Вы тут

Вытворцы дзіцячага харчавання асвойваюць новыя віды прадукцыі


Вытворцы дзіцячага харчавання асвойваюць новыя віды імпартазамяшчальнай і канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат і задумваўся ў далёкія 50-я гады мінулага стагоддзя як прадпрыемства з інавацыйным відам вытворчасці. Тады ў самым паўднёвым горадзе Брэстчыны сталі выпускаць 1000 тон сушанай бульбы ў год. Заадно асвойвалі выпуск розных кансерваў і сокаў. І калі ў канцы 60-х гадоў маларытчане выпусцілі пробную партыю маркоўнага соку, гэта быў першы падобны прадукт у краіне. Менавіта за маркоўны сок яго вытворцы былі ўзнагароджаныя пераходным чырвоным сцягам ЦК КПСС, што засведчыла сапраўдную працоўную і тэхналагічную перамогу.


Ра­бот­ні­ца Га­лі­на ЧЭР­НІК.

Галоўны тэхнолаг цяперашняга ААТ Валянціна ГРЫГАРУК гаворыць, што атрымаць натуральны сок з морквы і цяпер даволі складаны працэс. Куды лягчэй выціснуць сок з яблыка, слівы, ягады. Але ж прадпрыемства трымае марку. Тым больш што абсалютную большасць прадукцыі камбіната цяпер складае дзіцячае харчаванне. Больш за 130 відаў сокаў, нектараў, пюрэ пад гандлёвай маркай «Таптунок» становяцца пазнавальнымі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Зафіксавана ўжо некалькі выпадкаў падробак. Яно і не дзіва.

Маларыцкія дзіцячыя сокі і пюрэ ў 250-грамовых слоічках памятаюць мамы, якія ў 80—90-х гадах гадавалі дзяцей. З той пары вытворцы карыснай прадукцыі правялі некалькі этапаў мадэрнізацыі. Першыя маштабныя інвестыцыі былі ўкладзеныя ў рэканструкцыю ў 2005 годзе. Тады сушыльны цэх перавялі поўнасцю на новыя рэйкі. Сушаная бульба перастала быць актуальнай на рынку. А яе аграмадны цэх перапрафілявалі пад кансервы для дзіцячага харчавання. Паставілі найноўшае для таго часу абсталяванне, укаранілі перадавыя тэхналогіі.

— З той пары імкнёмся ісці ў нагу з часам, — расказвае дырэктар прадпрыемства Юрый ВІТРУК. — Апошняе прадугледжвае ўкладанне інвестыцый і стварэнне інавацыйных вытворчасцяў. Тры гады таму камбінат асвоіў выпуск дзіцячага харчавання ў сучаснай гнуткай упакоўцы з камбінаваных матэрыялаў. Гэтыя пакецікі з сімпатычным мядзведзікам на ўпакоўцы зручна браць у паездку альбо на вуліцу. На італьянскае абсталяванне для названай лініі затрачаны немалыя грошы. Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» інвеставаў 23 працэнты сродкаў, 28 працэнтаў — Брэсцкі аблвыканкам, астатнія 49 працэнтаў склалі крэдыты.

Фінансавыя ўліванні сябе апраўдваюць. Да інавацыйнай маларыцкай смакаты, якая вырабляецца без кансервантаў, фарбавальнікаў, араматызатараў і нават без цукру, цікавасць праяўляюць не толькі беларускія спажыўцы. Прадукцыя ідзе на экспарт у Расію, пробныя партыя адпраўлены сёлета ў Казахстан, Кітай, Украіну.

Словам, цяпер мы маем прадпрыемства ў райцэнтры, якое паспяхова функцыянуе і развіваецца дзякуючы найперш інвестыцыям, укладзеным у мадэрнізацыю. Для Маларыты кансерваваагароднінасушыльны камбінат — горадаўтваральнае прадпрыемства, якое сёлета за 10 месяцаў зарабіла на экспарце тры з паловай мільёны долараў. Гэта таксама 200 работнікаў невялікага райцэнтра, якія, напрыклад, у кастрычніку мелі 946 рублёў сярэдняй зарплаты і поўны сацыяльны пакет.

На камбінаце карпатліва працуюць над пашырэннем рынкаў збыту. Маркетолагі прадпрымаюць новыя крокі па прасоўванні інавацыйнай прадукцыі. Так, напрыклад, да гнуткіх пакецікаў прыдумалі рознакаляровыя накрыўкі па адпаведнасці складу пюрэ. Да яблычных пюрэ ідуць зялёныя накрыўкі, да персікавых — аранжавыя, бананавых — жоўтыя, малінавых — чырвоныя. З гэтых накрывак можна складваць цацачныя кампазіцыі накшталт лега. І дзецям гэта падабаецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Інвестыцыі для інавацый, або Грошы для Таптунка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».