Вы тут

Вечнае каханне ў пасляваеннай Польшчы


У пракаце ідзе “Халодная вайна” і ад яе нельга адарвацца

Гэта можна глядзець бясконца. Прыгажосць і трагізм у кожным плане фільма “Халодная вайна” польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскі становяцца найлепшым напамінам, што кіно — усё ж такі мастацтва. Карціна адкрыцця кінафестывалю “Лістапад”, вылучаная ад Польшчы на суісканне прэміі “Оскар” як найлепшы фільм на замежнай мове, ад аўтара, твор якога — “Іда” — ужо з’яўляецца ўладальнікам “Оскара”, зараз ідзе на вялікіх экранах. Гісторыю безумоўнага кахання на фоне гістарычных зломаў рэжысёр прысвяціў сваім бацькам. Напэўна, за здольнасць расказаць аб вялікіх падзеях праз прыватнае жыццё так, каб ад гэтага відовішча яшчэ і займала дух, Павел Паўлікоўскі атрымаў узнагароду Канскага кінафестывалю за найлепшую рэжысуру.


Дзеянне адбываецца ў пасляваеннай Польшчы — камуністычная ідэалогія, дыктат партыі, оды Сталіну, мары аб лепшым жыцці за мяжой, арышты за здраду радзіме. Фальклорны калектыў з яго мастацкім кіраўніком Віктарам (ролю выканаў Томаш Кот) шукаюць таленты і сярод іншых знаходзяць вельмі хваткую дзяўчыну з нешчаслівай вясковай сям’і Зулю (Яана Куліг). На праслухоўванні яна з акцэнтам праспявала песню з фільма “Вясёлыя рабяты” — папулярнай у тыя часы карціны любімчыка Іосіфа Сталіна Рыгора Аляксандрава, якую, відаць, пракатывалі па Польшчы.

Літаральна з гэтай хвіліны і зачараванага позірка інтэлігента Віктара пачынаецца доўгая і драматычная гісторыя кахання, якую Павел Паўлікоўскі пункцірам працягнуў праз Варшаву, Берлін, Парыж, Белград і паўтара дзесяцігоддзя польскай гісторыі (польскай, нават калі дзеянне адбываецца далёка ад яе).

Гэта ўвогуле вельмі ўдзячны метад — расказваць пра глабальнае праз асабістыя гісторыі. Віктар і жанчына яго жыцця Зуля то сыходзіліся, то разыходзіліся, бо не было для іх кахання ні ўмоў, ні спакою і нельга было надоўга затрымацца ні ў Варшаве, ні ў Парыжы, ні недзе яшчэ. Як водзіцца, не толькі наваколле — непрыладжанае да вечнага кахання ва ўтульным доміку, але і самі героі, як усе людзі, схільныя да страсцей, што правакуе аплявухі, сваркі, здрады і чарговыя расставанні.

Важна не толькі, як Віктар і Зуля стасуюцца паміж сабой, але і якія ў іх адносіны з афіцыйнай часткай жыцця краіны. Тонкая душа інтэлігентнага аматара джазу не вытрымлівае прымусу дырыжыраваць фальклорным калектывам, які спявае песню пра Сталіна, і збягае за мяжу, клічучы Зулю за сабой. Тая ж наадварот баіцца невядомасці замежжа і застаецца ў Польшчы, каб падладзіцца пад яе ўмовы і больш за тое, несці свята з сабой.

Кожны з галоўных герояў апроч іх неабвержнага кахання мае іншае жыццё — кар’еру, запісы, жанчын і мужоў, але ўсё гэта аддаецца на закланне толькі аднаму пачуццю, з якім Віктар і Зуля прыходзяць у закінуты праз камуністычную ідэалогію каталіцкі храм, каб абвясціць сябе мужам і жонкай да канца жыцця. Калі канец жыцця ўжо не за гарамі.

“Халодная вайна”, як і карціна “Іда”, знятая ў чорна-белых колерах, што, па-першае, зроблена вельмі па-эстэцку, а па-другое, пасуе пахмурным часам, адзначаным неабходнасцю карыстацца першай магчымасцю, каб збегчы ў заходні Берлін. Застаўся і нетыповы для сённяшняга шырокафарматнага кіно квадратны фармат экрана, і той жа аператар Лукаш Зал, уласна які і робіць неверагоднай прыгажосці ракурсы і абыходзіць з камерай вакол Зулі, пакуль тая са смуткам спявае ўжо ўсім вядомую песню “Dwa serduszka, cztery oczy”.

“Халодная вайна” — адзін з найлепшых сучасных фільмаў, што расказвае пра камуністычнае мінулае. Без націскаў, падкрэсліванняў і спекуляцый Павел Паўлікоўскі дазавана і вельмі тактоўна паказаў супярэчнасці часу. Бо на першы план вывеў трагічную прыватную гісторыю, і толькі праз яе — умяшанне Сталіна, партыі, СССР, ідэалогіі, артыкула за здраду радзіме і нетаропкае крочанне Польшчы да лепшай будучыні. Пятнаццаць гадоў адчайнага жадання жыць і кахаць абярнуліся на экране немагчымасцю ні першага, ні другога — у суправаджэнні цудоўнага саўндтрэка, гучных страсцей, пустых вуліц Парыжа і самотных вачэй Яаны Куліг ад гэтага пункціра немагчыма адарвацца.

Карціна паказваецца ў “Ракеце” з субтытрамі да 21 лістапада, у сетцы “Silver Screen” — да 24 лістапада, у “Піянеры” і Falcon Club Буцік Кіно — да 28 лістапада.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».