Вы тут

Як спартсменка стала паслом Юнацкіх Алімпійскіх гульняў


Анастасія Лесік — былая спартсменка, яна дзевяць гадоў аддала гарналыжнаму спорту. Яе першы візіт на Юнацкія Алімпійскія гульні ў Інсбрук у 2012 годзе быў звязаны менавіта з ім. Дзяўчына прыняла ўдзел у спаборніцтвах у слаламе і заняла там 17-е месца. Аднак, пакінуўшы прафесійны спорт, Насця не захацела развітвацца з алімпійскім рухам і знайшла сябе ў новай ролі.


Перад Юнацкімі Алімпійскімі гульнямі 2016 года ў Лілехамеры Нацыянальны алімпійскі камітэт прапанаваў Анастасіі паспрабаваць сябе ў якасці маладога пасла. «Гэта неверагодна ўзрадавала, — дзеліцца Анастасія. — Паколькі я ўжо ўдзельнічала ў Юнацкіх Алімпійскіх гульнях, разумела маштаб турніру, заставалася толькі паглыбіцца ў свае службовыя абавязкі. Аказалася, гэта ўсё вельмі цікава». Пасада маладога пасла, хутчэй, абавязвае стаць старэйшым сябрам для юных спартсменаў. «Рабяты ў 14—16 гадоў і так дастаткова закрытыя з-за ўзросту, а тут яшчэ і спаборніцтвы такога маштабу. Наша задача — дапамагчы ім раскрыцца, правільна настроіцца. Словам, зрабіць усё магчымае, каб ад Гульняў у іх засталіся толькі добрыя ўражанні», — расказвае суразмоўніца.

На Юнацкіх Алімпійскіх гульнях кожная дзяржава прадстаўляе свайго пасла. Такім чынам арганізацыйны камітэт імкнецца аб'яднаць спартсменаў з розных краін, сфарміраваць дух алімпійскага руху з дапамогай іх сумеснага ўдзелу ў розных мерапрыемствах, арганізацыя якіх і ўскладаецца на плечы маладых паслоў. «Можна сказаць, што я з'яўляюся сувязным звяном паміж культурна-адукацыйнай праграмай Міжнароднага алімпійскага камітэта, якую распрацоўваюць спецыяльна для Юнацкіх Алімпійскіх гульняў, і рабятамі. Гэтая праграма скіравана на стасункі, знаёмства з іншымі ўдзельнікамі, праходжанне розных квізаў ад антыдопінгавага агенцтва, арганізацыю сустрэч з алімпійскімі чэмпіёнамі», — дадае гераіня. За тры месяцы да пачатку Гульняў з маладымі пасламі праводзяць розныя трэнінгі на тэмы аб'яднання і пераадолення сваіх страхаў.

Вопыт Лілехамера не стаў для Анастасіі адзіным, сёлета яна павезла беларускіх спартсменаў у Аргенціну, ужо на летнія Юнацкія Алімпійскія гульні. «Са спартсменамі я знаходжуся побач 24 гадзіны ў суткі, таму зразумела, што многае заўважаю: іх перажыванні, страхі. Падчас спаборніцтваў таксама ўвесь час з імі. Нават калі рабяты выступаюць адначасова ў розных месцах, я стараюся паспець усюды, пабыць і падтрымаць абсалютна кожнага. Таму што падтрымка — вельмі важная. Неадкладна рэагую, калі ў іх нешта здараецца. А мой козыр у тым, што я сама была на іх месцы і не па чутках ведаю ўсё, што адчуваюць яны», — расказвае Насця.

У вольны ад «пасольскай дзейнасці» час Насця Лесік займаецца трэнерскай працай — вучыць дзяцей гарналыжнаму спорту. Як прызнаецца дзяўчына, усё гэта дае ёй натхненне і энергію.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».