Вы тут

Як авіятэхнік-дзяўчына абслугоўвае самалёты


У кампаніі «Белавія» Вольга Венская працуе чатыры гады. Гэта невысокая зграбная дзяўчына мяняе маторы, фільтры, масла. Яе рэдка можна ўбачыць з манікюрам, а ў тэлефоне няма ніводнага фота з самалётам: навошта, калі кожны працоўны дзень бачыш іх вельмі блізка?


Самалёты Вольга палюбіла ў 16 гадоў — пасля скачка з парашутам. На аванцюру падбіла сяброўка — дзяўчына пагадзілася пайсці з ёй за кампанію. Праўда, думала, што абмяжуецца толькі заняткамі, а як справа дойдзе да самога скачка, пастаіць збоку, бо баялася вышыні. «Калі села ў самалёт, сказалі, што зваротнага шляху няма: спусцішся толькі з парашутам», — з усмешкай успамінае Вольга. Скакала яна, дарэчы, тройчы — з вышыні 800 і 1000 метраў. Прызнаецца, што першы раз аказаўся самы просты, бо не ведаеш, чаго чакаць. А вось на трэці было страшна: пакуль дзяўчына ўзнімалася ў паветра на самалёце, дрыжалі калені.

Пасля школы мінчанка хацела паступаць вучыцца на лётчыка, але ў ваенную акадэмію не прайшла па здароўі. Тады выбрала ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў». У сваёй групе Вольга была адзінай дзяўчынай.

— Дыскамфорту сярод хлопцаў я не адчувала, бо ў дзяцінстве праводзіла канікулы ў бабулі разам з братамі, — дзеліцца яна.

Вучоба давалася нескладана. «Калі ёсць жаданне, то ўсё атрымаецца. А калі няма — будзеш хадзіць і скардзіцца, якія дрэнныя выкладчыкі», — жартуе суразмоўніца.

Выбар месца працы ў авіятэхнікаў у нашай краіне невялікі: аэраклубы, Мінскі і Аршанскі авіярамонтныя заводы, кампанія «Трансавіяэкспарт», якая займаецца грузавымі перавозкамі. Вольга па размеркаванні трапіла ў «Белавія»: вельмі хацела менавіта туды.

Разам з ёй у змене працуе чалавек 20. Усе мужчыны.

— Не ведаю, як калектыў паставіўся, калі я прыйшла. Напэўна, пахіхіквалі: «Дзяўчо вырашыла круціць гайкі, што з яе ўзяць». Але асабіста мне нічога крыўднага ніхто не казаў. Цяпер ужо давяраюць.

Вольга расказвае, што авіятэхнікаў-навічкоў чакае выпрабаванне багажным аддзяленнем. Маладых спецыялістаў адпраўляюць туды клеіць стыкі панеляў спецыяльнай гермастужкай, якая не прапускае паветра. Работа вельмі нязручная: адсек невысокі і даводзіцца поўзаць на каленках.

Допуск на самастойнае абслугоўванне самалётаў дзяўчына атрымала не адразу — для гэтага трэба было прайсці дадатковыя курсы. Вучоба і стажыроўка займаюць каля двух месяцаў, і допуск выдаецца не на ўвесь авіяпарк, а на асобную мадэль. Вольга ўжо асвоіла Bоеіng 737 Сlаssіс і Еmbrаеr 175 і 195.

У ангар на рамонт самалёты трапляюць не абавязкова пасля паломкі. Часцей гэта планавае тэхабслугоўванне. Так, Bоеіng 737 Сlаssіс адпраўляюць да тэхнікаў у ангар пасля 250 гадзін налёту. Адна з самых частых работ — замена колаў: з-за інтэнсіўнасці выкарыстання яны хутка зношваюцца. Праўда, Вольга колы, а таксама тормаз не мяняе, бо яны вельмі цяжкія (нават не кожнаму мужчыну хапае сіл зрабіць гэта аднаму).

«Тэхагляд» паветранага судна можа заняць некалькі дзён і нават цэлы месяц. Напрыклад, калі праводзіцца с-сhесk (від абслугоўвання), самалёт практычна цалкам разбіраюць. «Першы раз рабіць гэта было вельмі цікава. Заходзіш у салон — а там толькі «шкілет». Нячаста такое можна ўбачыць», —
дзеліцца ўражаннямі Вольга.

Цікава, а як сябе адчувае авіятэхнік на борце самалёта ў палёце? Надзейна, адказвае дзяўчына. Толькі бывае непрыемна бачыць, як іншыя пасажыры неахайна паводзяць сябе ў салоне: паламаныя рамяні бяспекі і столікі потым давядзецца рамантаваць ёй з калегамі.

Калі Вольга расказвае пра працу, часам задумваецца, як пэўныя агрэгаты называюцца на рускай мове: прасцей па-англійску, бо ўся дакументацыя вядзецца менавіта на гэтай мове.

Абнаўляць веды пра тэхніку трэба пастаянна. Перыядычна праводзяцца курсы па авіяцыйнай бяспецы, чалавечым фактары. А калі спецыяліст перапыняе стаж работы на год, то пасля яму нанова давядзецца пацвярджаць сваё пасведчанне, каб атрымаць права самастойна абслугоўваць самалёты.

Што патрэбна, каб стаць авіятэхнікам? Вольга адзначае, што галоўнае — інтарэс да прафесіі і мэтанакіраванасць:

— Калі я вучылася, мне казалі: «Ды не будзеш ты працаваць з тэхнікай, пасадзяць за паперкі». Трэба не звяртаць увагі на гэта і проста ісці да сваёй мэты.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.