Вы тут

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»


Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга міжнароднага дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне-2018» — па суме галасавання прафесійнага журы і гледачоў вызначыцца, хто з рэкорднай колькасці ўдзельнікаў павязе дадому галоўную ўзнагароду. А мо ніхто не павязе, і хрустальны мікрафон застанецца ў нашай краіне — калі ўдача будзе на баку прадстаўніка Беларусі  Даніэля Ястрэмскага. Напярэдадні фінальнага шоу «Звязда» прапануе бліжэй пазнаёміцца з усімі 20 канкурсантамі і даведацца, аб чым іхнія песні.


1. Украіна

Дарыне Краснавецкай сёлета споўнілася 11 гадоў, пяць з якіх яна займаецца вакалам, захапляецца танцамі, любіць маляваць і граць на піяніна. Выпускніца ўкраінскага шоу «Голас. Дзеці» спяе песню з не самай дзіцячай назвай «Скажы любоў», літаральна ў рупар заклікаючы дарослых ва ўсім свеце адмовіцца ад вайны і аб'яднацца дзеля светлага пачуцця любові.

2. Партугалія

Рыце Ларанжэйра — 13 гадоў,  ёй падабаецца займацца музыкай і ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах. Песня «Gosto de Tudo» («Мне ўсё даспадобы») — гэткі гімн сацыяльных сетак. Гераіня яго, як многія падлеткі — чалавек настрою, і то ў яе ўсё цудоўна, то хочацца паставіць усім «дызлайк» і больш нічога не выкладваць у сеціва.

3. Казахстан

Данэлія Туляшова за свае 12 гадоў паспела перамагчы ва ўкраінскім шоу «Голас. Дзеці» і атрымаць прыз глядацкіх сімпатый на «Новай хвалі», а сёлета атрымала адну з прэстыжных музычных прэмій у Расіі. Песня Данэліі «Seize the time» («Не ўпусці час») — пра тое, што неабходна не ўпусціць цудоўны час дзяцінства для таго, каб верыць у сябе, марыць, жыць з першай спробы і цаніць кожны дзень.

4. Албанія

Самая юная ўдзельніца сёлетняга конкурсу — 10-гадовая Эфцімія Джыка — выходзіць на сцэну ў пяшчотнай ружовай сукенцы, выконвае песню «Барбі», і не спрачаецца з вядучымі, якія сцвярджаюць, што гэта яе любімая лялька. Хаця ў тэксце, між іншым, утрымліваецца цалкам іншая думка: «Чаму ты называеш мяне Барбі? Я ў цэлым разумная дзяўчына!».

5. Расія

Ураджэнка Барнаула Ганна Філіпчук вучыцца ў акадэміі Ігара Крутога, сама піша песні і мае вялікі сцэнічны вопыт. На конкурсе яна прапануе суддзям і гледачам песню «Непераможныя», у якой даслоўна гаворыцца: «Ты можаш быць кім захочаш, прыдумваць свой сюжэт... Проста слухай сэрца, проста будзь сабой — і ведай, мы непераможныя».

6. Нідэрланды

Дуэт з 14-гадовых выканаўцаў Макса Альбертацы і Ане Бурэ прывёз на «Еўрабачанне» песню «Samen» («Разам») — яна пра каштоўнасць і важнасць сяброўства, пра тое, што нават шэрае неба становіцца сінім, калі ты ўзгадваеш пра сяброў — і не важна, якая паміж вамі адлегласць.

7. Азербайджан

Мініяцюрная Фідан Гусейнава якраз у гэту суботу адзначыць 13-ы дзень нараджэння. У спісе яе дасягненняў — 3-е месца на дзіцячым конкурсе Сан-Рэма, сур'ёзныя заняткі шахматамі і дуэтнае выступленне са сваёй улюбёнай спявачкай Ларай Фабіян. Песня Фідан «I Wanna Be Like You» («Я хачу быць такой, як Вы»), мяркуючы па ўсім, якраз і адрасавана сцэнічнаму куміру.

8. Беларусь

Даніэль Алекс Ястрэмскі (такое поўнае імя 14-гадовага выканаўцы) ужо спрабаваў свае сілы на «Новай хвале», праектах «Голас. Дзеці» і «Украіна мае талент», але сам прызнаецца, што галоўнае яго дасягненне — прадставіць Беларусь у дзіцячым «Еўрабачанні». Песня «Time», акрамя творчага, мае і матэрыяльнае адлюстраванне (дызайнерскія футболкі і спецыяльная серыя гадзіннікаў з надпісам «Час падкажа»), напісаная моднымі маладымі аўтарамі і расказвае ад імя маладых беларусаў, што мы жывем у адзін час і на адной хвалі з усім светам.

9. Ірландыя

14-гадовы Тэйлар Гінс відавочна забаўляецца, калі незнаёмцы спрабуюць дагадацца па нефармальным знешнім выглядзе, хлопец перад імі або дзяўчынка. На «Еўрабачанне» падлетак прабіўся з трэцяй спробы, затое ў яго кліпе зняліся пераможца «Еўрабачання-1993» Ніў Кавана і сёлетні прадстаўнік Ірландыі на дарослым шоу Раян О'Шонесі, а песня «I.O.U» — адна з самых хайповых на сёлетнім конкурсе — утрымлівае пасыл «Я люблю сваю любоў, люблю вас усіх» і бясконца паўтарае загалоўныя тры літары.

10. Сербія

13-гадовая спявачка з Белграда летась трапіла ў суперфінал сербскага тэлешоу «Ружовыя зоркі», а сёлета выпусціла свой першы сінгл. Песня Баяны Радаванавіч «Свет» — пра тое, што свет адзіны для ўсіх, і каб выбраць у ім правільны шлях, трэба мець чыстае сэрца, поўнае любові.

11. Італія

14-гадовы Марка Боні і 10-гадовая Меліса дзі Паска называюць сябе братам і сястрой у музыцы. Марка выйграў — толькі ўявіце — ужо больш за 25 міжнародных конкурсаў, уключаючы дзіцячы фестываль Сан-Рэма! Дуэтам яны прадстаўляюць песню «Што такое любоў?», дзе без аніякіх падтэкстаў і разважаюць, як пазнаць пачуцце і атрымаць «адказ, які сэрца ўжо ведае».

12. Аўстралія

Джаэль Уена 12 гадоў, яна ніколі раней не выязджала за межы зялёнага кантынента, а таму не стамляецца расказваць усім, як яе ўразіў упершыню ў жыцці ўбачаны снег, і захапляцца беларускімі краявідамі, выкладваючы ў сацыяльных сетках кадры з Мінска. Кампазіцыя 12-гадовай артысткі называецца «Чэмпіён», і — вы правільна здагадаліся, яна пра тое, што ніколі нельга здавацца, бо сіла ўнутры кожнага з нас.

13. Грузія

Ураджэнцы Тбілісі Тамар Эдзілашвілі — 13 гадоў, яна ўдзельніца грузінскага музычнага шоу «X Factor». У фінале конкурсу дзяўчына выканае песню «Your Voice» («Твой голас») — пра тое, як важна слухаць голас уласнага сэрца, каб іншыя пачулі цябе. «І калі хтосьці не верыць вам, і калі хтосьці не разумее — паспрабуйце яшчэ раз», — мудра раіць юная спявачка.

14. Ізраіль

13-гадовы Ноам Дадон у сябе на радзіме — асоба медыйная: ён выступае на сцэне, удзельнічае ў тэлешоу і вядзе свой папулярны відэаблог. На «Еўрабачанні» ён спявае на іўрыце і выконвае вельмі дарослую песню «Дзеці, як гэтыя», у якой ёсць і ноткі настальгіі па дзяцінстве, якое хутка праходзіць, і заклік да ўсіх заставацца ў душы дзецьмі.

15. Францыя

Анжэлін Нава — пераможца дзіцячай версіі французскага шоу «Голас» і адна з фаварытак сёлетняга конкурсу. У яе песні Jamais Sans Toi («Ніколі без цябе») ёсць практычна ўсе складовыя поспеху: запамінальная мелодыя, адмысловыя танцавальныя рухі, яркі рэквізіт і забаўны фінал, і наогул гэта вельмі ўдалае прызнанне ў любові да блізкіх людзей.

16. Македонія

«Сум, страх, страта, сям'я, шчасце» — гэтыя словы праецыруюцца на экран падчас выступлення 13-гадовай Марыі Спасоўскай. Насамрэч песня дзяўчыны, якая ўжо знаёмая беларускім гледачам па «Славянскім базары ў Віцебску» (летась Марыя заняла 3-е месца на дзіцячым конкурсе)  называецца «Дом». І яна пра тое, як добра радавацца снегу, калі ты дзіця і ты ў доме — цёплым, утульным, сваім.

17. Арменія

12-гадовы Левон Галсцян мае ў актыве ўдзел у расійскім шоу «Голас. Дзеці» і «Новай хвалі», а ў фінале дзіцячага «Еўрабачання» спяе песню... імя сябе. «L.E.V.O.N» — гэта не толькі завадная музыка, але і адмысловы танец, рухам якога хлопец вучыць усіх жадаючых: «Песня — маё сэрца, мой танец — мая душа».

18. Уэльс

Яшчэ адна дэбютантка дзіцячага «Еўрабачання», 13-гадовая актрыса і спявачка Манв Лілі Робін выканае экалагічна-музычны заклік берагчы навакольны свет і клапаціцца пра прыроду — «Perta». «Я заўважаю, што ёсць больш важныя рэчы, чым усе нашы патрэбы», — гаворыць дзяўчына ў песні.

19. Мальта

Эла Мангон у свае 12 гадоў ужо прайшла сцэнічную загартоўку на «Новай хвалі» і міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў у Берліне. Цяперашняя яе песня «Marchin'On» («Маршыруючы») — заклікае ўсіх аб'яднацца ў вялікую армію, каб зруйнаваць існуючыя паміж людзьмі сцены.

20. Польшча

13-гадовая Раксана Венгель — пераможца польскага шоу «Голас. Дзеці» і папулярны блогер. Песня «Anyone I Want To Be» («Я хачу быць любой») — пра тое, што кожны з нас мусіць быць рулявым свайго лёсу і атрымліваць задавальненне ад жыцця, якое ніколі не бывае толькі чорным ці толькі белым.

Такім чынам, у фінальным гала-канцэрце дзіцячага «Еўрабачання» ў Мінску гледачы ўбачаць і пачуюць выступленні 14 спявачак, 4 выканаўцаў-хлопцаў і 2 зборныя дуэты. Хто з іх акажацца самым яркім і пераканаўчым, і здолее скарыць сэрцы не толькі публікі, але і міжнароднага прафесійнага журы з 20 краін? Разгадка ужо ў гэту нядзелю, 25 лістапада!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і junioreurovision.tv.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.