Вы тут

Беларусь і Азербайджан гатовыя сумесна асвойваць рынкі трэціх краін


Пасля сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана ў фармаце "сам-насам" адбыліся перамовы ў пашыраным фармаце.


У пачатку кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе краіны адзначылі дваццаціпяцігоддзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. На яго думку, да гэтай даты бакі падышлі з годнымі вынікамі.

"За чвэрць стагоддзя двухбаковы дыялог набыў стратэгічны характар, — адзначыў беларускі лідар. — Высокі ўзровень міждзяржаўнага даверу не выпадковы. У яго аснове — даўнія традыцыі дружбы беларускага і азербайджанскага народаў. Гэта дазваляе ў канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць нават самыя складаныя пытанні".

Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусь настроена на сістэмнае і доўгачасовае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Нягледзячы на станоўчую дынаміку тавараабароту з Азербайджанам, яго аб'ёмы далёкія ад аптымальных. "Мы бачым патэнцыял для іх павелічэння", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзякуючы падабенству поглядаў з Ільхамам Аліевым на развіццё эканомікі закладзена аснова для шырокай вытворчай кааперацыі. Дарэчы, годны прыклад такой працы прадэманстравалі флагманы беларускага машынабудавання — МТЗ і МАЗ, а таксама Гянджынскі аўтамабільны завод. У Гянджы ужо сабраныя больш за дзесяць тысяч трактароў і тры з паловай тысячы адзінак аўтамабільнай тэхнікі.

"Сёння мы гатовыя прыступіць да прынцыпова новага этапу супрацоўніцтва — сумеснага асвойвання рынкаў трэціх краін. Некалі мы пра гэта толькі марылі. У высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца праект выпуску трактароў у Турцыі з удзелам Мінскага і Гянджынскага заводаў. Менавіта за падобнымі ініцыятывамі будучыня, на іх трэба рабіць акцэнт", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, ёсць перспектывы па такіх напрамках, як пастаўка і зборка ў Азербайджане электрабусаў, ліфтаў, збожжаўборачных камбайнаў і іншай сельгастэхнікі.

Паводле яго слоў, калі ламаецца камбайн амерыканскай або нямецкай вытворчасці, то трэба плаціць вельмі вялікія грошы за запчасткі, таму і было прынята рашэнне аб вытворчасці ўласных камбайнаў у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь гатова арганізаваць сумесную вытворчасць гэтай тэхнікі ў Азербайджане. І працаваць менавіта на трэція краіны, дзе ёсць высокая патрэба.

Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу на аграрную сферу: і тут неабходна пашыраць кантакты, павялічваць узаемныя пастаўкі харчавання. Беларуская малочная, мясная і рыбная прадукцыя, кандытарскія вырабы карыстаюцца попытам у азербайджанскага спажыўца.

Міжнародны гандаль — гэта дарога з двухбаковым рухам, таму ёсць зацікаўленасць у павелічэнні прысутнасці азербайджанскіх тавараў на беларускім рынку, падкрэсліў Лукашэнка. Ён адзначыў, што Гандлёвы дом Азербайджана ў Мінску — гэта будучыня і перспектыва, паколькі попыт на іх прадукцыю вельмі вялікі. "Вітаю ў сувязі з гэтым адкрыццё ў Мінску ў мінулым годзе Гандлёвага дома Азербайджана. Дадзенаму праекту мы аказваем максімальнае садзейнічанне і маем намер далей падтрымліваць прапановы па збалансаваным росце тавараабароту", — сказаў беларускі лідар.

Нядаўна ў Турцыі азербайджанскі бок пабудаваў нафтаперапрацоўчы комплекс. "Будзем рады прыходу азербайджанскіх інвестараў у Беларусь і гатовыя да сур'ёзнага ўзаемадзеяння ў стратэгічных галінах. У цяперашні час абмяркоўваецца магчымасць інвестыцый Дзяржнафтакампаніі Азербайджана ў мадэрнізацыю "Гродна Азот".

Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць значны рэзерв у транспартна-лагістычнай сферы. Напрыклад, у чыгуначных зносінах, у тым ліку ў рамках стварэння міжнароднага транспартнага калідора "Поўнач-Поўдзень" і ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху".

Перспектыўным ён назваў стварэнне сумесных прадпрыемстваў у фармацэўтыцы, а таксама каардынацыю намаганняў у сферы інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, навукі, культуры. "Мы настроены працягваць падрыхтоўку кадраў для Азербайджана, пры тым у патрэбным для вас аб'ёме па любых спецыяльнасцях, якія вам будуць патрэбныя. У тым ліку навучанне вашых ратавальнікаў ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі", — сказаў ён.

Традыцыйна цесныя і актыўныя двухбаковыя кантакты падтрымліваюцца паміж супрацоўнікамі праваахоўных структур, органаў сацыяльнай абароны, агракомплексу, сфер сувязі і інфарматызацыі. "Падрыхтаваныя да падпісання пагадненні зробяць наша супрацоўніцтва яшчэ больш эфектыўным", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама Прэзідэнт ад імя ўсёй нашай краіны падзякаваў кансультантам з Азербайджана, якія супрацоўнічаюць з Дырэкцыяй Другіх Еўрапейскіх гульняў, Міністэрству моладзі і спорту і асабіста міністру Азаду Рагімаву за прафесійную дапамогу і падтрымку ў пытаннях арганізацыі гульняў у 2019 годзе. Беларускі лідар запрасіў усіх прысутных наведаць гэтае мерапрыемства.

"Азербайджан для нас быў і застаецца надзейным стратэгічным партнёрам. Мы высока цэнім нашу дружбу і гатовы таксама шчыра і адкрыта садзейнічаць прасоўванню інтарэсаў Азербайджана ў цэнтры Еўропы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Азербайджана адзначыў, што Беларусь развіваецца дынамічна і эфектыўна. Адным з галоўных напрамкаў супрацоўніцтва стане ўзаемадзеянне ў транспартнай сферы, дадаў ён. Што тычыцца правядзення будучых Еўрапейскіх гульняў, Прэзідэнт Азербайджана выказаў упэўненасць, што створаная спартыўная інфраструктура, умовы для пражывання гасцей, а таксама высокі ўзровень арганізацыі міжнародных мерапрыемстваў у цэлым будуць спрыяць таму, што спаборніцтвы пройдуць на вельмі высокім узроўні.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».