных валют пры абменах і разліках у бягучых і капітальных аперацыях здольны значна знізіць выдаткі на грашовыя аперацыі, умацаваць фінансавыя сістэмы краін, прадухіліць фінансавыя рызыкі, павысіць міжнародную канкурэнтаздольнасць рэгіянальнай эканомікі.

Яшчэ адзін важкі аргумент — узмацненне сувязяў на ўзроўні людзей. Міждзяржаўныя адносіны будуюцца на ўзаемнай дружбе народаў. Для таго каб дамагчыся поспехаў па згаданых кірунках, неабходна абавязкова мець народную падтрымку, актывізаваць дружалюбныя кантакты народаў, умацаваць паразуменне і традыцыйнае сяброўства. Такім чынам рэгіянальнае супрацоўніцтва атрымае трывалую сацыяльную і грамадскую базу.

Такімі былі прынцыповыя падыходы кітайскага кіраўніцтва пры стварэнні ініцыятывы «Пояса і шляху». «Усё праходзіць адкрыта і празрыста. Няма ніякай дамінуючай сілы, ёсць толькі раўнапраўны ўдзел усіх бакоў. Няма ніякіх цёмных спраў, ёсць толькі адкрытасць і транспарэнтнасць. Няма прынцыпу «пераможца забярэ ўсё», ёсць імкненне да ўзаемнай выгады і сумеснага выйгрышу», — так акрэсліў прынцыповыя падыходы Кітая міністр замежных спраў КНР Ван І.

Для ўвасаблення глабальных праектаў пры Дзяржаўным камітэце па развіцці і рэформе была арганізавана кіраўніцкая канцылярыя. Адкрыўся Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый. Таксама на чале з кітайскім урадам быў створаны Сумесны інвестыцыйны фонд. За пяць гадоў рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» Кітай падпісаў 103 дакументы аб супрацоўніцтве з 88 краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Сукупны гандлёвы абарот Кітая з краінамі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» перавысіў пяць трыльёнаў долараў, сукупны аб'ём інвестыцый Кітая ў краіны, ахопленыя ініцыятывай, перавысіў 70 мільярдаў долараў. Кітайскія прадпрыемствы адкрылі 75 зон гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў краінах ініцыятывы, якія забяспечылі 200 тысяч новых рабочых месцаў. Бакі сумесна выпрацавалі новую мадэль супрацоўніцтва для развіцця глабальнай эканомікі і рэгіянальнай інтэграцыі.

«Вылучаная Кітаем ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» падала важную платформу для прасоўвання міжнароднага супрацоўніцтва, прапанавала новае мысленне», — адзначаў Генсакратар ААН Антоніу Гутэрэш. Ён падкрэсліваў, што гэтая стратэгія дазволіла запусціць новыя інфраструктурныя праекты, прыцягнуць інвестыцыі ў краіны, якія развіваюцца, і знізіць беспрацоўе. «Будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» ўяўляецца ўзаемавыгадным і выйгрышным для ўсіх бакоў», — заўважыў Гутэрэш.

Без бар'ераў

Кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» накіравана на ўсеагульнае развіццё, і сёння можна ўжо казаць аб яе пераходзе на новы, больш высокі і якасны этап рэалізацыі. Такое меркаванне выказаў на форуме супрацоўніцтва СМІ кіраўнік газеты «Жэньмінь жыбаа» Лі Баашань. «Цяпер перад чалавецтвам стаяць сур'ёзныя выклікі. Эфектыўныя адказы на іх можна знайсці толькі сумеснымі намаганнямі. Нам уяўляецца, што ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» якраз можа прапанаваць мадэль рашэнняў для многіх праблем сучаснасці, садзейнічаць падтрыманню міру і пашырэнню глабальнай кааперацыі», — заявіў Лі Баашань. Па яго словах, важнай асаблівасцю гэтага маштабнага праекта з'яўляецца той факт, што ён улічвае інтарэсы краін, якія развіваюцца, а не арыентаваны выключна на вядучыя эканомікі планеты.

Гаворачы аб знешняй палітыцы Кітая, Лі Баашань падкрэсліў, што КНР за апошнія гады ўнесла значны ўклад у падтрыманне стабільнасці ў рэгіёне і свеце. «Кітай не будуе бар'еры і перашкоды для іншых краін, ён выступае супраць прымянення сілы і вітае ўзаемадзеянне ва ўсіх сферах, — заўважыў Лі Баашань. — Тут важна адзначыць, што ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» рэалізуецца ў адпаведнасці з існуючымі міжнароднымі правіламі. Не выключана, што з часам мы прыйдзем да высновы аб неабходнасці ўдасканалення міжнароднай прававой сістэмы, але гэта павінна быць натуральная эвалюцыя на аб'ектыўнай і празрыстай аснове».

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, Лі Баашань канстатаваў, што гэтае мерапрыемства з году ў год дэманструе дынаміку і знаходзіць падтрымку сярод многіх краін. «Наш форум — трывалая платформа для дыялогу СМІ. «Жэньмінь жыбаа» будзе заахвочваць міжнародны абмен і супрацоўніцтва, мы будзем імкнуцца ісці ў нагу з новымі плынямі ў галіне медыя і сферы інфармацыйных тэхналогій. Тэма інавацый заўсёды будзе ў фокусе нашых міжнародных сустрэч», — дадаў ён.

Як заўважыў член Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая Хуан Куньмін на сустрэчы з удзельнікамі форуму супрацоўніцтва СМІ, «Адзін пояс, адзін шлях», ужо ператварыўся з канцэпцыі ў дзеянне, з бачання перспектыў у рэальнасць. Ён выказаў надзею на тое, што СМІ зацікаўленых краін і рэгіёнаў будуць бесперапынна паглыбляць узаемадзеянне і актыўна распаўсюджваць інфармацыю аб ініцыятыве. Замежныя прадстаўнікі ў сваю чаргу выказалі гатоўнасць умацоўваць супрацоўніцтва паміж СМІ і тым самым унесці большы ўклад ва ўвасабленне глабальнага праекта.

Беларусь — важны партнёр Кітая ў будаўніцтве «Пояса і шляху». Гэта, дарэчы, неаднойчы падкрэсліваў старшыня КНР. «Нашым краінам варта распачаць яшчэ вялікія намаганні для ўмацавання гандлёва-інвестыцыйных адносін», — заўважыў Сі Цзіньпін. Вельмі важным тут падаецца правядзенне налета форуму «Адзін пояс, адзін шлях» на базе Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

І яшчэ. Што датычыцца менавіта ўзаемадзеяння СМІ, то паміж «Жэньмінь жыбаа» і «Звяздой» развіваецца плённае супрацоўніцтва, што замацавана ў адпаведным Мемарандуме, падпісаным рэдакцыямі. Мы рэалізуем сумесны праект, які прадстаўлены на нашых інтэрнэт-парталах (на сайце «Звязды» ён называецца «Весткі з Кітая»), а таксама на старонках выданняў. Тут адлюстроўваецца шырокая палітра жыцця Беларусі і Кітая. Адметна, што ў музеі аднаго з вядучых СМІ свету — «Жэньмінь жыбаа» адзін са стэндаў прысвечаны менавіта нашаму сумеснаму праекту.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Мінск — Боаа — Пекін — Мінск

Загаловак у газеце: Пяцігодка на пяць трыльёнаў долараў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.