Вы тут

У Мінску выбралі беларускую прадстаўніцу на конкурсе «Місіс свету»


На мінулым тыдні званне самай прыгожай замужняй беларускі атрымала 31-гадовая мінчанка Кацярына Саковіч — прынамсі, яна перамагла ў беларускім этапе конкурсу «Місіс свету». Менавіта Кацярына прадставіць нашу краіну ў студзені 2019 года ў Шаньчжэні (Кітай), дзе пройдзе фінал міжнароднага шоу. Тытул першай віцэ-місіс атрымала мадэль Таццяна Рынейская, другой віцэ-місіс журы назвала Хрысціну Машчанку-Кучынскую.


Фота: mrswоrld.bу

Першапачаткова арганізатары нацыянальнага адбору, які ўзначаліла дырэктар Mrs. Bеlаrus Wоrld і ўладальніца тытула «Другая віцэ-міс свету — 2017» Дар'я Рэут, самі запрасілі на закрыты кастынг прэтэндэнтак, якія адпавядалі ўмовам конкурсу. Акрамя таго, прымаліся да разгляду і заяўкі, якія жанчыны адправілі самастойна. Сярод крытэрыяў — статус замужняй жанчыны, узрост ад 18 да 47 гадоў (адгадайце з аднаго разу, ці шмат канкурсантак знаходзілася каля верхняй узроставай планкі), беларускае грамадзянства, актыўная жыццёвая і грамадская пазіцыя, пажаданае валоданне англійскай мовай, «дзеці вітаюцца» (даслоўная цытата з сайта конкурсу). У выніку з амаль сотні кандыдатур выбралі толькі 16 удзельніц, якія прайшлі ў фінал. На гэтым шляху патэнцыйных «місіс» чакаў шэраг дадатковых выпрабаванняў: дэфіле, фотасесія, кулінарнае спаборніцтва «сэндвіч-батл», паэтычны турнір, рэстаранны этыкет, дзе, у прыватнасці, трэба было прадэманстраваць правільную падачу ікры і шампанскага. Акрамя таго, у абавязковым парадку прыгажуні распрацоўвалі і прадстаўлялі свае сацыяльныя праекты, якія ацэньвалі «Міс свету — 2017 на інваліднай калясцы» Аляксандра Чычыкава і прадстаўніца міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Ротары Клуб Рэнесанс Інтэрнэшнл» Марына Харытонава.

Што да фіналу нацыянальнага адбору, то на ім канкурсанткі дэманстравалі вячэрнія ўборы, дызайнерскія сукенкі і купальнікі — апошняе крыху нечакана, бо ўсё часцей арганізатары міжнародных конкурсаў прыгажосці наогул выключаюць з праграмы гэта дэфіле. Толькі шасцёра фіналістак дайшлі да «інтэлектуальнага этапу» і прайшлі бліц-інтэрв'ю з журы — напрыклад, расказалі на рускай і англійскай мове, хто ў геаграфічным сэнсе, а хто ў пачуццёвым, дзе знаходзіцца Беларусь, якая страва для любімай сям'і ў іх атрымліваецца лепш за ўсё, расказалі пра свае любімыя фільмы і жаночыя вобразы, якія ім хацелася б увасобіць...

Па выніках дэфіле і гутаркі суддзі — рэстаратар Вадзім Пракоп'еў, дызайнер Іван Айплатаў, супермадэль Кацярына Даманькова, мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер, а таксама партнёры конкурсу — і вызначылі пераможцу. Карону і галоўны прыз — паездку за кошт арганізатараў на міжнародны конкурс Mrs Wоrld, які пройдзе ў Кітаі, прысудзілі 31-гадовай Кацярыне Саковіч. Яна не толькі шчаслівая замужняя жанчына і мама, але таксама арганізатар мерапрыемстваў, журналіст і яшчэ крыху актрыса, якая марыць далей рэалізаваць сябе ў тэатры і кіно. Кацярыну ўхвалілі за добрую англійскую і ўменне прадставіць сябе, да таго ж выклікаў цікавасць і яе сацыяльны праект — дзіцячы тэатр, у якім разам з прафесійнымі акцёрамі будуць удзельнічаць выхаванцы дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў.

«Мяне перапаўняюць эмоцыі, пачуццё захаплення, якое немагчыма перадаць на сто працэнтаў! Гэта вельмі адказны тытул, і я пастараюся зрабіць усё ад мяне залежнае, каб годна прадставіць Беларусь на сусветным узроўні», — падзялілася ўражаннямі пераможца адразу пасля конкурсу.

«Місіс свету» — міжнародны форум самых прыгожых, абаяльных і сацыяльна актыўных замужніх жанчын, якія могуць служыць узорам для іншых і настроены змяняць свет да лепшага. Гэты конкурс з'явіўся на падмурку аналагічнага турніру замужніх прыгажунь «Місіс Амерыка» ў 1983 годзе. Летась на «Місіс свету» найлепшай з 40 удзельніц з розных краін свету стала прадстаўніца Ганконга Эліс Лі Джыянета.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Замужнія і сацыяльна актыўныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.