Вы тут

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне


Адным з самых яскравых момантаў свята стала шэсце найлепшых аграрыяў Гродзеншчыны. Іх працу сімвалізаваў важкі каравай, за якім рухалася ўся вялікая калона прадстаўнікоў 17 раёнаў вобласці. На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. На кірмашы ён быў прадстаўлены ў выглядзе трохметровага кошыка, які напоўнілі збожжам прадстаўнікі дэлегацый рэгіёна. Дажыначны каравай прыняў ад гаспадароў свята старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён адзначыў, што аграрыі поўнасцю ўбралі ўсё з палёў і з годнасцю вытрымалі экзамен, які ім «арганізавала» надвор'е.


— Мы не толькі забяспечылі нашу харчовую бяспеку, але і заклалі аснову для будучага ўраджаю, — падкрэсліў губернатар. — Нам даводзіцца працаваць у зоне рызыкоўнага земляробства, таму павінны быць гатовы да такіх кліматычных перападаў. Зараз важна разлічваць на новыя, інавацыйныя тэхналогіі і правільна іх выкарыстоўваць. Спецыялістаў у аграрнай галіне Гродзеншчыны дастаткова.

Дарэчы, у сельскай гаспадарцы працуе кожны трэці з занятых у эканоміцы рэгіёна. Работнікі АПК забяспечваюць 15 % валавога рэгіянальнага прадукту, а з улікам занятых у перапрацоўцы — каля 40 %.

Сёлета ў вобласці намалацілі 1 мільён 150 тысяч тон збожжавых і зернебабовых. У пяці гаспадарках ураджайнасць перавысіла 65 цэнтнераў з гектара. Найлепшым у абласным спаборніцтве на ўборцы стаў Гродзенскі раён. Ён таксама выйшаў у лідары і ў галіне жывёлагадоўлі.

— Тая частка каравая, якую Гродзеншчына прынесла краіне, сведчыць, што хлебаробы спрацавалі на высокім узроўні, — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла. — Такія раёны, як Гродзенскі, Карэліцкі, Шчучынскі, займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў краіне. Гродзенцы змаглі ўтрымаць станоўчую дынаміку па вытворчасці малака і мяса. На 255 новых малочнатаварных фермах вырабляецца 77 % малака — гэта самы высокі паказчык у краіне.

Падарункам раёну з рук міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя ХудыкА сталі два электрамабілі, якія закуплены ў рамках праекта праграмы Глабальнага экалагічнага фонду па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Транспартныя сродкі перададуць раённай бальніцы і цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У раёне ёсць і першая зарадная станцыя, якая паклала пачатак стварэнню інфраструктуры для запраўкі электрычнага транспарту ў раёне.

І гэта далёка не ўсе прыемныя моманты для раёна, які сёлета стаў сталіцай абласных «Дажынак». Значныя змены адбыліся ў самім вобліку горада. Толькі аднаго плота адрамантавана і заменена больш за 20 кіламетраў. Добраўпарадкавана амаль 30 кіламетраў вуліц. Адноўлены фасады амаль 300 індывідуальных жылых дамоў і 120 аб'ектаў, у тым ліку Дома культуры. Уведзены новы школьны стадыён, на будаўніцтва якога было выдаткавана 640 тысяч рублёў. На ім, дарэчы, увесь фестывальны дзень праходзіла культурна-спартыўная «Сельская эстафета». Яшчэ 425 тысяч рублёў накіравалі на капітальны рамонт Іўеўскай сярэдняй школы. Таксама быў адноўлены мост цераз рэчку Іўянку, а на ўзбярэжжы з'явілася каля 20 скульптур. Гэта — падарунак гаспадарам «Дажынак» ад кожнага раёна. Тут з'явіліся скульптуры ў выглядзе залатой рыбкі, русалкі, вялізнага сома, уладара падводнага царства і многіх іншых, аб'яднаных воднай тэматыкай.

Адноўлены гарадскі сквер закаханых. Тут усталявана лаўка ў выглядзе сэрца і «вырасла» каванае дрэва. Першы замочак на ім пакінула сям'я маладых спецыялістаў Вікторыі і Дзмітрыя Куцеляў, для якіх гэта свята стала яшчэ і асабістым — яны пажаніліся і атрымалі віншаванне ад гарадскіх і абласных улад, а ў якасці падарунка — сертыфікат на арэндную кватэру ў новай шматпавярхоўцы.

Дарэчы, нагодаў для весялосці хапала ўсім, хто прыйшоў на цэнтральную плошчу Іўя. З усіх бакоў чуваць было спевы, вясёлыя заклікі гаспадароў падворкаў. Імправізаваную сельскагаспадарчую выстаўку дасягненняў прадставіў кожны раён Гродзеншчыны. Напрыклад, Іўе вядома як край памідораў. Іх тут пачалі вырошчваць пяць стагоддзяў таму, калі ў гэтых мясцінах пасяліліся татары. І зараз на Іўеўшчыне агародніцтва шырока распаўсюджана.

Гаспадыняй Астравецкага падворка стала кукуруза. Гасцей частавалі пірагамі па мясцовых рэцэптах. А ашмянцы зрабілі дзівосную інсталяцыю з батонаў у выглядзе двухметровага коласа. Гаспадары прапанавалі змалоць збожжа як у старажытнасці ці зляпіць з салёнага цеста фігурку. Была тут і малочная краіна, і мядовая, і яблычная, і бульбяная... Усё, чым славіцца Гродзеншчына. А для наведвальнікаў «смачныя» кампазіцыі сталі каларытнымі фотазонамі.

Добрым сюрпрызам для сельскіх працаўнікоў стала выстаўка тэхнікі МТЗ. Тут можна было ўбачыць і трактар года, які стаў найлепшым на спецыялізаванай выстаўцы ў Расіі і нават атрымаў тытул «Містар трактар». Дарэчы, яскравае свята доўжылася ўвесь дзень. На пляцоўках выступілі творчыя калектывы з усіх раёнаў Гродзеншчыны, абласной філармоніі. Аграрыяў рэгіёна павіншавалі і вядомыя беларускія артысты. На кірмашы выступілі ансамблі «Песняры» і «Дразды».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?