Вы тут

Сёння ў Беларусі курыць каля 29,6 % насельніцтва


Сёння ў Беларусі курыць каля 29,6 % насельніцтва. Да 2020 года медыкі плануюць знізіць гэту лічбу да 24,5 %. А новыя нарматыўныя дакументы, якія ўжо распрацоўваюцца, забароняць, напрыклад, курыць на дзіцячых пляцоўках і ў салонах аўтамабіля, калі там знаходзяцца дзеці да 14 гадоў.


Калі яшчэ ў пачатку 2000-х у нашай краіне было больш за 40 % курыльшчыкаў, то зараз іх стала менш. Дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы сукупнасці мер.

— Дваццаць гадоў таму курылі ўсе — Польшча, Еўропа, мы таксама. Гэта не толькі звычка, але і мода, і стыль жыцця. Курэнне віталася, і моладзь актыўна далучалася, — кажа начальнік адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Ірына Касенка. — Зараз у многіх краінах адбыліся істотныя зрухі, нельга, напрыклад, курыць у цягніках, рэстаранах, для гэтага вылучаны асобныя месцы. Адбыліся змены і ў нас.

Паводле статыстыкі, курыльшчыкаў больш сярод сельскага насельніцтва (54 %), чым сярод гарадскога (43,3 %). Прычым курыць амаль палова ўсяго мужчынскага насельніцтва — 48,4 %, і усяго 12,6 % жанчын. Кожны трэці курыльшчык на працягу апошняга года робіць спробы пазбавіцца ад шкоднай звычкі.

Цяпер вытворчасць, абарот і ўжыванне тытунёвых вырабаў рэгулюе Дэкрэт Прэзідэнта № 28. Але ў хуткім часе ён будзе заменены новым, які праходзіць зараз працэдуру ўзгаднення. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Вікторыя Спяранская, там з'явяцца істотныя новаўвядзенні, у прыватнасці, дэкрэт будзе рэгуляваць абарот электронных сістэм курэння і новых тытунёвых вырабаў. Калі зараз дакументам не прадугледжаны ўстановы і месцы, дзе курэнне забаронена цалкам (заўсёды для гэтага вылучаныя адпаведныя месцы), то ў новым дэкрэце яны з'явяцца. Курэнне таксама забароняць на дзіцячых пляцоўках і ў салонах аўтамабіляў, калі там знаходзяцца дзеці да 14 гадоў.

Курэнне павялічвае рызыку захварэць найперш на рак. У прыватнасці, у таго, хто выкурвае больш за пачак цыгарэт у дзень, імавернасць анкалагічных хвароб узрастае ў 10 разоў.

— Я працую ў анкалогіі 40 гадоў, і сёння мы ведаем, наколькі ўзаемазвязана курэнне і рак, — падкрэсліла Ірына Касенка. — Прычым уплывае яно не толькі на лёгкія. Курэнне закранае многія органы і сістэмы — губы і ротавую поласць, дыхальныя шляхі, стрававод, страўнік, падстраўнікавую залозу, печань, ныркі, мачавыводныя шляхі. Усе яны ўцягнуты ў вывядзенне прадуктаў курэння, якія ўсмоктваюцца нават у кроў і могуць выклікаць рак крыві. Як анколаг-гінеколаг па спецыялізацыі, магу сказаць, што курэнне можа выклікаць нават рак шыйкі маткі ў жанчын. Шкодныя прадукты назапашваюцца ў слізістай, яна становіцца больш прыступнай для хваробы.

Пагрозу для арганізма нясе не толькі нікацін, але і прадукты няпоўнага згарання. Падчас курэння чалавек атрымлівае дозы разнастайных шкодных рэчываў, у прыватнасці сінільнай кіслаты, мыш'яку і нават радыеактыўнага палонію.

— Выкурваючы пачак цыгарэт у дзень, чалавек атрымлівае 1/40 смяротнай дозы сінільнай кіслаты. Уявіце, што адбываецца з курыльшчыкам дзень за днём, — звярнула ўвагу спецыяліст.

Ірына Касенка паведаміла, што 10 мільёнам чалавек у свеце штогод упершыню ставіцца дыягназ «рак», 6 мільёнаў з іх памірае. Паводле прагнозаў медыкаў, у 2020 годзе колькасць захварэлых на рак павялічыцца ўдвая — да 20 мільёнаў, з іх больш за палову загіне.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Курэнне ў лічбах і фактах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?