Вы тут

Што зменіцца ў сістэме падрыхтоўкі кадраў


Пра тое, што Нацыянальная сістэма кваліфікацый патрабуе ўдасканалення, размовы вядуцца ўжо даўно. «Навучанне традыцыйнымі метадамі моцна адстае ад рэальных патрэб эканомікі. Сёння работадаўца атрымлівае спецыяліста, якога часта даводзіцца давучваць», — выказаўся першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ. Прычынай дысбалансу попыту і прапановы рабочай сілы ён назваў недастатковую ўзгодненасць сферы адукацыйных паслуг і рынку працы.


Таму 24 кастрычніка гэтага года пастановай Савета Міністраў была зацверджана Стратэгія ўдасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Яна будзе рэалізоўвацца ў два этапы. На першым (з 2018-га да 2020 года) будзе сфарміравана заканадаўчая база і праведзена арганізацыйная работа па ўкараненні новых элементаў сістэмы кваліфікацый. На другім этапе (з 2021-га да 2025 года) гэтыя новыя элементы ўкараняць у сферу працы і адукацыі, распрацуюць Нацыянальную рамку кваліфікацый, сфарміруюць сістэму незалежнай ацэнкі кваліфікацыі і сертыфікацыі. Каардынаваць усю дзейнасць будзе спецыяльны савет пры Савеце Міністраў.

Механізм наступны. Пры ведамствах створаць сектаральныя саветы, куды ўвойдуць і спецыялісты органаў дзяржкіравання, і прадстаўнікі перадавых прадпрыемстваў, прафесійных аб'яднанняў (такія саветы ўжо ёсць пры Дзяржаўным камітэце па маёмасці, адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, міністэрствах эканомікі, прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва). Яны будуць распрацоўваць праекты прафесійных стандартаў на пэўныя віды дзейнасці, якія палічаць перспектыўнымі і найбольш запатрабаванымі. Потым іх зацвярджае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а Мінадукацыі на іх падставе распрацоўвае адукацыйныя стандарты для падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў.

— Для сістэмы прафесійнага навучання гэта надзвычай важна. У адрозненне ад акадэмічнай вышэйшай адукацыі, дзе большую ролю іграюць фундаментальныя веды, прыкладныя кваліфікацыі завязаны непасрэдна на тэхналогіях, выкананні задач у рамках сучасных вытворчасцяў. Гэтыя патрабаванні павінны знаходзіць адлюстраванне ў прафесійных стандартах, дзе праз апісанне відаў дзейнасці, функцый можна ўбачыць, да чаго рыхтаваць будучага спецыяліста, — адзначае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ.

Найбольшы разрыў паміж навучальнымі праграмамі і патрэбамі рынку працы назіраецца ў сферах, якія хутка развіваюцца, — ІТ, робататэхніка, лагістыка. Але, заўважае Валерый Галубоўскі, ёсць прыклады і на ўзроўні звычайных рабочых прафесій. Так, сучасны зваршчык павінен умець праграмаваць робататэхнічныя комплексы. Таму найбольш прарыўныя прадпрыемствы павінны вызначаць патрабаванні, якія пакладуць у аснову сістэмы падрыхтоўкі кадраў.

Яшчэ адзін важны момант датычыцца нефармальнай адукацыі. Яна таксама будзе мець вагу пры ўладкаванні на работу. Створаць незалежны орган, які будзе ацэньваць навыкі чалавека па пэўнай спецыялізацыі і выдаваць сертыфікат. Напрыклад, калі вы самастойна навучыліся класці печ ці асвоілі праграмаванне на анлайн-курсах, то, паспяхова здаўшы экзамен у гэтым незалежным органе, вы атрымаеце афіцыйны дакумент, які пацвердзіць вашу кваліфікацыю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.